карціна звыклая для курыльца, і не заўважаецца яна часам, асабліва калі прыйшоў ты не рыбкі злавіць, а з іншаю мэтай: рыба — гэта ж не праблема, у любы час можна пайсці па яе на рэчку, як па ваду ў калодзеж… і тут Івана як стралой між плеч працяла — інтуіцыя называецца! — падалося яму раптам, што нехта жывы глядзіць на яго: у спіну… і не сябар гэта, недзе адсталы… Іван павольна выцягнуў доўгія рукі з вады, разагнуўся няспешна, павярнуў шыю — так і ёсць, мядзведзь аграмадны стаіць на беразе каля
ягонага пляцака ва ўвесь свой рост, і стрэльба ў яго між лапаў-ног на зямлі ляжыць, як цацачная… і не мядзведзь гэта, а што страшней — мядзведзіца… Іван павярнуўся тварам да яе, глядзіць вочы ў вочы, і падзяляе іх метраў пяць-шэсць голае вады; мядзведзіца, якая, відаць, ішла да рачулкі, каб рыбкаю паласавацца, з цікаўнасцю разглядае невядомага звера, што стаў на ейным шляху, і, пэўна ж, таксама думае: што рабіць? стаялі яны гэтак доўга-доўга — Івану сцягнулася: мо хвіліну, ці болей, і столькі думак,
як ратавацца, пранеслася ў Іванавай галаве, што і не злічыць (мусіць, гэта няпраўда, што чалавек і такія моманты ўсё сваё жыццё прыгадвае, прынамсі, у мяне такога не было, казаў Іван, можа, таму, што паміраць я не збіраўся), і ніводная думка ратавальнай не была: безвыходная сітуацыя — адступаць назад, дык спатыкнешся на камень і ўпадзеш — капец тады, спінай павярнуцца і пайсці — слабасць сваю паказаць… няма выйсця… толькі торгнешся, мядзведзіца зрушыцца, кінецца і задушыць у сваіх абдоймах…
а сябар усё не йдзе й не йдзе… глядзеў-глядзеў Іван то на стрэльбу ў нагах мядзведзіцы, то на яе самую, нерухомую, застылую, прыйшоў трохі ў сябе, супакоіўся і вырашыў крыкам сваім грозным мядзведзіцу спужнуць, прагнаць… «набраў я ў грудзі паветра і гаркнуў на ўсю моц, — сказаў Іван, — гаркнуў, і тады толькі зразумеў, што памылку зрабіў, бо між гэтых сопак ды бамбуку згубіўся мой крык магутны, піск мышыны выйшаў, а не роў мядзведжы: паказаў тым самым я мядзведзіцы сваю слабасць, і пайшла
яна на мяне»… Івану пашанцавала: на ягоным беразе рачулкі расла каржакаватая хваіна — невысокая, але даволі тоўстая ў камлі, крок-другі — і Іван за ёй, а мядзведзіха ўжо смярдзюча дыхае ў твар… так яны і хадзілі вакол дрэва па крузе, бы гуляючы, хто каго перахітрыць, і ловячы наперад кожны мажлівы рух суперніка, пакуль не прыйшоў Іванаў сябар і адным стрэлам не паклаў мядзведзіцу, і так блізка была яна, што апырскала сваёю крывёю рукі Іванавы, і так роспачна, ужо забітая, глядзела яму ў вочы,
асядаючы пад дрэва, што хочаш не хочаш падумаеш: «а звяры таксама мыслі маюць»… Іван так вобразна расказваў пра гэты выпадак, што ён, здаецца, не слухаў яго, а фільм глядзеў, і то не сябар Іванаў выйшаў да рэчкі, а ён, і як яму стрэліць было, каб Івана не параніць, і мядзведзіцу з аднаго разу забіць ды прылаўчыўся нейк — ба-бах!.. яны яшчэ доўга сядзелі ў той вечар, Іван гаманіў, распавядаў пра свае прыгоды, а ён лавіў кожнае слоўка, гарэлка ў пляшцы пілася патроху і не канчалася, яму ісці
ў свой гатэльны пакойчык не хацелася, але ён раптам убачыў вочы Ларысы: яны настойліва выганялі яго — упарта казалі: та-бе па-ра іс-ці, хлоп-ча… яна ўвесь дзень чакала вечара, яна дачакалася яго, але яна губляла свой вечар — ноч надышла, а ён адбірае, спальвае на размовы такі дарагі час, калі Іван належыць толькі ёй, і гэтага часу так мала: усяго ноч — лічаныя гадзіны… ён уявіў сабе Ларысу побач з гэтым волатам, пад… і адвярнуў вочы: яна была, між іншым, зусім худзенькай і дробненькай (хоць косць
і была ў яе шырокаю), яна па жыцці і побач з сярэдняга росту мужчынам выглядала б кволай: метр шэсцьдзясят росту — дзяўчо дый годзе, змучанае Іванам, змардаванае (але як хочацца ёй гэтай пакуты…), яна была старэйшай за Івана гадоў на дзесяць, а мо і пятнаццаць, ёй было за пяцьдзясят па ўсім, хоць выглядала яна маладзейшай, асабліва цяпер, у агністай пажадзе, у паўзмроку вялізнай Іванавай хаты (адныя вочы на твары, адныя вочы!), якую асвятляла стомленая, напаўсляпая лямпачка на шэсцьдзясят ват,
што адзінока вісела на дроце пад сярэдняй бэлькай, і таму ў куце ля стала, дзе яны сядзелі, было карычнева-цьмяна, а што рабілася ў куце насупраць, там, дзе печ, і на печы, увогуле разгледзець было немажліва: там начавала ноч… шэрыя сцены, шэрая мэбля, шэрая вопратка, шэрыя коўдры ўцягвалі, убіралі ў сябе святло, тапілі яго, паланілі, забівалі, не выпускалі, і ў паўцемры Ларыса падавалася яму то бабай Ягой, ад якой трэба ўцякаць, то дзяўчом-аднагодкаю, якой нясперпна хочацца, якую хочацца…