краму са шматабяцальнай шыльдай: «авто мото вело фото» (там жа ён пачуў працяг назвы: «…бля гребля и охота») — крама была пустою: нават фіксаж — дэфіцыт… за пяць месяцаў на Сахаліне ён шмат чаго пабачыў (у тым ліку і самую Японію на адлегласці выцягнутай рукі, разганіся добра — і пераскочыш…), не бачыў толькі новых японскіх рэчаў (хіба што выкінутыя прыбоем на бераг «японскія» кавалкі сеткі, паплаўкі, прыгожыя пляшачкі, стракатыя абгорткі ды проста карабельнае смецце…), цётка ягоная,
узнагароджаная за "самаадданую і ўдарную" працу турыстычнаю пуцёўкаю, з Паўднёва-Сахалінска лятала ў Японію праз Маскву, хоць тут — плыць пару гадзінаў, і рэчы з Японіі на Сахалін, відаць, таксама ішлі праз Маскву і асядалі там, асядалі, асядалі… так і не пабачыў ён тады ні на Сахаліне, ні на Курылах ніводнае ўласнаяпонскае рэчы, затое бачыў (і еў) хойніцкую салянку, бярозаўскую тушонку, рагачоўскую згушчонку (страшнейшы дэфіцыт на Беларусі), адзінае, што ён убачыў японскае
на Курылах — гэта набор рознакаліберных, разнаколерных, разнаформных пляшачак (з-пад лекаў, парфумы, напояў), сабраных любоўна жаночаю рукою сакратаркі, пэўна ж, на ўзбярэжжы, і выстаўленых на вакне ў канторы саўгаса заместа вазонаў альбо кактусаў, а яшчэ адную пазнаку блізкае Японіі ён пабачыў увечары, калі пайшоў у госці да земляка — другога сакратара райкама партыі (якому, уласна, і вёз памідоры ды піва), і той уключыў тэлевізар — па ім ішло дзясятак японскіх праграмаў і толькі
адная савецкая (а на поўдні, у дзесяці кіламетрах ад Хакайда — у Галаўніно і Дубасекава, увогуле ніводнае савецкае, бо сопка перакрывала адзіную спадарожнікавую праграму), і глядзеў ён разам з партсакратаром ніколі раней не бачаныя баевікі з забароненым тады ў СССР каратэ: такія скачкі, удары — божа ж мой! — ды яшчэ ў колеры, хай і кепскім… карацей, растляваў яго даўно растлелы сакратар райкама родам з Віцебшчыны… але — зайшоў ён у кантору, дырэктар, як заўсёды, заняты: планёрка,
о, гэтае салодкае слова «планёрка»! дробных вясковых начальнікаў узроўню дырэктара саўгаса, яно заўсёды натхняла на крык і гвалт (асабліва — сялектарная!), бо надавала ім значнасці, бо пацвярджала «ісціну»: без іх ні адныя вілы гною не будуць выкінутыя з хлява, ні адно зярнятка не ўпадзе ў глебу… быў у яго на Сахаліне адзін удзел у такой вось планёрцы, ён зайшоў у кантору, дырэктар кіўнуў яму галавою: сядай; што ён чужы — дырэктар, вядома, ведаў, але падумаў, што ён на працу прыехаў уладкоўвацца —
якраз чакалі ветурача, і працягваў яшчэ больш строга, каб пакрасавацца, ну, ён і пачуў усю праўду пра саўгас: пра два дзясяткі здохлых учора ад бяскорміцы цялятаў, пра тоны ўгарэлага (сапрэлага), бо ў пару не забранага з лугу сена і г. д., дырэктар, калі даведаўся, што ён журналіст і прыехаў па «крытыку», за галаву схапіўся, за сэрца, за задніцу… і потым тры дні паказваў яму «крытыку» ў мясцовым леспрамгасе, у недалёкім рыбгасе, урэшце паказаў узведзены год таму сярод лесу пасёлак: дзясяткі чатыры
трох-пяціпавярховых будынкаў, пабудаваных цалкам, з вокнамі, дзвярыма, але не заселеных, бо жыць у іх было немагчыма: не падвялі каналізацыю і цяпер пад гатовыя не падвядзеш, не падлезеш… (па сваёй наіўнасці, ён і напісаў так, як ёсць, артыкул той нарабіў шуму, не адзін вялікі начальнік зляцеў, па цяперашнім часе і забіць яго за тое маглі, а тады — праехалі…); але — якая метафара атрымліваецца… гэты пасёлак пасярод Сахалінскае тайгі, узведзены на дзяржаўныя грошы як дапамога
пацярпелым ад нядаўна прашумелага над востравам тайфуну «Філіпс» (рэйкі, пакручаныя неўтаймоўнай сілай, яшчэ помнікамі ляжалі ўздоўж чыгункі) — метафара на ўсю савецкую краіну («пацёмкінскія вёскі» будаваліся не ўсур’ёз, а каб толькі «пыл пусціць» у вочы — а гэта навошта?) — дзе пераблыталі «базіс» і «надбудову», дзе «свядомасць» вызначала «быццё» (хоць было наадварот), дзе «вернасць і адданасць» ідэалам замянялі прафесіяналізм і адукацыю, дзе цэлая краіна «ад Буга да Курылаў» будавалася
не дзеля таго, каб у ёй жыць, не для сябе, а «для будучых пакаленняў» (мы адпакутавалі, дык мо дзеці нашыя хоць пажывуць, як людзі), што будуць жыць пры камунізме; уся краіна — шостая частка планеты Зямля — была такою (ці не таму так лёгка развалілася?), яны з сябрам пераканаліся ў гэтым, калі праехалі потым на цягніку ад Уладзівастока да Менска і ўсюды бачылі рэзрух (тады гэта называлася безгаспадарчасць) ды голад (так, ужо на пачатку васьмідзясятых, ад ваколіцаў Масквы па ўсёй