ды лапухоў (казалі: гігантызм раслінаў — з’ява выключна сахалінская, якую вывучаць прыязджалі маскоўцы і якой месцічы ганарыліся, а ён потым пад Менскам сустрэў цэлыя плантацыі мядзведжае дудкі, што за нашых пару месяцаў лета вымахвала на тры і больш метраў у вышыню і ніхто не здзіўляўся гэтаму…); дзядзька папярэдзіў: ні ў якім разе не страляць на гук, шум, голас, толькі па цэлі, якую бачыш, і добра зрабіў, бо на свіст іхняга манка з кустоўя выйшаў яшчэ адзін паляўнічы (і адкуль узяўся?) з такім жа
свістком: чужак свісь — і сябар свісь, чужак свісь — і сябар свісь, а ён трымаў на мушцы тое месца, адкуль ішоў свіст і ледзь стрымліваў сябе, каб не гахнуць на «голас» рабчыка-копчыка, і калі ўбачыў перад сабою не птушку, а твар чалавека са свістком, так і асеў, і сказаў сябру: «усё, паляўнічы з мяне на гэтым скончыўся»… ён вярнуўся да лецішча — дзядзька збіраўся вудзіць рыбу ў рачулцы і рыхтаваў прынаду: нарэзаў кавалачкаў капронавых панчохаў і закручваў у іх па тры-чатыры ікрынкі — атрымліваліся вузельчыкі,
якія нагадвалі гронкі ягады-марошкі; аказваецца, вакол гарбушаў падчас нерасту аціраецца драпежная рыба кумжа, якая палюе на ікрынкі — з’ядае іх на нерасцілішчах, і рыбакі скарыстоўваюць гэтую ахвоту кумжы да дармовага ласунка; аднак так проста ікрынку на кручок не пачэпіш: праб’еш, і выцячэ, як вока, толькі белая скурка застанецца, а ў капроне ікрынкі і відаць, і падчапіць за нітачку акурат можна… карацей, замест дзядзькі на рыбалку, як госць, выправіўся ён; рыбацкае шчасце, вядома, такое ж
няўлоўнае, як і паляўнічае, але бацька ягоны любіў казаць: «у рыбака голыя бака, але дым не пусты…», так яно і здарылася: толькі закінуў ён вуду ў рачулку бліжэй да вусця, дзе шырэй, глыбей і рыбы не відаць у празрыстай (!) чарнаце, як леска напялася і пачала рэзаць ваду: нябачная кумжа адразу ж сквапна хапанула ікрынкі і паплыла далей, але ўжо на кручку; рыбіна падалася магутнаю і, адпаведна, вялізнаю… за жыццё яна змагалася імпэтна, стралою кідалася ад берага да берага, ускаламуціла ваду
і распалохала ўсё і ўсіх вакол сябе; выцягнуць яе было няпроста найперш таму, што быў ён не дужа спрактыкаваным рыбаком і баяўся страціць свой першы ўлоў; урэшце на траве перад ім апынулася маленькая, сантыметраў за дваццаць, дужа ўпартая, вёрткая і неспадзявана прыгожая рыбінка, ён адышоўся метраў трыццаць і зноў закінуў вуду, ікрынкі не паспелі патануць, падсечка, і другая, крыху большая рыбінка ўжо б'ецца каля ног — выцягнулася зусім без напругі, проста дасталася з вады,
потым трэцяя, яшчэ драбнейшая за першую… расчараванне ягонае зняў дзядзька, які падышоў і шчыра здзівіўся: кумжа лічыцца ці не самай каштоўнай тут — самай чырвонай з чырвоных і самай паважанай з паважаных у рыбакоў, бо гарбушу — ідзі ды бяры голымі рукамі, а кумжа — рыба рэдкая, шляхетная… дзве-тры — ужо шчасце, а дзясятак — герой! дзядзька прашаптаў штосьці кшталту: «пачаткоўцам (дурням) шанцуе», а ён падумаў, што нарэшце Сахалін яго прыняў і аддзячыў за знаёмства, за прыезд і за любоў…
потым, пасля «абеду», а дзядзька з кумжы згатаваў файны (не тое слова — пальчыкі абліжаш!) «шашлык», яны паехалі на далекаватую водмель (быў адліў, акіян адступіўся ад берага, пакінуўшы мокрыя камяні, здалёку падобныя на спіны статка марскіх коцікаў на лежбішчы ля горада Невельска), каб назбіраць «морапрадуктаў»: ракавінак марскіх пятушкоў (пеўнікаў?), марскіх грабяшкоў (грабеньчыкаў?) і, вядома, крабаў; грабяшкоў ды пятушкоў (іх тут часцей трубачамі называюць) сабралася
па вядру хутка (якое ўсё ж багатае тут мора!..), а вось крабы былі «самаходныя»: яны не чакалі, як ракавінкі, калі іх падымуць, а разбягаліся, зашываліся ў шчыліны, плёскалі па лужынах вады, бараніліся клюшнямі, балюча шчыпаліся, ніяк не даваліся ў рукі, а браць трэба толькі за верх, за панцыр, дзе вочкі-перлінкі злосна бліскаюць… аднак і імі цэлафанавы пакет даволі хутка напоўніўся… вячэра была класная: якая ўсё ж смаката — марскія грабяшкі — куды там нашыя баравікі, хоць, калі трошкі схібіць,
калі падыграць сабе, дык і падобныя па смаку… спаць гэтым разам яны клаліся сытыя, і заснулі хутка пад пошум акіяну, пад пашкробванне пакінутых у пакеце на заўтрашні сняданак жывых крабаў, пад мерны храп дзядзькі, які заснуў раней за іх… і прачнуліся ад страшнага крыку — саскочылі з ложкаў не разумеючы, што адбылося: ці не галодныя пацукі накінуліся на дзядзьку? і загрызлі! сябар запаліў свечку — былі тут запасы, пра якія яны ў першы вечар не ведалі і не знайшлі — дзядзька сядзеў у ложку і трос