Выбрать главу

і не рэкламавалі ў СССР, як іншыя рэчы класіка, і стараліся не ўключаць у зборы твораў; дагэтуль пра Сахалін чытаў ён хіба ў рамане Мікалая Задорнава, бацькі будучага савецка-расейскага гумарыста Міхаіла Задорнава, які славай сваёй пераплюнуў і зацьміў старэйшага… то быў расповед пра тое, як капітан Невяльской адкрываў за Татарскім пралівам праліў Невяльскога, каб даказаць, што Сахалін востраў, а не паўвостраў, і раман называўся гучна і запамінальна: «Вайна за акіян»; кніга Чэхава

была іншай, дакументальнай і зусім негераічнай, пачытаўшы, ён зразумеў, чаму расейцы стараліся не афішаваць яе, хоць там нібыта «бічаваўся і аблічаўся» царызм, што па тым часе не проста трэба, а неабходна было рабіць… «нібыта» — важнае слова, бо Чэхаў напісаў праўду не пра царызм, а пра расейцаў увогуле — заўсёды і ўсюды прыхадняў (Аўстралія — краіна катаржанаў сёння працвітае, бо вольная, а Сахалін…) і прызнаваў (а тады, да прайгранае Японіі вайны 1904–1905 гадоў, гэта крамолаю не лічылася), і пра

першаснасць адкрыцця, даследавання і пасялення японцаў на поўдні Сахаліна і Курылах… тым не менш, на Сахаліне быў культ Чэхава: горад Чэхаў, вуліцы Чэхава (усюды, дзе толькі можна), кінатэатры ды тэатр імя Чэхава, пік Чэхава (культ роўны, калі не большы за культ Леніна), музеі Чэхава, у адным з якіх ён убачыў рэч, якая нібыта належала Чэхаву: дажджавік, і здзівіўся памерам яго: мяркуючы па здымках, па твары, яму заўсёды здавалася, што Антон Паўлавіч быў невысокім чалавекам, а тут плашч —

гіганта проста; экскурсавод паведаміў, нібы па сакрэце, тое, што чамусьці не казалі: Чэхаў быў высокім для таго часу мужчынам — за метр восемдзесят ростам… а потым дасведчаны экскурсавод-патрыёт аспрэчыў яшчэ адную «ісціну»: апошнія словы Чэхаў прамовіў не па-нямецку — «Ich sterbe», гэта прыгожая мана, ён папрасіў перад смерцю падаць яму шампан­скага, і гэтая просьба ягоная была апошняй прамоўленай; з экскурсаводам, а то быў борздзенькі дзядок з «чэхаўскай» бародкай, яны потым разам выйшлі

з музея (а размяшчаўся ён у самым адметным у Паўднёва-Сахалінску будынку, былым японскім, з загнутымі, як у пагады, канцамі страхі) і прася­дзелі ў кавярні колькі гадзінаў за размоваю, і ён усё намагаўся ўзяць яму сто гарэлкі альбо пляшачку добрага віна на дваіх, дзядок жорстка і катэгарычна адмаўляўся, як адмаўляюцца толькі істыя п’яніцы ад «спакусы», аднак на развітанні сціпла папрасіў набыць пляшачку звычайнага «чарніла», якое толькі і ўжывае сам-насам, бо жыве адзін… па дарозе да гарэлачнае крамы

стары расчуліўся і пачаў распавядаць пра «дон-жуанскі» спіс Чэхава, потым перакінуўся на Талстога, які прызнаўся Чэхаву, што быў у маладосці «нястомным ё…», але — няхай дасведчаныя чытачы шукаюць пра гэта ў іншых кнігах… а ён — ён здрадзіў востраву, каб не здрадзіць Беларусі: ён вярнуўся дамоў, і не да буль­баўборачных камбайнаў, не да родных вішняў ды ліпаў, не да маці, не да сяброў, і не да каханай нават — а проста дамоў, бо Родны Дом — гэта ёсць і маці, і сябры, і каханая — усё разам… вярнуўся,

каб зноў і зноў сцвердзіць ісціну: каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба дома бываць часцей… і — быць дома не госцем… і вось цяпер, калі ён сказаў пра Сахалін што мог і не мог сказаць, калі збіраецца адсюль дамоў, прыйшоў час нарэшце не прамаўчаць і пра тое, дзеля чаго ён паехаў на востраў, што прывяло яго сюды; зрэшты, ніякая гэта не таямніца, бо што яшчэ можа прывесці, як не каханне, дакладней — любоў, так любоў да ўсяго японскага, пачынаючы ад літаратуры, гісторыі, культуры, людзей…

да раслінаў, страваў, назвы якіх былі вычытаныя ў кнігах, да японскіх жанчынаў, якіх ён уяўляў анёламі з анёльскімі крыламі (гэтакімі мадам Батэрфляй — хоць у менскай оперы мадам Батэрфляй спявала жан­чына гадоў за пяцьдзясят, гэткая грубка на тоўстых ножках) і анёлападобнымі трапяткімі характарамі… усё японскае пачыналася для яго з любімага Акутагавы (мінуючы Коба Абэ, Кавабату, Кэндзабура Оэ ды іншых лаўрэатаў і нелаўрэатаў Нобеля, кнігі якіх былі даступнымі, а тым болей моднага падчас

перабудовы Юкіа Місіму і звышмоднага цяпер Харукі Муракамі) нашумелай часопіснай рэчы Пікуля пра тры ўзросты Акіна-сан, фільмаў Акіра Курасавы, якія давалі болей; праўда, галоўны фільм мэтра (не «Дэрсу Узала», як лічылі ў СССР) ён убачыў пазней, па вяртанні з Сахаліна — той, у якім герой амаль дзве гадзіны экраннага часу нясе сваю маці ў горы, каб пакінуць там паміраць, бо стала яна для сям’і лішняй; ага, вось яшчэ адная паралель між японцамі і беларусамі: ніхто не звярнуў увагу на беларускі

фальклор (гэтак, як Курасава на японскі): у беларускіх казках сыны заводзяць старога непатрэбнага бацьку ў лес і пакідаюць паміраць… ці не ёсць гэта родавая (радзінная) пляма беларусаў? Беларусь знаходзіцца між Захадам і Усходам (але на Захадзе), для еўрапейцаў увогуле характэрны Эдыпаў комплекс: сын забівае бацьку, для азіятаў — Рустамаў комплекс: бацька забівае сына (хто тады расейцы з іх Іванам Жахлівым ды Пятром Першым?), беларусы знахо­дзяцца пасярод: сын адвозіць бацьку ў лес