Выбрать главу
І лёталі разгублена стрыжы Над скамянелай постаццю Жанчыны, Замерлай Над надзеяю сваёй, Заўжды такою кволай І жывучай, Цяпер Імгненна гэтак Бездыханнай; Хапіла Аднаго аблічча той, Каго калісь кахаў Яе каханы, — Падчас Знішчальней смерці Хараство... А той, Хто для загубленай надзеі Ужо адным ёй існаваннем быў Уладаром вады Жывой і мёртвай, Не ведаў, Што Забойства Адбылося...
1976
ЗНІЧКА
Дыпціх
1
Адны вучоныя сцвярджаюць: Не ў дваццаць першае стагоддзе, А ў пацяпленне на планеце Няўхільна чалавецтва йдзе.
А беззаганныя машыны Адначасова і бясстрасна Вучоным іншым памагаюць Зямлі вылічваць халады.
I, каб не стыць у адзіноце, Мы так стараемся наблізіць Да нашае планеты Зоркі.
А людзям усё роўна золка, Так часта безнадзейна золка.
2
І ты мне зорку абяцаў, І падарыў яе ў шуканні Цяпла спагады і любові.
І ў нас адліжнела на сэрцы, Бо мы не ведалі яшчэ, Што зорка тая наша — Знічка.
Цяпер жа, ведаючы ўсё Пра справядлівасць нашай знічкі, Не хочам ведаць анічога, І ў страху перад халадамі Зноў прагнем зоркі — Сэрца друга.
1977
БЕЗ ЦЯБЕ
А мне ўсё лепей без цябе. Працую — не гарую. Спакойнай сіле не слабець — Магу звярнуць гару я.
Бясплённа дзень не праміне, На мары не патрачу. Смяюся, калі смешна мне, А плачацца — не плачу.
Так, мне ўсё лепей без цябе. Жніво наспела ў часе. Ні тлуму, ні трывог цяпер. ...I ні хвіліны шчасця.
1977
* * *
Абступіце мяне, людзі, атачыце, Ні на міг не выпускайце з свайго кола: Ваша тлумнасць неабходна, як ніколі, Каб забыць мне, што цвітуць валошкі ў жыце. Каб не помніць, каб не слухаць, каб не бачыць Сінім-сінія і свята, і гаркоту, Каб мінальнай іх не прагнуць мне спякоты З безразважнаю адвагаю дзіцячай. Не праходзіць для душы беспакарана Логікі і пачуцця несумяшчальнасць. — Ды цнатліва, і банальна, й незвычайна Перапёлку з васільком вянчае ранак! Абступіце мяне, справы, атачыце, Ні на міг не выпускайце з свайго кола: Ваша ўлада неабходна, як ніколі, Каб не помніць, што крычаць валошкі ў жыце...
1977
БЯЗЛАДНАЯ РАЗМОВА
Пагаварыць з табою трэба мне, А я пакутна падбіраю словы: Зусім дзяўчынка ты ў маіх вачах, А я ў тваіх чытаю столькі болю...
Як недарэчна, што душы мудрэць, Мужнець ёй толькі ад рубцоў уласных І раны, што скрывавілі мяне, Цябе не ўберагуць ад ран тваіх.
Паслухай, сёння, калі што й скажу І прыгадаю пачуццё, якое Абразай падсякалі, як з абрэза, Не думай, што цябе хачу суцешыць Падобнасцю людскіх перажыванняў: Не ўсцешыла б мяне бяда чужая, Хай і ў мінулым гэтая бяда.
Цяпер, калі па валасах маіх Усё натхнёней чыркае галубка Крылом з'інела-белым, Я хачу Упэўніцца, ці гэтак, бы ў юнацтве, Да новых ран маё гатова сэрца...
1977
* * *
«Прапашчы чалавек!..» — І адкаснуцца, З недаравальнасцю напагатоў, Уласнай цнотаю прыстойналюбца Надзейна асланіцца, як шчытом?