Але Джасціна скурчылася на падлозе і толькі галавою ківала, нібы маці магла яе бачыць. Дадому? Ніколі яна не зможа вярнуцца дадому. Калі б яна паехала з Дэнам, ён быў бы жывы. Вярнуцца дадому — і каб даводзілася дзень пры дні, да канца жыцця, глядзець у мацерын твар. He, нават думаць невыносна.
— He, мама, — сказала яна, а слёзы цяклі па твары і пяклі, нібы расплаўлены метал. Хто гэта выдумаў, нібы ў самым вялікім горы чалавек не плача? Многа яны разумеюць, — Мне трэба заставацца тут і працаваць. Я прыеду дадому з Дэнам, а потым зноў паеду ў Лондан. He магу я жыць у Драгедзе.
Тры дні цягнулася бездапаможнае чаканне, правал у пустату; з маўчання ўлад Джасціна ў Лондане, Мэгі і ўся сям’я ў Драгедзе спрабавалі атрымаць хоць нейкую надзею. Ведама ж, нездарма так доўга няма адказу, адбылася памылка, калі б гэта была праўда, безумоўна ж, ім бы ўжо паведамілі! Дэн пастукае ў дзверы да Джасціны і з усмешкаю скажа, што выйшла вельмі дурная памылка. У Грэцыі пераварот, беспарадак страшны, пэўна, там адбылася процьма дурных памылак і непаразуменняў. Дэн зойдзе і падыме іх на смех — як маглі яны ўявіць, нібы ён памёр, ён будзе стаяць тут і смяяцца, высокі, дужы, поўны жыцця. Яны чакалі, і надзея ўсё расла, расла з кожнаю хвілінай. Страшная, здрадлівая надзея. Ён не памёр, не! Дэн не мог патануць, ён выдатны плывец, ён не баяўся плаваць нават у самым неспакойным, бурлівым моры, і хоць бы што. Так яны чакалі, адхіляючы тое, што здарылася, з надзеяй на памылку. Паведаміць сябрам і знаёмым, напісаць у Рым — усё паспеецца.
На чацвёртую раніцу Джасціна атрымала паведамленне.
Нібы адразу пастарэўшы на сто гадоў, паволі, абяссілена, яна зняла трубку і зноў пазваніла ў Аўстралію.
— Мама?
— Джасціна?
— Яго ўжо пахавалі, мама! Мы не можам узяць яго дадому! Што ж нам рабіць? Яны паўтараюць адно: Крыт вялікі, назва вёскі невядомая, да таго часу, як прыйшла іх тэлеграма, яго ўжо некуды перавезлі і закапалі, I ён ляжыць бог ведае дзе, у безыменнай магіле! Я не магу дамагчыся візы ў Грэцыю, ніхто не хоча памагчы, там сапраўдны хаос. Што ж нам рабіць, мама?
— Сустракай мяне ў Рыме, Джасціна, — сказала Мэгі.
Усе, апрача Эн Мюлер, сабраліся тут каля тэлефона, яны яшчэ не паспелі апамятацца. Мужчыны за гэтыя тры дні пастарэлі на дваццаць гадоў; Фія, зусім сівая, як птушка, кволая і худзенькая, сноўдалася ў доме і ўсё прыгаворвала: «Чаму я не памерла? Чаму трэба было забраць яго? Я ж старая, такая старая! Я дык гатовая памерці, чаму трэба было памерці яму? Чаму не я памерла? Я такая старая!» Эн злегла, місіс Сміт, Міні і Кэт дні і ночы абліваліся слязамі.
Мэгі паклала трубку і моўчкі агледзела ўсіх. Вось і ўсё, што засталося ад Драгеды. Кучка дзядоў і бабуль, бяздзетныя, кончаныя людзі.
— Дэн страчаны, — сказала яна. — Яго не могуць знайсці, ён пахаваны недзе на Крыце. Такая далеч! Як жа яму ляжаць так далёка ад Драгеды? Я еду ў Рым да Ральфа дэ Брыкасара. Калі хто і можа нам дапамагчы, дык толькі ён.
Да кардынала дэ Брыкасара ўвайшоў яго сакратар.
— Прабачце, што трывожу вас, ваша высокапраасвяшчэнства, але вас хоча бачыць нейкая дама. Я растлумачыў, што ідзе кангрэс, што вы вельмі занятыя і нікога не можаце прыняць, але яна сказала, што будзе сядзець у вестыбюлі, пакуль у вас не знойдзецца ёй часу.
— У яе нейкае няшчасце, ваша прападобнасць?
— Нейкае вялікае няшчасце, ваша высокапраасвяшчэнства, гэта адразу відаць. Яна сказала, я павінен вам перадаць, што яе завуць Мэгі О’Ніл. — Сакратар вымавіў чужаземнае імя крыху нараспеў, і яно прагучала дзіўна, незнаёма.
Кардынал Ральф парывіста ўстаў, кроў адхлынула ад твару, і ён стаў зусім белы, белы, як яго валасы.
— Ваша высокапраасвяшчэнства! Вам блага?
— He, дзякуй, я зусім здаровы. Адмяніце пакуль усе сустрэчы, якія ў мяне назначаны, і адразу прывядзіце да мяне місіс О’ Ніл. Хто б мяне ні пытаўся, апроч яго святасці, я заняты.
Свяшчэннік пакланіўся і выйшаў. О’Ніл. Ну ведама! Як жа ён адразу не ўспомніў, гэта ж прозвішча маладога Дэна. Праўда, у кардынальскім палацы ўсе яго называюць проста Дэн. Вялікая памылка, не трэба было прымушаць яе чакаць. Калі Дэн — вельмі любімы пляменнік кардынала дэ Брыкасара, значыць, місіс О’Ніл — яго вельмі любімая сястра.
Калі Мэгі ўвайшла, кардынал Ральф ледзь яе пазнаў. З апошняе іх сустрэчы прайшло трынаццаць гадоў; ёй ужо пяцьдзесят тры, яму семдзесят адзін. Цяпер не толькі ён — абое яны пастарэлі. Яе твар не тое каб змяніўся, але зацвярдзеў, застыў, і выраз яго зусім іншы, чым уяўляў сабе ў думках Ральф. Колішнюю пяшчоту змянілі рэзкасць і з’едлівасць, скрозь пакорлівасць праступіла жалезная цвёрдасць; ён уяўляў яе пакорліваю і ўдумліваю святою, a яна болей падобная на пакутніцу, якая старэе, але застаецца непахісная і моцная духам. Як і раней, яна надзіва прыгожая, усё яшчэ ясныя серабрыста-шэрыя вочы, але і ў харастве і ў паглядзе суровасць, а некалі агністыя валасы пацямнелі, сталі карычняватыя, як у Дэна, але цьмяныя, няма таго жывога бляску. I, што найболей трывожна, яна вельмі хутка адводзіць вочы, і ён не паспявае здаволіць прагную і пяшчотную цікаўнасць.
З гэтай новай Мэгі ён не змог павітацца лёгка і проста.
— Прашу садзіцца. — Ён, увесь напружаны, паказаў ёй на крэсла.
— Дзякуй вам, — быў такі самы пыхлівы адказ.
Толькі калі яна села і ён зверху акінуў усю яе паглядам, ён заўважыў, што ў яе ацяклі ногі, апухлі костачкі.
— Мэгі! Няўжо ты прыляцела проста з Аўстраліі, нідзе не перадыхнула? Што здарылася?
— Але, я ляцела напрасткі, — сказала яна. — Дваццаць дзевяць гадзін запар, ад Джылі да Рыма, я сядзела ў самалётах, і мне не было чаго рабіць, толькі глядзець у акно на воблакі і думаць. — Яна гаварыла сухім, рэзкім голасам.
— Што ж здарылася? — нецярпліва, з трывогаю, са страхам паўтарыў Ральф.
Яна падняла галаву і паглядзела яму ў вочы.
Страшны пагляд, нешта ў ім змрочнае, халоднае; у Ральфа мароз па скуры пайшоў, ён міжволі падняў руку, даткнуўся да патыліцы, якая ажно пахаладзела.
— Дэн памёр, — сказала Мэгі.
Яго рука саслізнула, упала на калені, нібы рука анучнай лялькі, ён абмяк у крэсле.
— Памёр? — павольна перапытаў ён. — Памёр Дэн?!
— Ага. Патануў шэсць дзён назад на Крыце, танулі нейкія жанчыны, ён іх ратаваў.
Ральф сагнуўся ў крэсле, закрыў твар рукамі.
— Памёр? — пачула Мэгі здушаны голас. — Памёр Дэн? Мой слаўны хлопчык! He можа гэтага быць! Дэн... сапраўдны пастыр... якім я не здолеў стаць. У яго было ўсё, чаго не хапала мне. — Голас абарваўся. — У ім заўсёды гэта было... мы ўсе гэта разумелі... усе мы, хто не быў сапраўдным пастырам. Памёр?! О божа літасцівы!
— Кінь ты свайго літасцівага божаньку, Ральф, — сказала незнаёмка, якая сядзела насупраць. — У цябе ёсць справы важнейшыя. He для таго я тут, каб глядзець, як ты бядуеш, мне трэба твая дапамога. Я ляцела ўсе гэтыя гадзіны ў такую даль, каб сказаць табе пра гэта, усе гэтыя гадзіны толькі глядзела ў акно на воблакі і ведала, што Дэна болей няма. Пасля гэтага тваё гора мяне мала трывожыць.
Але калі ён адняў далоні ад твару і падняў галаву, яе мёртвае закамянелае сэрца ажыло, балюча сціснулася, моцна стукнула ў грудзях. Гэта Дэнаў твар, і на ім такія пакуты, якіх Дэну ўжо не давядзецца перанесці. О, дзякуй богу! Дзякуй богу, што ён памёр і ўжо не пройдзе праз такія мукі, як гэты чалавек, як я. Добра, што ён памёр, усё лепей, чым так пакутаваць.
— Чым я магу памагчы, Мэгі? — ціха папытаўся Ральф; ён заглушыў свае пачуцці, зноў надзеў прырослую не проста да твару — да душы маску яе духоўнага настаўніка.
— У Грэцыі хаос. Дэна пахавалі недзе на Крыце, і я не магу дабіцца — дзе, калі, чаму. Можа, мае просьбы, каб яго самалётам пераправілі на радзіму, бясконца затрымліваліся з-за міжусобіцы ў краіне, а на Крыце спёка, як у Аўстраліі. Пэўна, калі адразу ніхто яго не шукаў, там вырашылі, што ў яго і няма нікога, і пахавалі. — Мэгі напружана падалася наперад. — Я хачу забраць майго хлопчыка, Ральф, я хачу знайсці яго і прывезці дадому, няхай ён спіць у роднай зямлі. Калісьці я абяцала Джымсу, што Дэн астанецца ў Драгедзе — і пахаваю яго ў Драгедзе, хоць бы мне давялося паўзком прапаўзці па ўсіх могілках на Крыце. He будзе ён ляжаць у Рыме ў якім-небудзь раскошным склепе, як вашы свяшчэннікі, Ральф, не будзе гэтага, пакуль я жывая, калі трэба, я яго адваюю па законе. Ён павінен вярнуцца дадому.