Выбрать главу

прырода патрабуе… ён не ўяўляў, што з ёю будзе рабіць гэты гігант ці яна з ім… даруйце, але ўявіце сабе тую сітуацыю, яе вочы, што блішчаць юрам, зразумейце, чаму ён пра тое думаў, гледзячы на яе, хоць і разумеў, што лішні тут, што замінае ім, аднак… вырашыў застацца, каб… не, гэта пачынаецца пераказ ягонага сну, які не даваў спакою яму ўсю тую ноч на панцырным ложку Паўднёва-Курыльскага гатэля — ох, сон-сон, як жывы, як рэальнасць памятаецца той сон яму, а тады ён устаў пад умольна-няўмольным

позіркам, развітаўся (Ларыса запрасіла яго заўтра схадзіць пакупацца ў гарачых лячэбных крыніцах, якім цаны няма і якія «прыватызавалі» памежнікі, ён не адмовіўся і не пашкадаваў потым — благадаць: вакол шэрань белая, над вадою пара туманіцца, а ў вадзе — цяплынь ды лёгкі смурод серавадародны п’яніць…) і зрабіў крок з парога хаты ў поўную цемру вострава; на вуліцы агледзеўся і ўбачыў, як арыенцір, пляму святла той адзінай лямпачкі, што гарэла каля ўвахода ў гатэль, памкнуўся пабегчы, але наткнуўся

на нешта кшталту невысокага плота, потым за­ча­піўся за штосьці, упаў… і пайшоў асцярожна, аб­­мацваючы перад сабою дашчаны насціл і, зрэдку аступаючыся ў гразь каля яго (ён бываў у расейскіх гарадах і вёсках на поўначы і сустракаў там якраз такія вось збітыя з дошак ходнікі, і таму падумаў, што гэтыя ходнікі — дарожкі між гразі — ці не адзінае, што прыўнеслі свайго на Курылы расейцы…), ступаў і баяўся толькі, што можа згубіць насціл і забрысці некуды ў сопкі, а то і ў акіян…

аднак — час вяртацца на міліцэйскае лецішча, у надвячорак, дзе яны з сябрам Уладзем пакінулі ў перадпакоі хаціны, каля невысокае, па пояс, грубкі-печы з кружкамі зверху, якую на Палессі лічаць (і назы­ваюць) украінскаю, свае пляцакі; дасталі з іх вудкі-донкі, на­капалі, азіраючыся і прыслухоўваючыся да мерных уздыхаў акіяна і пошуму ветру ў блізкім бамбуку, тых самых гноевых чарвякоў і вырашылі, пакуль яшчэ светла, парыбаліць у акіяне, як іх вучыў дзядзька, — злавіць якую камбалу ці палтуса,

альбо горшай справай івасі, сардзіну ці краснапёр­ку… уласна рыба іх не цікавіла, іх цікавіў працэс (ха! — так і просіцца параўнанне з наведнікамі «дамоў пад чырвонымі ліхтарамі», якіх не цікавіць, што за жанчына будзе іх абслугоўваць, а цікавіць «уласна працэс»)… акіян якраз ажываў, ачуньваў, супакойваўся пасля нядаўняга шторму, бераг быў завалены гурбамі свежавыкінутай шэра-сіняй марской травы, жоўта-зялёнай склізотаю марской капусты, кавалкамі, цэлымі дошкамі і стваламі мытага абясскуранага дрэва,

карабельным смеццем, абрыўкамі тралаў, аранжавымі і белымі пенапластавымі паплаўкамі ў выглядзе шароў, пласцінаў (кажуць, у Японіі гэта цэлы бізнес: збіраць выкінутае акіянам на бераг дабро — так, гэта толькі ў Расеі яно смецце — і здаваць на перапрацоўку)… але гэта ўсё крыху паводдаль, а метраў пяць берага ля самае вады, які аблізвалі цяпер затухаючыя хвалі, былі чыстымі, пясчанымі, роўнымі і цвёрдымі нібы заасфальтаванымі (мясцовыя шафёры скарыстоў­ваюць у часы адліву бераг як найлепшую дарогу,

каб на грузавіку ці легкавіку хутчэй праскочыць ад пасёлка да пасёлка), ага, хвалі ўжо затухалі, але былі яшчэ даволі высокімі, а ўдалечы і ўвогуле — мелі метры тры ў вышыню і неслі на сваіх вяршыньках характэрныя белыя бурунчыкі-баранчыкі, што сведчыла пра іх моц, аднак у бераг яны ўжо не білі, а плаўна і настойліва накатваліся ўсёй сваёю даўжынёю, прычым не пад прамым вуглом, а коса, як любяць наразаць каўбасу ў менскіх рэстарацыях… яны кідалі свае донкі з цяжкімі свінцова-алавянымі грузіламі далёка ў ваду:

наколькі хапала лёскі — дурнота сухапутная, думаецца цяпер пра тую іхнюю спробу рыбалкі, але тады ўсё было на поўным сур’ёзе: яны кідалі донкі ў акіян з надзеяй на добрую здабычу, а акіян, гуляючы, выплюхваў іх на бераг… прайшла мо гадзіна, сцямнела, пакуль яны адышлі ад азарту і зразумелі, што акіян здзекуецца з іх, «ну, па-апошнім разе», — сказаў Уладзя, і ён пачаў круціць над галавою свінцовы груз, кінуў і… сэрца зайшлося ад болю: адзін з кручкоў донкі пранізаў халодны, змерзлы ўказальны палец,

упіўся глыбока, да косці, і дастаць яго было немажліва: сядзеў намёртва, як урос… яны вярнуліся да лецішча, селі на ганку, сябар дастаў нож, і ён пачаў выразаць кручок; нож, як заўсёды, быў тупы, скура не рэзалася, мяса рыпела пад ім і не паддавалася, а кроў сачылася хутка, і з-за яе таксама не было нічога відаць, тым болей што тут, каля лецішча, пад дрэвамі, было зусім цёмна, значна цямней, чымсьці на беразе акіяна; ён паклаў палец на калена і не гледзячы, а толькі сцінаючыся ад вострага болю, пілаваў