(а пачатак мае усё), не вечнае, бо калі ёсць у чагосьці пачатак, значыць, ёсць і канец: нават у кола, нават у круга; так, канец і пачатак часам сустракаюцца і ўтвараюць кола (будыйскае Кола Жыцця?), якое нехта хацеў бы бачыць спіраллю, аднак усялякая спіраль імкнецца ў свой пачатак, каб замкнуць кола, і тады пачатак робіцца пачаткам у кожнай кропцы паверхні кола, спіралі, шара — Зямнога шара; у любой кропцы, але тут, на краі зямлі, гэты пачатак-канец больш наглядны, чым у палескім лесе, балоце, альбо нават
на беразе рачулкі з інтымнай назвай Піна, Лань, Пціч, Ліпа ці іншай камбінацыі з чатырох літараў, бо там прастора замыкаецца, хай сабе і на даляглядзе, а тут — адкрытая наскрозь, навылёт, ажно да Амерыкі, дзе ён ні разу не быў і наўрад ці пабудзе, бо са сваёй палескай вёскі ён пайшоў не ў той бок (хоць зямля і круглая) і дабраўся толькі да Сахаліна, да Курылаў, да Шыкатана, што само па сабе дасягненне не меншае, чым падарожжа ў другі бок пачатку-канца, аднак ганарыцца няма чым, бо і тут ён чужы,
і там будзе чужым і непатрэбным нікому, апроч жменькі людзей, якім зададзена апекаваць яго: тут — каб не ўбачыў чаго лішняга, там — каб не расказаў чаго лішняга, каб не паведаміў буржуінам вялікі сакрэт — ваенную таямніцу (на Сахаліне яе ніхто і не хавае, нават ракеты, скіраваныя на Японскія астравы, стаяць адкрыта, і са спадарожнікаў, ды што там — з пралятаючых самалётаў, пэўна, бачна іх, як раскладзеныя на стале відэльцы; а на Кунашыры замест ракетаў стаяць знятыя з караблёў
вялізныя гарматы, і рулі іх нацэленыя на Хакайда — смешна гэта ў атамны век, што пачаўся якраз з Японіі…), якая там нікому не патрэбная, а патрэбны ім толькі ён, бо калі ён недзе нешта ўбачыць, а потым недзе нешта скажа, адныя яго «завярбуюць» і атрымаюць званні ды ўзнагароды, а другія «разаблачаць» і атрымаюць тое самае, а ён нічога не атрымае, бо не любіць, калі яго скарыстоўваюць, і таму: ён нічога не бачыць, таварыш падпалкоўнік, нічога не чуе і нічога нікому не скажа (а здымаў гарматы,
скіраваныя на Хакайда, выключна як экзотыку, як турыст, а не як разведчык, не як заходні шпіён, хоць Беларусь і далёка на Захадзе, і не трэба палохаць ні кар’ераю, ні нават смерцю, бо ён нічога не баіцца і да ўсяго гатовы) — ён бачыць цяпер толькі акіян, які на даляглядзе не зліваецца з небам, а ўтварае роўную лінію падзелу між цёмна-сінім і светла-блакітным, і гэтая лінія і ёсць для яго сёння мяжа між небам і зямлёю (акіянам), між гэтым светам і тым, між Расіяй і Амерыкай, між пеклам і пеклам,
бо раю на гэтай планеце для чалавека няма ўвогуле, аднак трэба жыць — не зважаючы на падпалкоўнікаў ці каланэляў — і вымятаць, выганяць з сябе думкі пра канец… пра смерць… не думаць: пайду ў акіян і не вярнуся, знікну ў хвалях без следу, расстану (і што каму тым дакажу?)… а жыць, не зважаючы на служакаў-служкаў (ён ім трэба, а не яны яму), і шукаць у гэтым жыцці добрае, лепшае, яшчэ лепшае — рай… зрэшты, што яго шукаць, вунь ён — рай: у даліне, дзе стаіць дзясятак доўгіх, як сцірты,
казармаў — баракаў-інтэрнатаў (на адным з іх нейкі жартаўнік так і напісаў: «paradis»), у якія звезлі з усяго СССР прастытутак (ці проста жанчынаў лёгкіх паводзінаў, ці проста няшчасных жанчынаў, якія не тым давалі альбо не змаглі тым даць…), каб не лезлі ў Маскву ды Ленінград да замежнікаў; упершыню паспрабавалі тое зрабіць падчас маскоўскай Алімпіяды-80, спадабалася — бясплатная працоўная сіла! — і зноў, потым зноў і зноў прывезлі жанчынаў падчас пуціны на Сахалін, на Курылы,
каб не прастойвалі кансервавыя заводы, што даюць краіне дзве трэці бляшанак усяго СССР: гарбушу ды сайру ў алеі — у спецбуфеты, а івасі ды мойву ва ўласным соку — у звычайныя крамы, хоць і там, і там яны — дэфіцыт, а тут — еш не хачу, ды няма апетыту, няма жадання, верне ад іх, мо ад таго, што бачыш, у якіх умовах яны робяцца, а мо таму, што ёсць сум і няма мужчынаў, а ў большасці тых, што жывуць на востраве ад рыбнага харчу гаспадарка толькі свеціцца, ды не грэе… шчасце ягонае,
што ён ведаў, куды едзе, а сябар — Уладзя — патрапіў перад ім сюды ў камандзіроўку з Паўднёва-Сахалінска непадрыхтаваны, і ў першую ж раніцу прачнуўся ў бараку голы, побач з высокім, як вулкан Цяця, жаночым задам, і здзівіўся: жывы… дапамагло, што напіўся і адключыўся: пашкадавалі «сердабольныя»: «маладой ісчо»… пашкадавалі… гэтае «ісчо», якое з часоў зямлячкі-Кацярыны ратавала расейскіх мужчынаў, спатрэбілася і беларусу; ён жа ведаў, куды едзе, і таму ўзяў з сабою не толькі веды
пра жанчынаў з баракаў, але і дзесяць (для поўнага ліку, ды і болей у сакваяж не лезла) пляшак «Жыгулёўскага» і два кіло чырвоных памідораў — сябар сказаў, што гэта самыя вялікія далікатэсы на сахалінскіх Курылах (астравы маюць яшчэ і мясцовую назву: «краіна вечназялёных памідораў»), хоць на самай справе яны, Курылы — японскія, бо, было, стаяў ён увечары на краі Кунашыра, глядзеў на Хакайда (восем км па вадзе — усяго два ры — хіба то адлегласць для вока і для душы?), бачыў,