па лісточку, па травінцы, пажавалі — ні смаку, ні наедку — выплюнулі зялёную сліну; падышлі да рэчкі, а там рыбы — аж кішыць: гарбушай, бы падлогай, рака засланая: спіна да спіны, як паркет; ідзе рыба на нераст, выконваць сваё жыццёвае прызначэнне… вось яна — чэрпай, дадавай солі, гатуй і еш… кінуліся да вады, а — не: пужлівая рыбка, так проста, голымі рукамі яе не возьмеш: як толькі спусціліся яны да вады, здаецца, паменела гарбушаў: каля берага, дзе спыніліся, і зусім не відаць, затое насупраць вада ажно кіпіць;
трэба сказаць, што рачулка каля лецішча, на раўніне, была і сапраўды рачулкаю: тут яе вусце, абгінаючы лазню метраў праз пяцьдзясят, упадала ў акіян, і таму яна была шырокаю — метраў сем і глыбокаю — з рукамі: камянёў у цемры дна не відаць; учора, кідаючы донкі, яны заўважылі, што на беразе акіяна, даволі дзікім, бо людзей тут амаль не бывае, чаго толькі не валяецца, і асабліва шмат рыбацкіх прычындалаў; выйшлі на бераг, завалены пасля шторму даўгімі палосамі марской капусты, якая таксама ежа,
адарвалі дзеля смеху па кавалку, пажавалі — цвёрдая і пругкая, бы гума, і толькі хруст пяску на зубах, знайшлі кавалак сеткі, ячэйкі якога якраз падыходзілі пад памеры гарбушы ў рэчцы, прывязалі яго да палак, атрымалася снасць, якую на Палессі называюць падхватам, адышліся трохі далей, дзе вады па калена, і палезлі ў сцюдзёную, ох і халодную раку, што кіпела рыбай, каб злавіць сабе сняданак; хвілінаў праз трыццаць зуб на зуб у іх не трапляў, і яны, нарэшце, зразумелі, што гэткім чынам застануцца не тое што
без абеду, але і без вячэры: рыба ў сетку не траплялася; гарбуша, што ідзе на нераст, рыбіна, вядома, нахабная, напорыстая, ніякія перашкоды яе не спыняюць, яна можа пераскочыць праз плаціну, праз вадаспад у некалькі метраў вышынёю, яна ўзбіраецца ў горы нават там, дзе на перакатах вады амаль няма: толькі голыя камяні — на пузе паўзе, без ног скача, а да мэты дабіраецца, але ж і пужлівая, асцярожная пры гэтым: не за сваё жыццё баіцца — ёй трэба зберагчы сябе дзеля нашчадкаў, дзеля працягу роду…
адным словам, гарбуша была вакол іх, яны былі ў гарбушы, аднак ніводнай рыбіны, як ні выхітрываліся, не злавілі, і тады, у адчаі, яны адкінулі сетку і пачалі лупіць па рыбіных спінах палкамі, каламі… пападзеш па яе спіне, а лепш па галаве, аглушыш, тут бы падхапіць ды на бераг, аднак — не: плынь моцная, зносіць… і яны скарысталі апошні варыянт: ён ішоў спераду і глушыў рыбу, а Уладзя ззаду стараўся падхапіць яе; не з першага разу, але яшчэ праз паўгадзіны валтузні ім удалося, нарэшце, здабыць дзвюх самак
з ікрою (ад гарбаносых самцоў самкі відочна адрозніваюцца сваёй прыгажосцю-грацыёзнасцю), як і хацелі — кілаграмаў па два-тры вагою, падхапілі іх за жабры і панеслі да лецішча (цяжкія, выслізгваюцца, хоць ты як дзіця на рукі бяры); першай справай успаролі жываты, дасталі ікру, засалілі, потым набралі ў рэчцы вады, прынеслі дроваў, падпалілі грубку і паставілі варыцца рыбны суп — з адное рыбы: ні бульбіны, ні макароніны, ні нават цыбуліны ў іх не было… пакуль збіралі дровы, крэмзалі на кавалі
рыбу, ікра прасалілася і можна было яе есці… прасалілася — гэта моцна сказана, усё роўна соль была асобна, а ікра асобна, прычым яшчэ цёплая, жывая, аднак есці яе было немажліва не толькі таму, а найперш з-за таго, што не было ў іх ні скарынкі хлеба, і есці ікру, памазаную соллю, нават па голадзе не дужа прыемны занятак: у горла не йдзе, перастрае, не глытаецца — хоць пальцам піхай, у роце расце, як мама казала; пэўна, яны яшчэ не вельмі прагаладаліся і лепш пачакаць варанае рыбы ці супу, ці юшкі…
дачакаліся, далі крыху астыць, пакаштавалі — есці можна, але дужа галоднаму, бо без хлеба нязвычна, з’елі па кавалку варанае гарбушы і здаволіліся — голад не прагналі, толькі крыху прытупілі… што далей рабіць? не пойдзеш жа пешкам да бліжэйшага жытла за пяцьдзясят кіламетраў па хлеб, трэба дзядзьку чакаць, які абяцаў пад’ехаць заўтра… часу наперадзе — мора, акіян: увесь дзень ды яшчэ ноч з цяпер ужо дакладна агаладалымі пацукамі ў суседзях, але лепш ужо тут пераседзець, чым у голым лесе начаваць і потым
якраз на падыходзе да пасёлка дзядзьку перастрэць… а дзень выдаўся найцудоўным — радасным, сонечным, і яны пайшлі гуляць па беразе; быў адліў, акіян ужо супакоіўся, і па краі ягоным можна было шпацыраваць нібы па набярэжнай, але далёка ад лецішча не адышліся, не таму, што, як Рабінзон, убачылі раптам чалавечыя сляды, а таму, што праз паўкіламетра наткнуліся на двух вайскоўцаў (яны вырашылі — памежнікаў з нейкае заставы), якія мірна спалі пад дрэвам, паклаўшы галовы на аўтаматы…