і вольныя ад вахтаў з каманды сабраліся на «культурную» праграму ў паўкруглай, пэўна — кают-кампаніі, адзін з афіцэраў, што спяваў пад гітару меладычныя — турысцкія — песні пра мора, Сахалін ды Курылы (запомніўся прыгожы радок, хоць і дужа прасавецкі: Ітуруп стаіць у будзёнаўцы вулкана…), між іншым расказаў, амаль па сакрэце, шчыра, як ля вогнішча, пра тое, што раней гэты цеплаход называўся «Адольф Гітлер» (і ёсць яшчэ месцейкі, дзе можна знайсці надпісы па-нямецку, асабліва
ў машыннай зале), належаў Германіі, аднак пасля вайны, па Перамозе, яго з Балтыкі адагналі падалей, на Далёкі Усход, і ён (як яшчэ два такія ж караблі з жаночымі імёнамі) вось ужо трыццаць гадоў з гакам прасуе Ціхі акіян ад Уладзівастока да Камчаткі і назад з заходам на населеныя Курыльскія астравы ды Сахалін; цеплаход і цяпер уражвае сваёй велічнасцю, асабліва на рэйдзе, побач з рыбацкімі эмэрэскамі, ды і ўнутры таксама, а даць бы яму рамонт, знішчыць абшарпанасць савецка-адвечную, надраіць медзь
ды нікель, кілімаў накласці, якія некалі, пэўна ж, ляжалі паўсюль, — і ўявіць цяжка тую прыгажосць… дарэчы, пра прыгажосць: дзіўна, але тут, на караблі, працавалі вельмі прыгожыя людзі: і маракі (той вусаценькі спевачок у кают-кампаніі быў падобны да «ад’ютанта яго правасхадзіцельства» Саломіна з фільма і адначасна да Лерманатава з партрэтаў у школьных падручніках), і абслуга, і афіцэры — як на падбор, не кажучы ўжо пра матросаў-волатаў, а афіцыянтачкі ў рэстарацыі… ды нават
дзяўчаткі-прыбіральшчыцы — такія, што ўпрыгожылі б лепшыя панелі Масквы, ды што там — найзнакамітыя бардэлі Еўропы і Амерыкі альбо, у крайнім выпадку, не горшыя подыумы Парыжа… асабліва адная, што прыбірала якраз у ягонай каюце… а, трэба сказаць, плыў ён у першым класе і, паколькі пасажыраў было ўвогуле мала, адзін у двухмясцовай каюце; чаму ён згадаў пра бардэлі: як яна паглядзела на яго — хіба на позірк той можна забыцца? — калі нагіналася, падмятаючы падлогу,
вымятаючы нешта з-пад лаўкі-ложка (як бы падкідвалі клубы такія — міжволі падумалася?), была яна трошкі вышэй сярэдняга росту — не зусім мадэльная — і даволі худая: якраз такая, якія яму падабаліся, пры такой фігурцы яна магла б быць і не прыгожаю, аднак вабнаю і жаданаю, але ж яна была прыгожаю… прыгажуняю… сэрца сціскалася, калі вочы гладзілі яе, і думка міжволі пульсавала: колькі ж ты каштуеш? аказалася, такса звычайная — дзесяць рублёў за раз, незалежна ад таго, колькі доўжыўся працэс:
трыццаць секундаў ці трыццаць хвілінаў, пра гэта яму грубавата-лёгка сказаў той самы армянін Вартан, у якога яна, можа, і расчараваная ягонай нясмеласцю, падмятала падлогу ўслед за ягонай каютай і з якім у той вечар ён разгаварыўся ў кают-кампаніі, куды пайшоў разбавіць шум (сум) пасляштормавага калыхання (казалі — гэта ў акіяне самы небяспечны час, бо карабель на доўгіх, затухаючых хвалях можа разламаць напалам, бы запалку), і, дадаў Вартан, дзяўчына была не толькі незабыўна-прыгожай, але і,
што рэдка бывае, чуйна-трапяткой, імгненна-загаральнай, не грубай, калі нават балюча, а слабай і ўсёдаравальнай, як у жыцці, а не на працы… але няхай цеплаход плыве, лейтэнанцік спявае, а нам варта вярнуцца на Шыкатан, дзе ён з братамі-армянамі гуляе ў футбол — два на два — браты паважаюць яго за менскае «Дынама», леташняга чэмпіёна СССР і сёлетняга яшчэ лідара, за «Песняроў», ён паважае іх (за «Арарат»-каманду, за «Арарат»-каньяк, за Арарат-гару… за тое, што лёс ягонага народа і іхняга
дужа падобны ў сваёй трагічнасці ды нягодах, што зыходзілі ад суседзяў…), бо бачыць, што гэта ўважлівыя, прыстойна выхаваныя, інтэлігентныя людзі… гуляюць браты ў футбол добра, лепш за яго, пакрыкваюць-падахвочваюць, калі мяч у ягоных нагах: «давай, Гурыновіч!», «Гоцманаў, пас!», «Алейнікаў, бі! бі!», «бараніся, Зыгмантовіч», але ён «слабае звяно», і ягоная «каманда» прайграе… потым лазня, а пасля яны разам п’юць прывезены ім далікатэс — сахалінскае, не дужа добрае, кіславатае піва з агульнасавецкім
назовам «Жыгулёўскае»; хлопцы смакуюць і дзівяцца: як ён здагадаўся ўзяць яго сюды, чуюць пра сябра Уладзю і зноў раяць сцерагчыся баракаў, а калі карціць, калі няймецца — дык можна пазнаёміцца з файнаю (класнаю — сказалі яны) дзеўчынай, тут жа ёсць (ён ведае гэта, чаму і ехаў — але пра тое пазней) не толькі прастытуткі, тут базуецца на час пуціны паўтара дзясятка будатрадаў, у асноўным з Уладзівастока, але ёсць і з Хабараўска, і Благавешчанска, па адным з Паўднёва-Сахалінска