вялізнаю — апухлаю? — шматпальцавай рукою; не адразу, але ім дайшло, што гэта крабішча вісіць у яго на руцэ… ноччу крабы прарвалі цэлафан (ці пацукі прагрызлі, лезучы па ежу) і распачалі вайну з нахабамі пацукамі за авалоданне пакоем і ўсім лецішчам; дзядзька прачнуўся, пачуў шкрабаценне пад ложкам, апусціў туды руку, як дома да коткі, і краб цапнуў яго соннага… смех-смехам, аднак трэба ўжо развітвацца з лецішчам, бо час вяртацца ў пачатак, да вогнішча, што гарыць каля намёта, дзе чакае яго
смачная юшка, якую зварылі сябры браты-армяне, хоць ён не аматар юшкі, тым болей з марской рыбы, (а дзе яе тут, на Шыкатане, рачную знойдзеш?), бо марская рыба і ўсе гэтыя морапрадукты: грабяшкі ды петушкі (трубачы), марскія агуркі (трапангі) ды капуста (ламінарыя), крабы ды кальмары — даўно абрыдлі і хочацца акунькоў ды плотачак, як на радзіме на Сяляве, і хочацца дамоў на Беларусь, у родную неўпарадкаваную Беларусь, бо менавіта там, на Сахаліне, калі ў адзін з выходных яны з сябрам
пайшлі да гары пад назовам пік Чэхава, прагучала: «а слабо ўвесь дзень адразмаўляць тут, на Сахаліне, толькі па-беларуску, слабо?», аказалася — не слабо, аказалася — можна; там, на Сахаліне, ён упершыню задумаўся над тым: хто я ёсць і што я ёсць без роднай мовы, бо да таго ганарыўся, што чыста-чыста, зусім без акцэнту, размаўляе па-расейску… менавіта адтуль, з Сахаліна, ён вярнуўся на Беларусь беларусам, бо іхняя спроба размаўляць па-беларуску не наткнулася на неразуменне і супрацьстаянне:
«гаварыце на нармальным языку», як дома, а наадварот, успрынялося натуральна: «а што такога: вунь побач з намі карэйцы жывуць і размаўляюць па-свойму, а далей — армяне і так хуценька балбочуць, што не зразумець нічога, але хай, няхай… а ёсць яшчэ каракі ці ніўхі, якім іх пісьменнік Уладзімір Сангі, што ў «Савецкім Сахаліне» спрабаваў працаваць, нядаўна буквар напісаў, каб мову вучылі, так што і вы гаварыце, гаварыце — прыгожая ў вас мова, хоць і смешная трохі нашаму вуху…» — і яны размаўлялі
і балдзелі, балдзелі і ўсведамлялі сябе іншымі, не чужымі, але іншымі… так, на Сахаліне, на беразе Ціхага акіяна, на краі свету, думаецца пра Беларусь, якая так далёка і заўсёды блізка: з табою, у табе… на Сахаліне любяць Беларусь і беларусаў, бо яны знаходзяцца на другім краі канца, кола, а значыць побач… на Сахаліне — кожны чацвёрты беларус (прыехалі па вярбоўцы пасля Другой сусветнай вайны), праўда, ужо не па пашпарце, бо яго даўно запісалі расейцам (уся радня ягоная, а тым болей іхнія дзеці —
ужо расейцы…), а па сваёй геннай памяці… на Сахаліне яму не давалі забыцца, што ён беларус («Песняры» — культавы гурт!) і прымушалі — давалі сотні падставаў! — ганарыцца тым, што ён беларус… загадчык аддзела сельскай гаспадаркі газеты «Савецкі Сахалін», мардвін з-пад Разані, Фердаліс Ахатавіч, якога клікалі ўсе ласкава Сахатавіч, хацеў яго, як бульбаша, зрабіць галоўным на Сахаліне спецыялістам па вырошчванні бульбы на каменнай глебе вострава, і не столькі вырошчвання, бо сякая-такая
бульбачка там расла, колькі па ўборцы: ніяк не йшлі там камбайны, блыталі бульбу з каменнем і ламаліся бясконца… смешна… цяпер смешна, а тады было ўсё на поўным сур’ёзе; дарэчы, як і ўласна журналісцкая праца, які дурны ён быў, бо каму цікавая ды патрэбная тая праца, бясконцыя камандзіроўкі да перадавых жывёлаводаў, нарыхтоўшчыкаў кармоў (о, нарыхтоўка кармоў на тагачасным Сахаліне»… песня! кожны завод, кожны «калектыў» з’яўляецца шэфам саўгаса — а тут іх прыблізна па адным на раён —
і ўсё лета, «вахтавым метадам», змяняючыся па чарзе, «шэфы» дабываюць кармы на лугах, уздоўж дарог, у лесе для саўгаса, дзеля гэтага будуюць стацыянарныя лагеры, палаткавыя гарады, і колькі там людскіх трагедыяў ды шчасцяў нараджаецца!), гароднінаводаў… бо і цяпер, у гэтым тэксце, згадкі толькі пра тое, што было па-за працай, пра тое, што не ўвайшло ў рэпартажы ды нарысы, крытычныя артыкулы ды фельетоны; але ён не застаўся на востраве, каб культываваць там «ісконна беларускую
бульбу» (даруй, даруй, Сахалін, даруй, востраў Скалы ля Чорнае рэчкі), не ўтрымаў яго там і любімы тады пісьменнік — Антон Паўлавіч Чэхаў, які, зрэшты, і сам пабыў на Сахаліне, як на экскурсіі, прыблізна столькі ж часу, колькі і ён; але ехаў туды ён не з-за Чэхава і не па чэхаўскіх слядах: пра падарожжа Чэхава на Сахалін ён падрабязна даведаўся толькі на Сахаліне, і напісаную Чэхавым кнігу пра востраў здабыў і прачытаў толькі на самім Сахаліне; кнігу гэтую чамусьці замоўчвалі: не выдавалі