паміраць; Японія знаходзіцца між Усходам і Захадам (але на Усходзе: на захад ідзе поўня, а цені кветак — на усход) і ў Японіі сын адносіць маці ў горы паміраць… менавіта тут нашае падабенства і нашае адрозненне: падабенства ў сярэдзіннасці (Дух сярэдзіны жыве не толькі ў Японіі, лунае ён і над Беларуссю), адрозненне толькі ў накірунку вектара (праз колькі гадоў па ягоным вяртанні з Сахаліна здарылася тое, што нават скептыкаў прымусіла ўбачыць падабенства Беларусі і Японіі: на свет — а найперш
на Беларусь — абрынуўся Чарнобыль… «ваенны» атам першым упаў на Хірасіму і Нагасакі, на галовы японцаў, а «мірны» — на галовы беларусаў… зноў нібыта палярнасць: ваенны — мірны, зноў нібыта супрацьлегласць, а па сутнасці адно і тое ж… не пытайцеся, чаму менавіта Беларусь і Японія — хіба бывае на гэтым свеце нешта выпадковае?); …так, пра Японію ён ведаў і шмат, і мала, і гэтая палярнасць: «шмат» і «мала» — ляпіла «палярны» вобраз народа: уражанне самурайскай жорсткасці, свірэпасці нават,
межавала, перапляталася з пяшчотаю, замілаваннем, што абапіралася на асаблівае стаўленне да прыроды (зноў паралель: хто яшчэ ў Еўропе так любіць прыроду, як беларусы, хто яшчэ, нягледзячы на меліярацыю ды чарнобыльшчыну, так збярог яе, хто мае Белавежу і балоты Палесся?), сям'і, родных і блізкіх, але паколькі патрапіць у самую Японію яму, студэнту журфака БДУ, на той час было абсалютна немажліва нават па турыстычнай пуцёўцы, абраў ён больш просты шлях: на Сахаліне, паўднёвая палова якога
да 1945 года была японскай, жылі ягоныя цётка і дзядзька (сястра і брат маці) і ён вырашыў паехаць туды на творчую практыку ў абласную газету, што і зрабіў; з першых крокаў на востраве ён шукаў тое, што засталося тут ад японскае прысутнасці, смакаваў былыя назвы Карсакава, Паўднёва-Сахалінска, Холмска ды іншых паселішчаў (як проста: Тойохара, Отомарі, Хонто, Сірітору, Эсутору, Оціай, Маока…), шукаў будынкі — адзінкі якіх з характэрнай, непераробленай, азіяцкай — пагаднай —
архітэктураю (з дахамі, загнутымі бы крылцы матылькоў на ўзлёце), але засталіся, думаў знайсці сакуру (у ружовым вэлюме-кімано, пакратаць смочкі яе дробных — хай і неядомых — вішанек), ён прывёз з сабою нават беларускіх вішняў, нарваных у бацькоўскім палескім садзе ў роднай вёсцы, каб высыпаць іх пад ногі сакуры, але так і не знайшоў яе (вішні, як далікатэс, з непрыхаванай радасцю з’ела ягоная радня, бо на Сахалін тады, бывала, прывозілі на караблях бананы і ананасы, апельсіны
і грэйпфруты, на самалётах армяне вазілі дужа дарагія дыні і кавуны, траплялі і чарэшні, але вішні ніхто ніколі не прывозіў…), мо таму, што тут задужа холадна было сакуры, хоць на Курылах многія дрэвы сваёй раскідзістасцю вельмі нагадвалі яе, а мо таму, што не было тут японцаў, а яна расце толькі там, дзе ёсць японцы… так, на востраве, на Сахаліне, японцаў не было — у гэтым ён хутка пераканаўся (хоць і прыцягнуў да сябе сваімі роспытамі цікаўнасць пэўных органаў, пра што да пары да часу —
да выцечкі на Курылы — і не падазраваў), усіх іх альбо вынішчылі, альбо дэпартавалі пасля 1945 года, альбо саслалі ў лагеры на Далёкі Усход, альбо самі яны з’ехалі на поўдзень… японцаў не было, затое шмат жыло карэйцаў, якія хоць і вузкавокія, хоць і круглатварыя, але ад японцаў адрозніваюцца так, як бульба ад яблыка, шмат армянаў, ёсць абарыгены — ніўхі (айнаў — іх згадваў яшчэ Чэхаў — ужо няма…) ды каракі, якіх мой дзядзька называў на стары расейскі лад гілякамі і ўсё жартаваў са швагра: на фіга
ты браў у жонкі беларуску, жаніўся б лепш з гілячкаю, ім дазваляюць па сто кіло чырвонай рыбы на чалавека лавіць і за браканьерства не ганяюць, а з рыбы можна зрабіць усё: нават абутак у час татальнага дэфіцыту (а то быў якраз такі час), аднак сапраўднымі гаспадарамі былі там славяне — расейцы, беларусы, украінцы, хоць і хадзіла на востраве показка: «паспрачаліся аднойчы армянін і карэец: хто на Сахаліне гаспадар? пабіліся ў кроў, пасадзіў іх міліцыянт у кутузку, кажа: пасядзіце тут ноч,
астыньце і разбярыцеся, хто на востраве гаспадар… раніцай адчыняе дзверы, карэец першым выскоквае і крычыць, паказваючы на армяніна: ён, ён гаспадар, я — гаспадыня…» — тут кожны славянскі сахалінец голасна рагоча, бо падкузьміў-такі сваіх галоўных супернікаў па востраве, якія сваё месца ведаюць, але… прэтэнзіі маюць і жывуць шчыра, дружна ў сваіх кланах супраць «рускіх», і калі б не Масква, калі б карэйцам можна было, дык японцам давялося б надоўга забыцца пра вяртанне «ісконна