Выбрать главу
1976
* * *
— Дзе завязваюцца ветры, Тыя, Што прыносяць буру У чалавечую душу? — У пустынях адзіноты.
1976
* * *
Ненавіджу святочныя дні, І таму Свята жадаю ўсім, хто мне дораг: Паэту, Чый затоены смутак Збірае пяшчотна людзей Пад сузор'ямі вершаў, Каб адчулі яны адзінства сваё І збавіліся адзіноты; Суседу — Маўкліваму столяру — Які ўсё жыццё Ювелірна Камень халодны новых кватэр Устаўляе ў аправу цёплую З бярозы, сасны і яліны, Каб помнілі навасёлы Пра сувязь карэння і кроны; Сябру маленства майго — Трактарысту — Рудому ад сонца і ветру, Быццам камяк палескай зямлі, Добраахвотна падданаму і ўладару Бяссоннай турботы — Сеяць; І яшчэ, І яшчэ, І яшчэ, — Іх многа, хто мне дарагі І хто ведае гэта, І таму пералік не патрэбен, — Жадаю сапраўднага свята: Каб любою парою года Чырвоная лічба У душы распускалася ўзнёсла Дрэўцам маёвым, І зялёнаю моваю ўся істота Узрушана сцвердзіла: Падзяляю Агульную радасць быцця!
1977
* * *
Дзе твае межы, дабрата? (3 крывёю повязі ірвуцца...) Своечасова б забрытаць, Каб злом табе не абярнуцца...
Каб шчодрасць годная твая Не стала дробязнай апекай, З якою робіцца ўтрая І пуста й душна чалавеку.
Ён паспрабуе ўсё прыняць, Даць усяму сваё найменне, Ды не даруе, дабрыня, Спагадлівага прыніжэння.
1977
* * *
...I прыпасе нялёткае імгненне: Зноў змрочна, глуха. А ты не маеш права на сумненне, На стому духу.
Не маеш права ты ў нявер'і горкім Шукаць прычалу, — Не прабачаюць здраду нашы зоркі, Не прабачаюць.
1977
* * *
Цуд не бывае нечаканы, Не спраўдзіцца яму раптоўна: Жаданы пасля ночы ранак, З карэньчыка ідуць бутоны.
Зялёнай клеткай хларафілу Завяжацца першапрычына, — Хай выстарчыць бунтоўнай сілы Зрабіць рэальнасцю магчымасць!..
А хто не меў тут дачынення, Слязы ні ўсмешкі не патраціў, Той цудам назаве здзяйсненне... Была ж, як выклік, праца. Праца!
1977
* * *
Ловяць далягляд гады імклівыя, — Таямнічы, непазбежны дар... Чалавек адно датуль шчаслівы, Покуль сам умее шчасце даць.
І адвеку будні нашы ўпарта Цвердзяць, новы беручы рубеж: Дай нам, лёс, таго, чаго мы вартыя, Каб не здрадзіць нам самім сабе.
1977
* * *
Хто вас прымаў калі, парады: «Будзь асцярожней, тут асцюк»? Удзячна колкаму жыццю, Што выхварэла гэту праўду: Там сэрцу засень адшукаць, Дзе сонца смаліць без патолі. ...I каласуе маё поле Пад горным знакам васілька.
1977