Сібіры ажно да Сахаліна прадукты былі па талонах і картках — як хутка забываецца кепскае!!!), п’янства ды крымінал; дзяржава-зона з зэкаўскімі «правіламі», дзяржава-сметнік, па якім з краю ў край у пошуках, дзе лепш (каму ў СССР жыць добра?), блукаюць бамжы-грамадзяне і над якім гучаць «бравурныя» маршы і заклінанні чарговага «вождя» пра тое, як «эх, хорошо в стране советской жить!!!», у што зэкам ды бамжам верыцца да слёз шчасця ў чырвоных ад горкіх слёз вачах — і гэта ўжо не метафара,
а чыстая праўда… а той дырэктар — здрэйфіў па сваёй маладосці: быў ён не намнога старэйшы за журналіста, і знайшоў у ім удзячнага слухача — тры дні дырэктар амаль не змаўкаў, усё хацеў здавацца лепшым, чым ёсць (а ён і быў лепшым!), і распавёў яму столькі цікавых рэчаў, што хапіла б на дзесяць раманаў; дырэктар скончыў Благавешчанскі сельгасінстытут, добра граў на гітары і быў, адчувалася, там душою факультэта — пры гэтым неўтаймаваным, неўтаймоўным выдумшчыкам і рызыкантам,
жыццё на Амуры, які быў мяжою з Кітаем (тады і там ворагам нумар адзін), пакідала месца і сур’ёзнаму, і жарту (чаго варты іх «музычны налёт» на суседскі памежны гарадок Хэйхэ: падабралі на сінтэзатары гук бамбардзіроўшчыкаў і накіравалі ўзмацняльнікі на Кітай — перапалоху было…), і што яго толькі з прыгажуняю жонкаю занесла ў глухамань і па сахалінскіх мерках — у саўгас «Зара» за Паранайскам?.. але Сахалін Сахалінам, а на Курылы ён прыехаў не «крытыку» шукаць і не нерваваць
людзей: «хай хоць са стратамі, ды працуюць, час займаюць, прысутнасць пазначаюць», — сказаў яму загадчык аддзела, а тут і сапраўды агульнасавецкая сельская гаспадарка працавала на страты, дагэтуль незразумела: чаму на Кунашыры садзілі бульбу, жыта, як недзе пад Менскам, і чаму не было ніводнай цяпліцы?.. ён і сказаў спацела-збялеламу курыльскаму дырэктару (які на планёрцы таксама паўтарыў сітуацыю: выдаў апошнія «навіны», якія ў сельскай гаспадарцы заўсёды кепскія), адразу, што прыехаў,
каб пісаць пра іх штодзённы подзвіг; супакоіў, аднак дырэктар усё ніяк не мог устаць з-за стала і не мог спыніцца пагладжваць сваю змакрэлую лысіну… «ёмаць, — сказаў ён нарэшце, — дык ты журналіст, а я думаў, нехта з новых пагранцоў па гражданцы прыйшоў дапамогі якой прасіць… ну, нічога, мы табе знойдзем і герояў, і подзвігі… тут і беларусы ў нас ёсць, беларусачкі… напішы пра перадавую свінарку Галіну Сцепанцову — ардэнаносец, панімаеш, залаты чалавек… давай правяду на ферму, яна якраз там —
возьмеш, так сказаць, жывы матэрыял…»; свінаферма была недалёка — адзін нядоўгі драўляны хлеў, перабудаваны з нейкай японскай будыніны, і паколькі з японскай, дык яўна не з царквы, як было прынята на мацерыку адсюль і аж да Беларусі, дырэктар крутнуўся, зрабіў за ягонаю спінай нейкі знак свінарцы — ён зразумеў тое па ейным на момант разгубленым твары — і знік, а яны засталіся ўдвух з Галінай Сцепанцовай, у хляве, у якім было парна і пахла… Беларуссю… Галіна Сцепанцова працавала
адна — даглядала дзясяткі тры-чатыры свіней; яна дарабіла нешта пачатае і запрасіла сесці на буйную, каленістую, як бамбук, жоўтую салому (адкуль тут такая салома? ці не з мацерыка? няўжо на самалёце везлі?), пакуль яна працавала, ён назіраў за ёю, і яму падалося, што ад гэтае жанчыны, апранутай у старую, пацертую, але акуратна зацыраваную кухвайку, ішла нейкая незвычайная энергія (нібыта як ад маці — добрая, пяшчотная, ласкавая…) — што агортвала яго, ахінала і нават затуманьвала (мо то было цяпло хлява?)
і супакойвала; хаця не, супакойвала адныя пачуцці і абуджала іншыя… «і не дзіва», — падумаў ён, гледзячы на дасканалы тварык трыццацігадовай жанчыны, якая ласкава чухала за вухам маладзенькага подсвінка і прыгаворвала: «Ёська, Ёська…» (згадалася: не называйце свіней чалавечымі імёнамі, называйце — Васька, Мішка…), жанчына нагнулася… не, гэта і сапраўды атмасфера ў хляве была нейкая ненармальная, якая рабіла прыгожае прыгажэйшым: зрэшты, не — жанчына і праўда была гожаю,
а тут, на востраве, у гэтым свінарніку, і ўвогуле красуняю… бо хто ж мог падумаць, што тут можна сустрэць такую прыгажосць… фігура была зграбнаю, само сабою, але бачыў ён толькі твар, пасмачку ўзмакрэлых валасоў, што выбілася з-пад хусткі, жанчына адкінула яе тым імклівым рухам, якім могуць рабіць гэта толькі вясковыя какеткі, і ўважліва, смела, з выклікам угледзелася ў яго… яе ніколькі не ўсхвалявала, што ён журналіст, але яе праняло наскрозь, калі яна даведалася, што ён з Беларусі,