Выбрать главу

рускіх земляў» у сваё лона, а то і зусім страціць надзею… дык вось, праз колькі тыдняў ён ужо ведаў, што на ўсім Сахаліне і Курылах жывых японцаў менш, чымсьці пальцаў на руках, а з дзяцей і ўвогуле адна (!) дзяўчына (!) прыблізна ягонага ўзросту (!) — студэнтка мясцовага педінстытута, але цяпер і яе ў Паўднёва-Сахалінску няма: яна на Курылах, у будатрадзе, на пуціне, працуе на адным з кансервавых заводаў… бацькі яе — камуністы-падпольшчыкі, можа нават і завербаваныя савецкія разведчыкі падчас

вайны, цудам выжылі пасля «вызвалення», яшчэ большым цудам не патрапілі ў лагеры, яна іх позняе дзіця, народжанае падчас хрушчоўскае адлігі, бо да таго яны баяліся заводзіць дзяцей — кожную ноч чакалі «чорнага ворана» — цяпер пенсіянеры, жы­вуць ціха, непрыкметна, апошнія дні свае прысвяцілі адзінай дачушцы, дужа не хацелі пускаць яе ў гэты будатрад, моцна перажываюць, але на Курылы самі яны «нявыязныя»… ён сустрэўся з японцам — нібыта выпадкова, і ўбачыў, што японец такі, якім ён

яго сабе і ўяўляў (зусім не ваяр, і нават не ронін, хоць потым ён вымушаны быў прызнацца сабе, што памыліўся, бо перад ад’ездам японец таемна паказаў яму свой гонар — кароткі меч сето, які захаваў і спа­дзяваўся скарыстаць у апошні — патрэбны — момант…): усмешлівы, добразычлівы, шыя ўвесь час торгаецца, нібыта ў паўпаклоне… было так: ён «выпадкова» прысеў, «стомлены», на лаўку, на якой сядзеў японец, абапершыся на гожы кіёчак; японец быў сухенькі, дроб­ненькі, спакойна-мітуслівы, якімі бываюць азіяты,

недаверлівы: жыццё сярод чужых людзей навучыла яго не верыць ім ад пачатку і давяраць толь­кі потым; японец сядзеў шырока расставіўшы ногі і час ад часу нешта чырыў кіёчкам на пяску — можа, іерогліфы згадваў, можа, пісаў ліст дачушцы; краем вока ён назіраў за японцам, а той, пэўна ж, за ім, тэмы для размовы ў яго не было і не прыдумлялася і ён баяўся, што зараз японец устане і пойдзе, а яшчэ раз ён да яго падсесці «выпадкова» не зможа; перад імі, метрах у дзесяці на асфальтавым ходніку

два вераб’і распачалі бойку за скарынку хлеба, завялікую для іх, падскоквалі, стукаліся грудкамі, выбівалі з сябе па пушынцы, і разляталіся; пакуль яны біліся, артыстычна, бы акторы за ролю, скарынка ляжала голая і адзінокая, як пакінутая жанчына; да яе падышла варона, дзелавіта дзеўбанула, падкінула высока на сабою, прагна схапіла і праглынула; японец пасміхнуўся, зірнуў на яго: ці ўсвядоміў ён сімвалічнасць таго, што адбылося? — больш зручнага моманту дзеля знаёмства можа і не быць, зразумеў ён

і ляпнуў неўпапад першае, што прыйшло ў галаву: «не падзелішся — страціш усё…», японец зноў пасміхнуўся, кіўнуўшы галавою, нібыта пагадзіўся з ім, хоць ён адчуваў, што сказаў калі не глупства дык банальшчыну, але спыняцца яму было нельга, і ўрэшце ён пачуў голас японца ў адказ і здзівіўся: за амаль сорак гадоў жыцця сярод расейцаў той так і не навучыўся размаўляць без акцэнту, без сюсюкання і скрыпу, якія яго адразу выдавалі; калі ж японец даведаўся, што праз некалькі дзён ён едзе

на Курылы, не стрымаўся і папрасіў адвезці перадачу дачушцы («тацюське», — сказаў японец, і ён не адразу зразумеў, што гэта не імя): трошкі прысмакаў і пару пашытых маці цёплых шкарпэтак; ён з удзячнасцю не адмовіўся — яму трэба было наладжваць масток… але… але на Шыкатане яны з той японачкай размінуліся: яна прастудзілася і захварэла і яе адправілі на Сахалін ці не тым цеплаходам, на якім прыплыў ён, і на востраве, цалкам выпадкова, аказалася толькі адна японка — тая самая маскоўская гейша Таня,

і яму нічога не заставалася, як скарыцца ейным чарам на самым краі СССР, на мысе каля знакамітага каменнага аргана, ад чаго яму цяпер сорамна і за што яму цяпер назаўсёды сорамна, і ён шукае апраўдання і вінаваціць братоў-армянаў, якія ў першы дзень адпусцілі яго аднога… а з той адзінай сахалінскай японачкай ён усё ж пазнаёміўся, калі вярнуўся ў Паўднёва-Сахалінск і панёс баць­кам неперададзеную перадачу; яны вохкалі, шка­давалі, што яму давялося столькі дзён цягаць пакунак з сабою, ушчувалі,

што не расчыніў і не з’еў прысмакі, і тут жа частавалі імі, паілі горкаю зялёнаю гарбатай, японец вучыў гульні ў го; а потым яны з японачкай сядзелі ў ейным пакоі, ціха гучаў магнітафон (адмысловы, дарэчы, — «Соні»), спявала «Машына часу» — «вот новый поворот… что он нам несёт…» («і сапраўды — што?» — падумаў ён), і густы іхнія супалі, і гады былі блізкія, і была яна сімпатычнаю, як усе познія дзеці, кволаю і разумнаю, ён быў ёй таямнічым незнаёмцам з далёкіх краёў; загучалі «Песняры», якіх яна любіла