ды Кіева — самыя блізкія тут ягоныя «землякі», бо еўрапейцы; дзяўчаты-студэнтачкі прыйшлі адразу, нібыта пад вакном чакалі — чатыры на чатырох: тры пастаянныя ды іх сяброўка; «смялей, — шапнуў Вартан, — праверана, мінаў няма, яшчэ дзяўчынка — пераканайся…», але, ён быў дужа стомленым — пераплывам ад Карсакава сюды, нядаўнім шчырым футболам, а галоўнае — учарашняй японкаю, ён хацеў спаць, і нішто яго не цікавіла, тым болей дзяўчо, якое назвалася Надзяю з Уладзівастока;
ён лёг спаць у суседнім пакоі з той самаю Надзяю, каб толькі не пакрыўдзіць яе: не апусціць у вачах сябровак, бо адзінае, што ў яе было, — маладосць, астатняе — пасля цеплаходных прыгажуняў ды японачкі — звычайнае; расейская дзяўчына, з расейскім тварам, прычым усе рысы крыху буйнаватыя: і нос, і вусны, і пашчэнкі, да таго ж з дзіцячымі «канапушкамі» па шчоках, словам, дзяўчо, якіх шмат, аднак — ён не хацеў яе крыўдзіць, яны леглі разам, ён спаў, а яна нешта рабіла (і адкуль ведала?),
яна станавілася жанчынаю, бо не працавала, адключалася — спала — у яго толькі галава, якую напаўняў суцэльны туман і запомненае цеплаходнае пакачванне злівалася з рытмізаваным пагойдваннем ложка, але — што такое армянска-далёкаўсходняе яны елі падчас вячэры, які-такі дадатак у ежу быў падсыпаны? жэньшэнь? выцінка з рагоў марала? штосьці іншае, што замяняла тады слынную цяпер «віягру» — ён не ведае, гэта так і засталося для яго таямніцаю, толькі Надзя-цнатліўка, (у апошнім,
праўда, ён не змог пераканацца) не спала да раніцы: ён прачынаўся, лежачы на спіне, і бачыў яе перад сабою, ён засынаў і прачынаўся зноў — яна працягвала рабіць тое ж, з чаго пачала: маладосць, і ёй было цікава, ёй было трэба, а ў яго вочы зліпаліся, ён спаў, і ранкам толькі прыгадаў, які нязручна вузкі быў ложак і як кепска было ляжаць на спіне без падушкі пад вагою… эх, дзяўчо-дзяўчо, даруй, што ён так бяздарна прыняў дар тваёй нявіннасці; зрэшты, Уладзівасток — партовы горад, і там усе дзяўчаты
запатрабаваныя (глядзяць зялёнымі вачыма, як незанятае таксі), а ён паверыў першаму сустрэчнаму армяніну пра тое, што дзяўчо нявіннае (і не праверыў), а яно ўсю ноч такое вычварала: дзе, скажы, так навучылася губляць нявіннасць? бо з яго памочнік быў ніякі: ён толькі аддаў ёй у арэнду тое адзінае, што заставалася пасля ўсіх перажыванняў ды стомаў баяздольным — і то выключна (ён перакананы) пад уздзеяннем нейкіх армянскіх сродкаў, што адключаюць адныя рэцэптары і вымушаюць працаваць
іншыя… ён яшчэ памятае, што пачуцці былі абвостраныя, і ён увесь час нешта сніў, звязанае з тым, што адбывалася, але не з той дзяўчынаю, не з Надзяю, а з нейкімі іншымі, даўно жаданымі ім і зусім невядомымі, але салодкімі… з астатняга ж ён памятае, што на Шыкатане прабыў тры дні, і так скончыўся другі, а ў трэці — серадольшага брата Вартана, з якім ён гуляў у адной камандзе і які быў галоўным урачом будатрадаўскай зоны (так называлася кіраўніцтва ўсіх будатрадаў, якія варта было б тут назваць
рыбатрадамі ці пуцінаатрадамі, бо нічога яны не будавалі, а працавалі на канвееры рыбзавода), парэзаў нехта з мясцовых (калі так можна назваць тых, хто аднойчы прыехаў на Шыкатан і вось ужо каторы год заставаўся зімаваць на востраве пасля сканчэння пуціны), парэзаў неглыбока і няшмат — левую руку, якой бараніўся, да косці, прарваў скуру на жываце і твары, але выпацкаў у кроў кашулю ды джынсы страшна; старэйшы брат, які працаваў на Шыкатане ў бальніцы галоўурачом, наклаў касметычныя швы
на руку і твар і сказаў па-руску, каб і ён зразумеў: «да свадбы зажыв’ёт…», ляпнуў брата па ляжцы, гергетануў нешта па-свойму… а ён і з-за гэтага ў тым ліку ледзь не спазніўся на тутэйшы «аўтобус» — карабельчык, які ходзіць раз на тыдзень паміж Шыкатанам ды Кунашырам, звычайна без раскладу, і адчальвае неспадзявана: яму сказалі, што крыху аціхла мора, і, мажліва, цеплаходзік пойдзе сёння ўвечары; ён занёс на караблік свае рэчы, пасядзеў трохі; капітан задумліва зірнуў на акіян за ўтульнай
шыкатанскай бухтай і няўпэўнена прамовіў: «можа, і не пойдзем… што табе тут калывацца, пагуляй на развітанне… перад выхадам — я дам знак…», капітан аказаўся земляком, беларусам, і ён паверыў яму, пайшоў гуляць па востраве; пастаяў яшчэ каля помніка рыбакам ці рыбаку — славутым помнікам, бо адзіным тут (мясцовы скульптар зляпіў рыбака непрапарцыянальна каржакаватым з рознай даўжыні рукамі, і гэта лічылася за файную адметнасць, якую паказвалі з мілым адкрыццём усім), над помнікам
па сопцы блукалі «горныя» каровы — звычайныя каровы, якія, нібы козы, лазілі па круталобых пагорках, мяняючы між камення траву на малако; падышоў да аднаго з кансервавых заводаў — на прычале каля яго выгружалі івасі і сайру, сайра ляжала нерухома — бліскуча-белая, плоская, як лёзы нажоў, а івасі яшчэ скакалі, падалі на пуза, выгіналі свае чорныя спіны і спрабавалі плысці па драўляным насціле, і вочы іх былі поўныя слёз… ён забрыў у цэх, дзе з гэтых сайраў ды івасі, а яшчэ гарбушаў