і адразу прымянілі тыя органы па прызначэнні — каб атрымаць асалоду… ведаў, дакладна ведаў Бог, калі ляпіў іх, што з гэтага атрымаецца, а значыць справакаваў Адама з Еваю, і потым — у пакаранне! — выгнаў іх з раю, як бацькі высяляюць дзетак са сваіх кватэраў — цесна стала? і цяпер усё жыццё мы вымушаныя грашыць і каяцца, існаванне нашае завязваецца ў граху і жыццё праходзіць пад ягоным знакам, не важна, простыя мы людзі ці служкі гасподнія… да такой ступені грэшныя мы, што нават думкі
пра спарванне ёсць грэх, не кажучы пра справы, і не даруецца нам нашая маладосць і нявопытнасць, і не даруецца потымная сталасць ды «ўсёведанне», прынамсі шматведанне («ад многіх ведаў…»), і ўсё ёсць грэх, куды ні крутніся… толькі вось з гадамі згадваецца чамусьці не тое асноўнае, што было на астравах, а другаснае — і тады, і цяпер другаснае, — бо галоўным тады было адчуванне адзіноты і адарванасці ад Радзімы, ад роднае зямлі, ад каранёў, ад магілаў продкаў… не таму, што ўсё навокал было настолькі
чужым і непрымальным, нават, можа, і наадварот: усё навокал не дужа рознілася з тым, што было ў Менску ці Хойніках, але псіхалагічна, але разумова, але падсвядома ўсё было абсалютна іншым, чужародным, і накочвалася такая адзінота (якой няма, пэўна, і ў тых, хто сёння ў Фінляндыі ці ў Нарвегіі)… такі адчайны песімізм, што тут жыць не хацелася, «тут» пераходзіла ва «ўвогуле» і не ратавала нават незнаёмая, не стандартна сярэднееўрапейская, прырода, надварот, яна падкрэслівала чужоту ўсяго
навакольнага, і чым бліжэй было вяртанне дамоў, тым больш хацелася яго і тым павольней ішлі дні, гадзіны, хвіліны… не сказаць, што гэтак, як салдат чакае «дэмбелю», не, яму тут падабалася, тут было яшчэ шмат новага, яшчэ болей нязведанага — нават жанчыны тут былі іншымі, не таму, што быццам бы больш даступнымі, але і таму таксама (а мо гэта ён сам быў тут іншым: больш простым, больш адкрытым, больш шчырым, бо ведаў, што хутка з’едзе адсюль назаўсёды і ніколі не сустрэнецца з гэтымі людзьмі,
каб пасаромецца за свае ўчынкі)… але была там не толькі адзінота на беразе акіяна з думкаю пайсці ў яго і не вярнуцца, была і поўная адзінота ўдвух з сябрам у міліцэйскім лецішчы — таемным доме адпачынку сахалінскага міліцэйскага начальства, гэтакай паляўніча-рыбалоўскай дачкі з лазенкаю на беразе вузенька-тонкае рачулкі, што праз трыццаць-сорак метраў упадае ў Аніўскі заліў, дзе не было калі думаць пра адзіноту; сюды прывёз іх з сябрам Уладзем ягоны дзядзька, падпалкоўнік міліцыі,
начальнік абласнога крымінальнага вышуку: доўгі час ён абяцаў узяць іх з сабою на паляванне, але ўсё не выпадала, і нарэшце пасярод тыдня проста адвёз на гэтае лецішча і, пакідаючы, сказаў, што прыедзе праз двое сутак, а пакуль — пажывіце адныя, адпачніце ад тлуму… што яшчэ трэба? рамантыка! да бліжэйшага жытла (пасёлка Таранай) кіламетраў пяцьдзясят, тут памежная зона і недзе — невядома дзе між сопак — ёсць толькі пагранзастава, а людзям сяліцца забаронена; прывёз дзядзька іх сюды
на міліцэйскім «газіку» пад вечар, дарога не запомнілася, адное хіба: чым далей яны ехалі на поўдзень па мысе Крыльён у бок таго самага «праліва Лаперуза» — француза, які думаў, што заплыў на край свету, а сёння апынулася — на край Расіі, і адкуль, з крутога беражка «каменьчыкі» ў акіян, як спяваецца ў песенцы Нікчэмнага, кідаць могуць хіба памежнікі… дык вось, чым далей на поўдзень яны ехалі, тым вышэйшымі рабіліся зараснікі бамбуку: каля Паўднёва-Сахалінска ён па пояс і сцелецца як трава,
як асака на Палессі, а тут, ля лецішча, у рост чалавека і вышэй, і нагадвае палескія балотныя чаратовыя нерушы, толькі на Палессі кожная чарацінка стаіць сама па сабе і не дужа супраціўляецца, калі ідзеш, можа нават няўзнак зламацца, а бамбук сплятаецца дружнаю сцяною, шчытна, шчыльна (як на касьбе ці на сяўбе…), і праз яго не прадрацца, жорстка-з’яднанае цела ягонае нат вялізным нажом кшталту мачэтэ з аднаго разу не прасячэш, і хадзіць тут можна толькі па кімсьці (вядома ж, жывёламі, а не людзьмі)
пратаптанымі сцежкамі; зрэшты, што казаць бясколерна: «жывёламі» — кім пратаптанымі, робіцца зразумелым з назвы — «мядзведжымі сцежкамі»; так, тут жывуць мядзведзі, і дзядзька ягоны, ад’язджаючы, шчыра папярэдзіў іх пра гэта і на развітанне распавёў пра самую апошнюю — месяц таму — сваю сустрэчу з мядзведзем тут на лецішчы: ён прыехаў на рыбалку, а ў іх тут ёсць спецыяльна прывезеная — за 50 км! — кучка гною, каб дажджавыя чарвякі пладзіліся (бо паспрабуй знайдзі іх у бамбукавых зарасцях),