Архіепіскап Ральф усміхнуўся.
— Я цябе разумею. Але, ці бачыш, сабор жа святога Пятра не царква. He такая, як іншыя цэрквы. Гэта галоўны рымскі храм. Помню, я сам не вельмі хутка да яго прывык.
Хлопчык кіўнуў, паказаўшы, што чуў, але чакаў не гэтых слоў.
— Я хацеў памаліцца па дзвюх рэчах, — сказаў ён.
— Па тым, што цябе палохае?
— Ага. Я думаў, у саборы святога Пятра мая малітва будзе пачутая.
— Чаго ж ты баішся, Ліан?
— Што мяне палічаць за яўрэя і што мой полк усё-такі пашлюць у Расію.
— Разумею. He дзіва, што табе страшна. А цябе напраўду могуць прыняць за яўрэя?
— Ды вы паглядзіце на мяне! — проста сказаў хлопчык. — Калі мяне запісвалі ў армію, сказалі, трэба будзе ўсё праверыць. Я не ведаю, ці могуць яны праверыць, але манашкі ў прытулку, можа, пра мяне што-небудзь такое ведаюць, а мне не гаварылі.
— Калі і ведаюць, дык нікому не скажуць, — супакоіў архіепіскап. — Яны зразумеюць, чаму ў іх пытаюцца.
— Вы праўда гэтак думаеце? Ой, каб даў бог!
— А цябе вельмі бянтэжыць, што ў тваіх жылах, можа, цячэ яўрэйская кроў?
— Якая ў мяне там кроў, гэта ўсё роўна. Я нарадзіўся немцам, вось што важна.
— Але ў вас на гэта глядзяць іначай, праўда?
— Праўда.
— А што наконт Расіі? Напэўна цяпер ужо няма чаго баяцца, што твой полк пашлюць у Расію. Вы ж у Рыме, зусім у другім баку.
— Сёння раніцаю я чуў, наш камандзір гаварыў, можа, нас усё-такі туды адправяць. Там справы ідуць не вельмі добра.
— Ты яшчэ дзіця, — рэзка сказаў архіепіскап Ральф. — Табе месца ў школе.
— Я ўсё роўна болей у школу не хадзіў бы, — з усмешкаю запярэчыў хлопчык. — Мне ўжо шаснаццаць, я цяпер працаваў бы. — Ён уздыхнуў. — А добра было б яшчэ пахадзіць у школу. Вучыцца — гэта вельмі важна.
Архіепіскап коратка засмяяўся, потым устаў і наліў сабе і хлопчыку яшчэ віна.
— He звяртай на мяне ўвагі, Ліан. Я гавару лухту. Проста розныя думкі прыходзяць у галаву. Гэта ў мяне такая гадзіна — на розныя думкі. Няўдаленькі з мяне гаспадар, га?
— He, вы нічога, — сказаў хлопчык.
— Добра. — Архіепіскап зноў сеў у крэсла. — Ну, дык растлумач, што ты за чалавек, Ліан Мёрлінг Хартгейм.
Дзіўная гордасць адбілася на амаль дзіцячым твары.
— Я немец і католік. Я хачу, каб Германія стала краінаю, дзе за нацыянальнасць і веру нікога не ўціскаюць, і калі я застануся жывы, я з усяе сілы буду гэтага дамагацца.
— Я буду маліцца за цябе — за тое, каб ты застаўся жывы і дасягнуў свае мэты.
— Праўда, будзеце маліцца? — сарамліва папытаўся хлопчык. — Проста за мяне, за Ліана Мёрлінга Хартгейма?
— Ведама. Па сутнасці, ты мяне сяму-таму навучыў. Што ў маёй дзейнасці тут я распараджаюся толькі адною зброяю — малітваю. Іншага прызначэння ў мяне няма.
— А вы хто? — папытаўся Ліан і сонна маргнуў, ад віна павекі ў яго пацяжэлі.
— Я — архіепіскап дэ Брыкасар.
— О-о! Я думаў, вы проста свяшчэннік.
— Я і ёсць проста свяшчэннік. I не болей.
— Давайце дамовімся! — раптам сказаў хлопчык, вочы ў яго бліснулі. — Вы за мяне маліцеся, ваша прападобнасць, а калі я буду жывы і дамагуся, чаго хачу, я вярнуся ў Рым, і вы ўбачыце, як памаглі вашы малітвы.
Сінія вочы ласкава яму ўсміхнуліся.
— Добра, дамовіліся. I калі ты вернешся, я скажу табе, што сталася з маімі малітвамі, на маю думку. — Архіепіскап падняўся. — Пасядзі тут, маленькі палітык. Я прынясу табе чаго-небудзь есці.
Яны прагаварылі да пары, калі званіцы і купалы пазалаціла світанне і зашумелі за акном галубіныя крылы. Тады архіепіскап, якому поўнае глыбокай пашаны захапленне давала сапраўднае задавальненне, правёў яго па залах папавага палаца і выпусціў у ранішнюю прахалоду. Ён гэтага не ведаў, але хлопчыку і сапраўды суджана было адправіцца ў Расію і павезці з сабою дзіўна радасны і суцяшальны ўспамін: што ёсць на свеце чалавек, які ў Рыме, у самым галоўным храме кожны дзень моліцца за яго — за Ліана Мёрлінга Хартгейма.
Пакуль Дзевятую дывізію падрыхтавалі да адпраўкі на Новую Гвінею, праціўніка там ужо паспелі разбіць ушчэнт. Было немалое расчараванне гэтага адборнага войска, найлепшага ва ўсёй гісторыі аўстралійскай арміі, заставалася толькі спадзявацца, што дывізія яшчэ заваюе сабе славу ў іншых баях, выбіваючы японцаў з Інданезіі. Пасля паражэння пры Гуадалканале ў японцаў не засталося надзеі захапіць Аўстралію. I, аднак, гэтак як і немцы, адступалі яны неахвотна, шалёна супраціўляліся. Усе іх рэзервы вычарпаліся, патрапаным арміям вельмі не хапала боепрыпасаў і папаўнення, і ўсё ж яны прымушалі аўстралійцаў і амерыканцаў дорага плаціць за кожную цалю адваяванай назад зямлі. Японцы пакінулі ўжо порт Буна, Гону, Саламаўа і адышлі па паўночным узбярэжжы да Лаэ і Фіншафена.
Пятага верасня 1943 года Дзевятая дывізія высадзілася трошкі на ўсход ад Лаэ. Стаяла спёка, вільготнасць дасягала ста працэнтаў, і ліло кожны дзень, хоць да сезону дажджоў заставалася яшчэ добрыя два месяцы. Каб уратаваць ад малярыі, салдатаў нашпігоўвалі атабрынам — ад гэтых маленькіх жоўтых таблетак усіх нудзіла і слабасць адольвала не меней, чым пры сапраўднай малярыі. У тутэйшай вечнай сырасці ніколі не прасыхалі абутак і шкарпэткі, ступакі ног набракалі, як губка, а між пальцамі скура трэскалася і раны крывавіліся. Ад укусаў мух і маскітаў рабіліся запалёныя язвы, якія нясцерпна свярбелі.
Яшчэ ў порце Морсбі аўстралійцы нагледзеліся на няшчасных, замучаных хваробамі мясцовых жыхароў — калі ўжо самі новагвінейцы ў гэтым нясцерпным клімаце пакутавалі ад фрамбезіі, беры-беры і малярыі, ад запалення лёгкіх, хранічных скурных хвароб, ад хвароб печані і селязёнкі, на што тут было спадзявацца белым. Сустрэлі яны ў Морсбі і тых нямногіх, хто ўцалеў пасля бітвы пры Кокадзе — гэта былі ахвяры не так японцаў, як самой Новай Гвінеі, жывыя шкілеты, усе ў больках, замучаныя спёкаю і трызненнем. На вышыні дзевяці тысяч футаў, дзе лёгкая трапічная форма не ахоўвала ад пранізлівага холаду, пнеўманія забрала ў дзесяць разоў болей жыццяў, чым японскія кулі і снарады. У таямнічых нетрах, дзе ўночы ледзь не свяцілі прывідным фасфарычным святлом дзіўныя грыбы, дзе трэба было караскацца па стромах, па слізкай, ліпкай гразі, а пад нагамі запляталіся і блыталіся, выпаўзаючы з зямлі, вузлаватыя карані і нельга было ні на імгненне падняць галавы, кожны станавіўся добраю мішэнню варожаму снайперу. I праўда, гэта было зусім непадобна на Паўночную Афрыку, і Дзевятая дывізія ані не шкадавала, што заставалася і вытрымала дзве бітвы за Эль-Аламейн — затое ёй не давялося прайсці шлях на Кокаду.
Горад Лаэ размешчаны на прыбярэжнай лясістай раўніне, далёка ад пасярэдняй гарыстай часткі вострава, якая падымаецца на адзінаццаць тысяч футаў над узроўнем мора, і мясціны гэтыя намнога зручнейшыя для ваенных дзеянняў, чым Кокада. У горадзе ўсяго некалькі еўрапейскіх дамоў, заправачная станцыя ды мешаніна туземных хацін. Японцы і тут, як заўсёды, біліся храбра, але іх было мала. Новая Гвінея змардавала і выматала іх не меней, чым іх праціўнікаў аўстралійцаў, і яны таксама пакутавалі ад усялякіх хвароб. У Паўночнай Афрыцы ваявалі пры падтрымцы магутнай артылерыі і ўсемагчымай тэхнікі, і дзіўна здалося, што тут, на Новай Гвінеі, няма ні мінамётаў, ні палявых гармат, толькі кулямёты ды вінтоўкі з заўсёды прымкнутымі штыкамі. Джымсу і Пэтсі нават падабаўся рукапашны бой, падабалася ісці на праціўніка плячо ў плячо, аберагаючы адзін аднаго. Але, што і казаць, пасля бітваў з нямецкім Афрыканскім корпусам усё гэта мела жахлівы выгляд. Жаўтаскурыя варожыя салдаты — дробныя, шчуплыя, траха не ўсе ў акулярах і з вытырклымі, як у вавёркі, зубамі. Hi хараства, ні выпраўкі, не тое што бравыя Ромелевы ваякі.
Праз два тыдні пасля таго, як Дзевятая дывізія высадзілася ў Лаэ, японцаў на востраве не засталося. Дзень новагвінейскай вясны выдаўся слаўны. Вільготнасць паменшылася на дваццаць працэнтаў, бялявае, як бы зацягнутае пялёнкаю пары неба раптам паблакітнела, і заззяла сонца, і водная роўнядзь за горадам стала пералівацца яркімі фарбамі — зялёнаю, ліловаю, бэзаваю. Дысцыпліна трымалася не так строга, быццам усім адразу далі звальненне і можна гуляць у крыкет, хадзіць дзе ўздумаецца і жартаваць з мясцовымі жыхарамі — тыя, смеючыся, паказвалі чырвоныя бяззубыя дзясны, сапсаваныя вечным жаваннем бетэлю. Джымс і Пэтсі пайшлі блукаць за горадам, у высокай траве, яна ім напамінала Драгеду — такая самая залацістая, быццам выцвілая, і такая самая высокая, быццам у Драгедзе пасля доўгіх дажджоў.