Выбрать главу

Яна цярпела, стараючыся не паказаць, як ёй баліць. Чаму павінна гэтак балець, калі тое, што яны робяць, зусім натуральнае?

— Табе гэта не падабаецца, Мэг? — папытаўся потым Люк. — Відаць, ты зусім для гэтага не вырасла, калі табе і цяпер гэтак баліць, а не толькі першы раз. Добра, болей не буду. Ты ж не супраць, калі мне хапае тваіх грудзей, праўда?

— Ох, ці не ўсё роўна? — стомлена адазвалася Мэгі. — Калі ты не будзеш рабіць мне балюча, хай будзе гэтак.

— Малавата ў табе запалу, Мэг!

— На гэта во?!

Але ён ужо зноў загарэўся; цэлыя два гады ў яго не было на гэта ні часу, ні сілы. Напраўду, здорава гэта — быць з жанчынаю, бударажлівае і забароненае задавальненне. Ён зусім не адчувае сябе мужам Мэг, не, гэта ўсё роўна што забаўляцца з дзяўчом на выгане дзе-небудзь за Кайнунскім заезным дваром ці прыціскаць да сцяны стрыгальні фанабэрыстую ганарліўку міс Кармайкл. Грудзі ў Мэг што трэба, тугія, якраз яму да смаку, недарэмна яна столькі ездзіла верхам, і, далібог, так нават лепей, прыладзішся паміж імі — і не патрэбны ніякія «гасцінчыкі». Гэтая французскія штучкі моцна адбіваюць уцеху, а без іх нельга — так і глядзі, каб не нарвацца.

Лежачы дагары, ён завабіў да сябе Мэгі, прысмактаўся да яе грудзей. Невыказная пагарда паднялася ў Мэгі; мужчыны проста смешныя, у такія хвіліны яны і на людзей не падобныя. Вось ён зусім сябе не помніць, камечыць яе лапамі і бурчыць, быццам нейкае вялізнае кацяня ссе кошку... I раптам яна адчула сцягном тое самае, на гэты раз нічым не ахаванае.

Усё, што адбывалася, ані не хвалявала Мэгі, думкі аставаліся ясныя. I яна прыдумала. Паволі, непрыкметна Мэгі пасунулася бліжэй да яго — і, сцяўшы зубы, стрымаўшы дыханне, каб не пакінула мужнасць, злучылася з ім. Ведама, балюча, але, выходзіць, і напалавіну не так балюча, як раней. Гэтак намнога лягчэй і трываць можна.

Люк расплюшчыў вочы. Паспрабаваў адштурхнуць Мэгі, але... божа літасцівы, нічога падобнага ён яшчэ не адчуваў! Ніколі раней ён не быў з жанчынаю без гэтае перашкоды, ён і не здагадваўся, якая вялікая розніца. I ў яго не стала сілы яе адштурхнуць, яму было ўжо не да колішняга задавальнення, пад канец ён нават абняў яе і моцна прыціснуў да сябе. Мужчыну не гадзіцца стагнаць і крычаць, але ён не стрымаўся і пасля ўсяго пяшчотна пацалаваў жонку.

— Люк...

— Што?

— Чаму нельга заўсёды гэтак?

— Нам і цяпер нельга было рабіць гэтак, Мэг, і болей ужо, ведама, нельга. Я не паспеў уцячы...

Мэгі нахілілася над ім, пагладзіла яго па грудзях.

— Ох, Люк, калі ласка! Так намнога лепей і амаль не баліць. Я асцярожная, усё абыдзецца. Калі ласка!

Ці знойдзецца на свеце чалавек, здольны выстаяць, калі так пераканаўча прапануюць зноў зведаць невыказную асалоду? Люк кіўнуў, саступаючы спакусе, быццам прабацька Адам, бо ў гэтую хвіліну ён ведаў намнога меней, чым Мэгі: яна ўжо разумела, як яго перахітрыць.

— Мусіць, ты праўду кажаш, а мне куды прыемней, калі ты не супраць. Добра, Мэг, надалей будзем рабіць па-твойму.

I Мэгі, задаволеная, усміхнулася ў цемры. Вось гэтак, мой любы, я табе пакажу! Ты ў мяне дачакаешся, Люк О’Ніл! Асцярожная, ха! Жыць не буду, а дзіцятка нараджу!

Тут, удалечыні ад спякотнай, удушлівай сырасці прыбярэжных раўнін, Люк хутка выздаравеў. Ён еў са смакам, стаў прыбаўляць вагі і ўжо не палохаў ненатуральнаю худзізною, са скуры зліняла хваравітая жаўцізна, і яна зноў стала смуглявая. Мэгі палка і ахвотна адказвала на яго пяшчоту, таму і не вельмі цяжка было ўгаварыць яго замест двух тыдняў, як было задумана, прабыць яшчэ і трэці тыдзень, а там і чацвёрты. Але ў канцы месяца ён узбунтаваўся.

— Хопіць, Мэг. Я зноў здаровы як бык. А мы з табою залішне раскашуемся і дарэмна трацім грошы. I я патрэбен Арнэ Свенсану.

— Можа, перадумаеш, Люк? Калі ты напраўду хочаш купіць ферму, можаш купіць яе хоць цяпер.

— Давай яшчэ крыху пацерпім, Мэг.

I, безумоўна, ён змоўчаў пра другое: яго неадольна цягнула на плантацыі трыснягу, гэта была характэрная некаторым мужчынам дзіўная цяга да самай цяжкай працы, якая забірае чалавека ўсяго, без астатку. Пакуль ён малады і дужы, трыснягу не здрадзіць. У Мэгі аставалася адна надзея — можа, яна прымусіць яго перадумаць, калі народзіць яму дзіця, наследніка іх зямлі ў наваколлі Кайнуна.

I вось яна зноў у Хімельхоху, чакае і спадзяецца. Ёй вельмі, вельмі патрэбна дзіця! Калі будзе дзіця, развяжуцца ўсе вузлы, толькі б ёй дзіця. I выявілася: дзіця будзе. Яна сказала Эн і Людвігу, і абое ўзрадаваліся. У Людвіга былі проста залатыя рукі. Ён выдатна шые і вышывае — ні таму, ні гэтаму Мэгі так і не паспела навучыцца, — і вось мазолістымі ўмелымі рукамі ён шчыруе з маленькаю іголачкаю і з тонкаю, далікатнаю тканінаю, а Эн з Мэгі рыхтуюць дзіцячы пакой.

Адна бяда, яшчэ да нараджэння малое не давала спакою — ці то ад спякоты, ці то праз тое, што маці не была шчаслівая, гэтага Мэгі і сама не разумела. Яе ванітавала не толькі раніцаю, а цэлымі днямі, і даўно пара спыніцца ванітаванню, а яму не відно было канца; вагі Мэгі прыбаўляла мала і паволі, а між тым яе моцна мучылі ацёкі і так падскочыў ціск, што доктар Сміт затрывожыўся. Спярша ён хацеў да самых родаў пакласці яе ў бальніцу ў Кэрнсе, але потым пасля вялікага роздуму вырашыў: калі няма каля яе ні мужа, ні сяброў, дык лепей ёй заставацца дома: Эн і Людвіг глядзяць яе добра. А ўжо на апошнія тры тыдні ёй абавязкова трэба паехаць у Кэрнс.

— I пастарайцеся выклікаць мужа, няхай прыедзе, пабачыцца з ёю! — сярдзіта крыкнуў ён Людвігу.

Мэгі адразу напісала Люку пра сваю цяжарнасць, яна часта па-жаночы меркавала, быццам дазнаўшыся, што нежаданае ўжо збылося. Люк не проста змірыцца з непазбежным, а ўзрадуецца. Яго пісьмо мігам рассеяла яе ружовыя мары. Люк проста ашалеў. Стаць бацькам — яму гэта і значыла толькі, што раней трэба было пракарміцца адно самому, а цяпер будуць на шыі два едакі. Горкая гэта была пілюля Мэгі, але давялося праглынуць — выбару не аставалася. Будучае дзіця прывязвала яе з гэтага часу да Люка гэтаксама моцна, як і гонар.

Але цяпер яна зусім хворая і бездапаможная, і ёй так не хапае любові; дзіця — і тое яе не любіць, яно зачата проці свае волі і не жадае паяўляцца на свет. Мэгі адчувала, маленькая істота ўсярэдзіне пратэстуе як можа, не хоча расці і жыць. Калі б у яе была сіла праехаць дзве тысячы міль па чыгунцы, яна вярнулася б дахаты, але доктар Сміт і слухаць пра гэта не хацеў. Тыдзень,а то і болей у цягніку, нават з перапынкамі, — дзіцяці гэта немінучая смерць. I хоць Мэгі была такая няшчасная, такая расчараваная, свядома нашкодзіць дзіцяці яна не хацела. Але час ішоў — і патухала яе радасць, мара пра жывую істоту, якая належала б ёй адной, якую можна было б любіць без аглядкі: яшчэ не народжанае малое давалася ёй усё цяжэй, усё горай ладзіла з ёю.

Доктар Сміт пачаў пагаворваць пра тое, каб хутчэй яе выправіць у Кэрнс; ён не зусім упэўнены, што роды ў Данглаў пройдуць добра, бо тут не бальніца, а так сабе, хатка-ізалятар. Крывяны ціск у Мэгі часта падскоквае, ацёчнасць павялічваецца; доктар Сміт загаварыў пра таксікоз, пра эклампсію, вымаўляў яшчэ нейкія незразумелыя словы і так напалохаў Эн і Людвіга, што яны згадзіліся на Кэрнс, як ні хацелася ім, каб дзіця нарадзілася ў іх, у Хімельхоху.

Канчаўся май, аставалася чакаць яшчэ месяц, праз месяц Мэгі нарэшце збавіцца ад гэтага няўдзячнага малога. Яна ўжо пачала яго ненавідзець — таго самага малога, якога так жадала, пакуль не зведала, колькі ад яго непрыемнасці. Ну адкуль яна ўзяла, быццам Люк узрадуецца, калі дазнаецца, што дзіця ўжо жыве і павінна нарадзіцца? Па яго паводзінах з таго часу, як яны жанатыя, магла б зразумець — на гэта спадзявацца няма чаго.

Пара прызнаць: усё абвалілася, пара адкінуць дурны гонар і паспрабаваць выратаваць з руінаў тое, што яшчэ можна выратаваць. Яны пажаніліся, кіруючыся непраўдзівымі жаданнямі, — Люк паквапіўся на яе грошы, а яна хацела ўцячы ад Ральфа дэ Брыкасара і адначасна спрабавала зберагчы яго дзеля сябе. Яны і не прыкідваліся, што любяць адно аднаго, а між іншым толькі любоў магла б памагчы ім адолець цяжкую блытаніну, якая ўзнікла ад таго, што яны зусім рознага хацелі і да рознага імкнуліся.

I вось якое дзіва: Мэгі не адчувала сапраўднае нянавісці да Люка, а ўсё часцей, усё мацней ненавідзела Ральфа дэ Брыкасара. А Ральф, па сутнасці, абышоўся з ёю дабрэй і справядлівей, чым Люк. Ён заўсёды стараўся, каб яна бачыла ў ім толькі сябра і духоўнага пастыра, не болей, і хоць ён двойчы яе пацалаваў, абодва разы першы крок зрабіла яна.