— Раскрыць сябе, бабуля?
— Ведама. Сутнасць у табе самой. Ты адчуваеш, што створана для сцэны, правільна?
— Ага.
— Тады чаму гэтак маме і не сказаць? Нашто ты яе цвеліш нейкаю дурною балбатнёю?
Джасціна паціснула плячыма, залпам дапіла чай і падала мацеры пусты кубак.
— Адкуль я ведаю? — буркнула яна.
— Сама не ведаю чаму, — паправіла Фія. — Трэба думаць, на сцэне гавораць ясна і выразна. Але ў актрысы ты ідзеш, каб раскрыць тое, што ў табе ёсць, праўда?
— Ну, мусіць, — неахвотна згадзілася Джасціна.
— Фу-ты! Усе Кліры аднолькавыя — вечная гордасць і асліная ўпартасць. Глядзі, Джасціна, навучыся ўтаймоўваць свой нораў, а не дык ён цябе загубіць. Такая дурасць — баішся, раптам цябе падымуць на смех? А з чаго, папраўдзе, ты ўзяла, што твая маці такая бессардэчная? — Фія паляпала ўнучцы па руцэ. — Будзь мякчэйшая, Джасціна. He трэба гэтак ад усіх адгароджвацца.
Але Джасціна пакруціла галавою.
— He магу іначай.
Фія ўздыхнула.
— Што ж, дзяўчынка, шчаслівай дарогі, бласлаўляю цябе, толькі ці многа карысці будзе ад майго блаславення...
— Дзякуй, бабуля, вельмі табе ўдзячная.
— Тады будзь добрая, дакажы сваю ўдзячнасць справаю — пашукай дзядзьку Фрэнка і скажы яму, што ў кухні гатовы чай.
Джасціна выйшла; Мэгі на ўсе вочы глядзела на маці.
— Далібог, мама, ты проста малайчына.
Фія ўсміхнулася.
— Што ж, згадзіся, я ніколі не спрабавала павучаць сваіх дзяцей, як ім жыць і што рабіць.
— Гэта праўда, — з пяшчотаю адазвалася Мэгі, — і мы таксама заўсёды былі табе за гэта ўдзячныя.
Вярнуўшыся ў Сідней, Джасціна перш-наперш пастаралася вывесці вяснушкі. На жаль, аказалася, што гэта вымагае шмат часу, надта іх многа ў яе — давядзецца патраціць траха не цэлы год і потым усё жыццё не выходзіць на сонца, каб вяснушкі не высыпалі зноў. Другі клопат быў — напытаць сабе жытло, задача не з лёгкіх у Сіднеі ў той час, калі людзі будавалі сабе асобныя дамы, а пасяліцца ў якой-небудзь шматпавярховай махіне пад адным дахам з кучаю суседзяў лічылася сапраўдным пракляццем. Але ўрэшце Джасціна знайшла кватэру на два пакоі на набярэжнай Ньют-рэл-Бей, у адным з вялізных старых будынкаў, якія даўно страцілі віктарыянскую веліч, зусім заняпалых і занядбаных. За кватэрку гэтую бралі пяць фунтаў і дзесяць шылінгаў на тыдзень — пры агульнай на ўсіх кватарантаў ваннай і кухні дарагавізна несусветная. Але Джасціну новае жытло задавальняла. Хоць яе з дзяцінства і прывучылі гаспадарыць, яна зусім не збіралася віць сабе ўтульнае гняздзечка.
Жыць у гэтым доме, які называўся Босуэл-гардэнс, аказалася куды цікавей, чым вучыцца ў Калаўдэнскім тэатры, дзе Джасціна, здаецца, толькі тое і рабіла, што хавалася ў кулісах, глядзела, як рэпеціруюць другія, часам удзельнічала ў масавых сцэнах і завучвала на памяць вялізныя кавалкі з Шэкспіра, Шоў і Шэрыдана.
У Босуэл-гардэнс было шэсць кватэр, лічачы тую, што наймала Джасціна, ды яшчэ пакоі, дзе жыла сама гаспадыня, місіс Дзівайн. Гэтай асобе, родам з Англіі, было шэсцьдзесят пяць гадоў; яна была лупатая, мела звычку жаласна сапці носам, да крайнасці ненавідзела Аўстралію і аўстралійцаў, аднак не лічыла прыніжэннем свае годнасці драць з іх за кватэру ў тры разы даражэй. Здаецца, самаю вялікаю непрыемнасцю ў яе жыцці былі расходы на газ і электрычнасць, а самаю вялікаю слабасцю — пяшчотныя пачуцці да Джасцінінага суседа, маладога англічаніна, які вельмі весела карыстаўся гэтаю перавагаю свае нацыянальнасці.
— Я не супраць пацешыць старую, паўспамінаць з ёю іншы раз родныя мясціны, — сказаў ён неяк Джасціне. — Затое да мяне яна не чапляецца. Вам жа, любыя дзяўчаты, не дазволена зімою ўключаць электрычныя каміны, а мне яна сама дала камін і дазволіла грэць яго хоць зімою, хоць летам, калі ўздумаецца.
— Свіння, — абыякава сказала Джасціна.
Англічаніна звалі Пітэр Уілкінс, ён быў коміваяжор.
Загадкавыя светлыя суседчыны вочы абудзілі ў ім жывую цікавасць.
— Заглядвайце да мяне, я вас чайком напаю, — крыкнуў ён ёй уздагонку.
Джасціна стала заглядваць, выбіраючы час, калі раўнівая місіс Дзівайн не шастала паблізу, і вельмі хутка налаўчылася адбівацца ад Пітэравых пяшчотаў. Гады, пражытыя ў Драгедзе, верхавая язда і фізічная праца надзялілі яе моцнымі мускуламі, і яе ані не бянтэжыла тое, што біць ніжэй пояса не дазваляецца.
— Каб цябе чорт узяў, Джасціна! — Пітэр заенчыў ад болю, выцер міжвольныя слёзы. — Кінь строіць з сябе незачэпу! Чаму быць, таго не мінаваць. Мы, ведаеш, не ў Англіі часоў каралевы Вікторыі, зусім няма патрэбы берагчы нявіннасць да самага замужжа.
— А я і не збіраюся, — заўважыла Джасціна, папраўляючы сукенку. — Проста яшчэ не вырашыла, хто заслужыў такога гонару.
— He такі ўжо ты скарб! — злосна агрызнуўся Пітэр: яна яму стукнула вельмі балюча.
— Правільна, не скарб, Піт. Мяне такімі шпількамі не проймеш. I на свеце паўнютка ахвотнікаў да любой дзяўчыны, была б толькі нечапаная.
— I ахвотніц таксама поўна. Паглядзі хоць на ніжнюю кватэру.
— Гляджу, гляджу, — сказала Джасціна.
У ніжняй кватэры жылі дзве лесбіянкі, яны з захапленнем сустрэлі паяўленне ў доме Джасціны, але не адразу сцямілі, што ніколечкі яе не вабяць і проста не цікавяць. Спярша яна не зусім разумела іх намёкаў, калі ж яны ўсімі словамі растлумачылі што да чаго, толькі абыякава паціснула плячыма. Даволі хутка адносіны наладзіліся — Джасціна стала гэтым дзяўчаткам камізэлькаю, у якую плачуць, справядлівым суддзёй і надзейнаю гаванню пры любой буры; яна ўзяла Білі на парукі, калі тая трапіла ў турму; завезла Бобі ў бальніцу, каб ёй прамылі страўнік, калі тая пасля асабліва жорсткае сваркі з Білі наглыталася чаго не трэба; наадрэз адмовілася стаць на чый-небудзь бок, калі на гарызонце каторай з сябровак раптам замаячыць якая-небудзь Пэт, Эл, Джорджы ці Роні. Але да таго неспакойная такая любоў, думалася ёй. Мужчыны таксама дрэнь, але ўсё-такі другой пароды, гэта хоць забаўна.
Такім чынам, сябровак хапала — і колішніх, школьных, і новых, з дома і тэатра, а сама яна была неблагім сябрам. Яна ні з кім не дзялілася нягодамі, як другія дзяліліся з ёю, — на гэта ў яе быў Дэн, — хоць нямногія нягоды, пра якія яна ўсё ж прызнавалася, нібыта не дужа яе мучылі. А сябровак найболей дзівіла ў Джасціне рэдкае самавалоданне — нішто не магло выбіць яе з каляіны, здавалася, яна навучылася гэтаму змалку.
Болей за ўсё так званых сябровак цікавіла — як, калі і з чые ласкі Джасціна адважыцца нарэшце стаць сапраўднаю жанчынаю, але яна не спяшалася.
Артур Лестрэндж надзвычай доўга трымаўся ў тэатры Альберта Джонса на ролях герояў-палюбоўнікаў, хоць яшчэ за год да Джасцінінага прыходу ў трупу ён не без смутку развітаўся з маладосцю: яму стукнула сорак. Лестрэндж быў спрактыкаваны, някепскі акцёр, нішто сабе з выгляду — зграбны, мужны, з правільнымі рысамі твар у рамцы светлых кучэраў, — і гледачы заўсёды ўзнагароджвалі яго апладысментамі. Першы год ён проста не заўважаў Джасціны — новенькая была ціхая, сціплая і паслухмяна выконвала, што загадвалі. Але ў канцы года яна канчаткова збавілася ад вяснушак і ўжо не злівалася з дэкарацыямі, а прыкметна вылучалася.
Зніклі вяснушкі, пацямнелі з дапамогаю касметыкі бровы і вейкі, і ў Джасціне паявілася някідкае, таемнае хараство. У яе не было ні яркай прыгажосці Люка О’Ніла, ні вытанчанай мацерынай зграбнасці. Стройная, але, мабыць, залішне худзенькая. Толькі адразу вабяць вогненна-рыжыя валасы. Ды вось на сцэне яна станавілася непазнавальная — то сапраўдная красуня, то страхоцце, пачварнейшае за ведзьму.
Артур упершыню заўважыў яе, калі ёй у вучэбным парадку даручана было ад зусім розных асоб прачытаць урывак з Конрадавага «Лорда Джыма». Яна была проста выдатная; Артур бачыў, што Альберт Джонс у захапленні, і зразумеў нарэшце, чаму рэжысёр траціць на новенькую гэтулькі часу. Мала таго што ў яе незвычайны прыроджаны дар пераймання, — надзвычай выразнае кожнае яе слова. Ды яшчэ голас, найкаштоўнейшы дар у актрысы — нізкі, з хрыпатою, які пранікае проста ў душу.