«служба ў іх такая — радзіму абараняць…» — пажартаваў сябар, аднак далей яны не пайшлі: яшчэ прачнуцца ды пачнуць страляць без разбору, вярнуліся назад да лецішча; заспаныя «пагранцы» пад вечар прыйшлі да іх самі, пацікавіліся, хто ды адкуль, — памежная зона ўсё ж: адсюль усяго 70 кіламетраў да Хакайда, уплаў можна, пастаялі, папалілі і па сакрэце расказалі навіну: «ноччу нашыя карэйскі пасажырскі самалёт тут непадалёку завалілі — амаль у нейтральных водах — ледзь не ўцёк гад, “Боінг-747”, з дзвюма ці трыма сотнямі
пасажыраў, разведчык натаўскі, над Камчаткаю, усім Сахалінам праляцеў… толькі пра тое ні гу-гу, мы вось ходзім, глядзім, ці ашметкі якія не выкінула, калі што цікавае ўбачыце — паведамце, застава тут недалёка: кіламетраў дзесяць па беразе»; яшчэ па цыгарэтцы ў сябра стрэльнулі, потым яшчэ па адной выцыганілі за вуха — на дарожку, і пайшлі, пабліскваючы на сонцы рулямі аўтаматаў; расповеду пра самалёт ён з Уладзем і паверылі, і не паверылі: неяк не надалі ўвагі таму, што гэтай ноччу,
калі яны змагаліся з пацукамі, са сном і голадам, недзе ў небе проста над іхнімі галовамі здарылася трагедыя… і толькі потым, у Паўднёва-Сахалінску, яны зразумелі значэнне таго, што адбылося: горад гуў, поўніўся чуткамі, людзі на працы, на вуліцах, у аўтобусах толькі пра тое і шапталіся: па мясцовай тэлевізіі спачатку назвалі гэта маною — «проіскамі імперыялістаў», а затым у маскоўскай «Правде» з’явілася нататачка пра збіты карэйскі самалёт, і давялося прызнаць, што было гэта, але «крушэнне пацярпеў»
не пасажырскі самалёт, а разведчык, начынены шпіёнскай апаратурай, які наўмысна «збіўся з курсу» і праляцеў над самымі сакрэтнымі ваеннымі базамі, і яшчэ праз час пацвердзілі, што там былі пасажыры, аднак толькі як прыкрыццё… пазней, ужо на Курылах, ён паглядзеў выпускі навінаў японскага тэлебачання — паказвалі слёзы радні сотняў загінулых, з каментаром па-расейску: ведалі, што глядзяць на астравах, а яшчэ больш праўды расказаў ім з сябрам выпадковы спадарожнік на цеплаходзе (адным з тых самых —
«Марыя Ульянава», альбо «Герман Герынг»), калі яны плылі з Карсакава ва Уладзівасток; трэцім у іхняй каюце быў лётчык марской авіяцыі, які «ведаў усё», і ў якога, пасля пляшкі гарэлкі «за знаёмства», свярбеў язык — расказаць — каб падняць тым сваю значнасць; лётчык некалькі разоў пачынаў распавядаць, потым прыкладваў палец да вуснаў: «ціха-ціха-ціха…» — і замаўкаў, а ўвечары, прыйшоўшы з рэстарана і даведаўшыся, што хлопцы з Беларусі, сказаў: «а самалёт той карэйскі ваш зямляк збіў, я яго ведаю,
перажывае чалавек, нашыя праспалі самалёт, заўважылі толькі калі ён пасярод Сахаліна быў, а як ляцеў над Камчаткаю, зусім не бачылі, паднялі перахватчыкаў, а карэец ужо да нейтральных водаў падлятае, што рабіць? яшчэ пару хвілінаў і… не дастанеш яго, нашы — чаргу трасіруючымі каля носа, каб завярнуць — не зважае карэец, дадому мкне, тады ваш беларус каля вострава Манерон, за пасёлкам Праўда, і зрэзаў яго; цэлы месяц потым на тым месцы тралілі: ніводнага цэлага цела — рукі, асобныя пальцы,
адзенне, папера, цацкі дзіцячыя… абасраліся перад усім светам, а землячок ваш, калі даведаўся, што пад тры сотні людзей паклаў, ледзь з глуздоў не з’ехаў»… а на лецішчы ў той дзень яны на бераг акіяна больш не пайшлі, не да таго было, дужа есці хацелася, а пайшлі ў лес ягадаў пашукаць, дакладней не ў лес, а ўздоўж дарогі, бо ў лес было страшна заходзіць: пяць крокаў — і можаш заблудзіцца ў мядзведжых сцежках сярод бамбуку ды гіганцкіх лапухоў незваротна, так ім здавалася; ягадаў не знайшлі, але неспадзявана,
разграбаючы лісце клапоўкі на схіле (ёсць такая цікавая далёкаўсходняя ягадка, якую не відаць з-пад цёмна-зялёнае, бы лакаванае, лістоты, а знайсці першую можна толькі наступіўшы на яе і пачуўшы рэзкі пах — таму і клапоўка), пачулі натужны гул «газіка», што ўспаўзаў на сопку, і сустрэлі… дзядзьку, які вырашыў прыехаць на дзень раней… і дзякуй Богу, бо яшчэ ноч яны тут не вытрымалі б; дзядзька тут жа падстрэліў баклана і зварыў шурпу; супец быў брыдкаватым, як на іх густ: мяса баклана
пахла рыбай і морам, было жорсткім, як кавалкі вяроўкі, але яны лавілі крупінкі і бульбінкі, на ўвесь рот кусалі хлеб і цыбулю і ўміналі шурпу за мілую душу… а потым, пакуль дзядзька паліў лазню ды мыўся, салодка спалі сытыя і стомленыя ўвесь вечар, які перайшоў у ноч… назаўтра дзядзька даў ім па стрэльбе, па свістку-манку, і яны пайшлі паляваць на рабчыкаў («копчыкаў» — пажартаваў сябар) па тых самых мядзведжых сцежках у зарасцях бамбуку, гіганцкіх агурэчніку, мядзведжай дудкі