Выбрать главу
...Ні прасторы галавакружнай, Ні зор. Смяецца над загародкамі Стыхія.
V На ўзморы туман беспрасветна-густы, Аж сонцу на неба не ўзбіцца. Замкнёны рашуча на ключ залаты Чаканні, каторым не збыцца. І кінуты ключ залаты у ваду, У горкую продань марскую. І зманьвай не зманьвай цяпер — не прыйду, Гукай не гукай — не пачую...
VI Не да мора прыбеглі сосны — З мора выбеглі свет паглядзець. У трывозе за лёс людзей Зелянеюць яны і сохнуць.
VII Хвалюецца салёная разлога, Дзень, як бурштын, хаваючы на дне. Усё ўспамінам стане, і дарогу Перамяце, засыпле ранні снег.
А ўдома загудзе на ветры голле, У волкай цемры цяжка зашуміць — І уваскрэсне, І падкоціцца да горла: Стрывожанае мора, Дзюны. Мы...
11-18.07.1975 Дубулты

ЗА СПАТКАНАЕ ШЧАСЦЕ…

* * *
За сялом палавеюць жыты, Росна песня дзявочая ўзносіцца: «Твой пярсцёнак, ды твой залаты, Мне на ручаньку правую просіцца...»
На свае нам пацэліць кругі — Непрамая дарога, няблізкая. Дар сярэбраны, дар дарагі На маёй ды на левай паблісквае.
Ад Расстання да Стрэчы ляцець: Два прыстанкі ўвабралі прычалы ўсе. ...Над ваколлем трымціць залацень Жыта й песні, яна — не канчалася б!..
Пасярод наступальнай слаты Так раптова надарыцца просінцу! «Твой пярсцёнак, ды твой залаты, Мне на ручаньку правую просіцца...»
1977
ТЫ
Быў. І не было. Пры выпадковых, Неназолістых спатканнях зрэдзь Бестурботна ападалі словы З доляю ні радаваць, ні грэць.
Быў. І не было. Не бачна воку, Як карэнне дастае з зямлі Над ільдамі, камянямі сокі, Каб у дрэва песню лета ўліць.
Дзёрзка выбухнула лістота — Твая пяшчота.
Што яна шукала ў маім лёсе? Сцверджання? Бунтоўнай праваты? Што шукала — ці знайсці ўдалося?
Быў. І не было. І раптам — Ты!..
1976
ГАЛЬФСТРЫМ
Раскавана дыхае Гальфстрым!.. I, як там, дзе шчодрыя пасаты Дотыкам да вычарнелых дрэў Квеценню абсыпалі сукі — Бачу я, як расцвітаюць людзі Лепшымі галінамі душы! Бо к табе, адзінаму на свеце, Вырваўшыся з даўкай нематы, Як Гальфстрым з Фларыдскае пратокі, Цяжка, безаглядна, як Гальфстрым, Хлынула к табе маё каханне. Хто ты мне? Нашто ты мне? Чаму Аддзяліць цябе ўжо немагчыма Ад жыцця майго, Як немагчыма Ад зямлі нябёсы аддзяліць? Ды хіба пытаюць у Гальфстрыма Пра ягоны выбар акіяна, Пра ягоны выбар берагоў... Ён бурліць — і адступаюць айсбергі, І ў далонях шыраты паўночнай Дарам найвышэйшай справядлівасці Фарбы поўдня дзёрзка раскашуюць! Ці ж не чуеш ты І ці ж не бачыш, Што— да недаўмення — перавернуты Свет сцюдзёных, непрытульных вод, Што ўжо незваротна-новы свет Явай непаўторнаю пануе?! Не змаўчы маўчаннем таго вострава, Дзе Гальфстрым знаходзіць сваю гібель — ...I ўсё роўна рвецца да яго!
1972
* * *

Паводле Маі Львовіч