Выбрать главу

яго ўздоўж цэўка кручка, каб дабрацца да бародкі і выслабаніць палец… што яшчэ было кепска: кручок прабіў палец правай рукі і пілаваць трэба было нязручнай для яго, няўмелай левай рукою, сябар парываўся дапамагчы, але ён не дазваляў: калі робіш сам, здаецца, не так балюча, і сябар стаяў побач, назіраў, падціскаючы вусны, за ягонай экзекуцыяй… нарэшце, ён вырваў кручок з пальца, адышоў на крок ад лужынкі сваёй крыві на зямлі і палячыў палец — прадэзынфіцыраваў — народным сродкам,

як вучыў яго бацька, як рабіў не раз у дзяцінстве, як робяць усе на Палессі — тым болей, што ўвесь час, пакуль ён чыкільгікаў тупым нажом, яму вельмі хацелася гэта зрабіць; абліў сваёй вадкасцю і кавалак бінту, які падаў сябар, моцна абкруціў, заціснуў палец, каб кроў супакоілася і перастала сачыцца… можна было б перадыхнуць і рыхтавацца да начлегу, але найперш трэба было паесці, бо яны раптам адчулі апроч стомы моцны голад і згадалі, што ад палуднавання ў Паўднёва-Сахалінску смачным цётчыным баршчом

яны гадзінаў восем ужо нічога не елі, сябар чырк­нуў запалкаю, і яны ўвайшлі ў цемру перадпакоя, дзе пакінулі пляцакі з харчам і цёплымі рэчамі, а варта сказаць, набралі яны з сабою — не шкадуючы грошай — сахалінскіх прысмакаў (і пры талонна-карткавай сістэме журналістам на востраве, як «ідэалагічным падручным партыі», жылося някепска) і перад уваходам у перадпакой у кожнага, прынамсі ў яго дакладна, прамільгнула-згадалася каўтком сліны вяндлінка-грудзінка, набытая ў краме на выездзе з Анівы,

маскоўская сыравяленая каўбаска, узятая ў рэдакцыйным буфеце, добра правэнджаная спінка кеты — тлустая, па пальцах, па барадзе цячэ і крапае, крапае лой на сурвэтку, на падлогу… а да ўсяго сальца бел-чырвона-белае, гурочкі, памідоры, часнычок, цыбуль­ка, востранькія карэйскія прысмакі ў цэлафанавых пакеціках: капустка-чумча, чарамша (якую робяць тут з першых парасткаў папараці, што расце на востраве, а не з маладога часныку, як у Беларусі), праперчаная морквачка… мроі іхнія шугануў страшэнны грукат

і жахлівы піск у перадпакоі, калі туды зазірнула святло запалкі — нібыта яны заспелі там знянацку ды перапалохалі мядзведзя, не менш… яны знямелі ў адчайным страху, бо дагэтуль былі ўпэўненыя, што ў лецішчы нікога няма… з некалі белае, а цяпер закопчанае ў мурына, грубкі, што была вышынёю ў метр, з суцэльнае цемры, пазіралі на іх, гарэлі чырвона-жоўтымі вуглямі, вялізныя вочы — пераліваліся ў святле запалкі толькі дзве кропкі вачэй і больш нічога не відаць… «ай!», — крыкнуў сябар, гэта дагарэла

і апякла пальцы запалка — стала цёмна і яны вы­скачылі ў двор… «што гэта было?» — недаўменна, бязмоўна пыталіся яны адзін у аднаго і маўчалі, не знаходзячы адказу… ну, прынамсі, не мядзведзь, мядз­ведзя б яны і ў цемры разлічылі, разгледзелі б, то было нешта невялікае, бо зусім блізка адна ад адное стаялі кропкі вачэй, толькі дужа агрэсіўнае і ад таго не менш страшнае… але раз маленькае, то ён ўзяў у рукі турысцкую сякерку (куды ж у лес без сякеркі ехаць), а сябар у адную руку той самы нож,

якім ён палец свой крэмзаў, а ў другую — скручаную з «Савецкага Сахаліна» паходню — газета гарэла лепш і дольш, чымсьці запалка, вядома, і яны рушылі ў перадпакой; цяпер за дзвярыма пачулася шабуршэн­не, тупат шматлікіх ножак, грукат дробных скачкоў: «гуп-гуп-гуп», дзверы расчыніліся — на грубцы, на тым самым месцы, блішчэлі тыя ж самыя жоўта-чырвоныя вочы, а за імі вымалёўваліся абрысы здаравеннага пацука — добры кот, не меней; ад ног ягоных звісаў уніз і губляўся недзе ў цемры доўгі, як электрычны шнур,

хвост; пацук глядзеў на няпрошаных гасцей і не варушыўся: гаспадаром тут, каралём быў ён — гэта неаспрэчна, і прымаў ён іх на сваім троне — печцы-груб­цы, каля якой і стаялі пляцакі… стаялі? не, цяпер яны абвісла ляжалі: былі поўненькімі, дутымі, як мячыкі, калі пакідалі іх тут, а цяпер відочна пустымі… сябар махнуў паходняю, тыцнуў агнём у бок караля і той паважна, па-царску павольна, грацыёзна скочыў у цемру, бліснуўшы сытым крутым бокам — нібыта завіс на хвілю ў паветры — і знік у другім пакоі,

толькі чутно было, як цокаюць ягоныя кіпцюрыкі па падлозе… сябар заціснуў паходню ў дзвярах, і яны апусціліся да пляцакоў; якое расчараванне чакала іх: усё, што можна было з’есці — было з’едзенае, акуратна, культурна, знікла нават пратлушчаная папера — і вянд­лінка, і каўбаска, і рыбка, і хлеб, і карэйская капустка з дзіўным назовам чумча — смярдзючая, нераўнуючы як дзярмо, на пах, але прыемная на смак… усё было з'едзена… асобнаю горкаю ляжалі абгорткі цукерак — роўненькаю такою, зграбненькаю, нават