рабілі кансервы, і прайшоў па ўсім цыкле — ад разразання на кавалкі, укладвання ў бляшанкі да прыгатавання ў спецыяльных тэрмапечах, пры тэмпературы 400 градусаў (злавіўшы ягоны гідлівы позірк на рукавах у карычневай сукравіцы, яму радасна паведамілі, што ўсе мікробы ды зараза пры гэтым гінуць), потым убачыў афішу, якая клікала ў клуб на сустрэчу з сахалінскімі паэтамі, што прыехалі сюды з агітвыступам; паэты выходзілі па чарзе — іх аб’яўлялі як салідных знакамітасцяў — чыталі нейкую
парнаграфію, у сэнсе — абракадабру, у сэнсе — графаманію, з ахмадулінскім падвываннем, з яўтушэнкаўскай манатоннасцю, адзін умудрыўся нават чытаць пад гітару, назваўшыся бардам, але зала была поўная і ўдзячная; дарэчы, кветак не неслі і нешта не відаць было нават, каб нехта ў зале трымаў якія-небудзь вяргіні ці настурцыі з гладыёлусамі (хрызантэмамі), увогуле на востраве ўдзячныя слухачы паэтам кветак не дарылі, толькі па-вучнёўску зладжана пляскалі ў ладкі, а на галёрках уголас абмяркоўвалі
іх мажлівыя мужчынскія якасці, бо на сцэне, сярод паэтаў, былі адныя мужчыны (колькі іх прачнецца заўтра ў халодным поце прыціснутымі да сцяны чыімсьці задам-гарою?), а ў зале — выключна жанчыны: «я б гэтаму віхлястаму дала, — казала, не слухаючы вершы, танклява-худая кабеціна ў кухвайцы — нейкі мясцовы лідар ці з-за добра падвешанага языка, ці з-за доўгіх рук з мужчынскімі кулакамі, якія цяжка ляжалі на прыполе, — гля, які шнобель, да душы дастане…», «яны, паэты, яб…чыя, — адгукалася
з другога краю іншая лідарка — мажная, як Людміла Зыкіна, і ўсе паварочвалі да яе галаву, забываючы пра сцэну, — мяне адзін усю н…», — заўважыла яго пры ўваходзе, ацаніла позіркам навылёт, і ён не стрываў, сышоў, бо ўжо цямнела на востраве; на прычале пры бухце бачны здалёку мерна папыхваў трубою цеплаходзік, што меўся везці яго на Кунашыр, мірна, спакойна папыхваў, і ён пайшоў у барак да Надзі; яна спала на другім паверсе нараў пры самым уваходзе, напалову накрытая шэрай у сінія палосы
коўдрай (грудак у яе ляжачай зусім не было, як у хлопчыка), і ў сне сваім была прыгажэйшай, чым у жыцці; Надзя адчула ягоную прысутнасць, расплюшчыла вочы і сарамліва захуталася; яны пайшлі гуляць па пасёлку, а дакладней — шукаць месца, дзе можна было б прыхінуцца, схавацца ад чужога вока, бо дужа гэтага хацелася абаім; адышліся даволі далёка і толькі пачалі, як раптам загаласіў на ўвесь востраў цеплаходзік — ён зірнуў на гадзіннік: роўна дзесяць — час пазначае, падумаў, а Надзька не давала
галавы падняць і адумацца; цеплаходзік раз-пораз выкрыкваў адзіную літару, якую мог вымавіць: «у-у-у», то коратка, то працяжна, то заклікальна-пагрозліва, то ўмольна-стомлена: «у-у-у», «у-у-у», «у-у-у» — нешта здарылася, падумаў ён, а потым яго шандарахнула: гэта ж зямляк яму знак дае — адыходзім… адплыве зараз, а там усе рэчы, і пашпарт… калі яны прыбеглі да прычала, матросы ўжо «аддалі канцы», сцягнулі трап, і яму давялося проста з берага скакаць на палубу; капітан ківаў галавою з рубкі, маўляў, ай-я-яй!
Надзька плакала на беразе — шчокі яе блішчэлі разоркамі пад цьмяным святлом ліхтара, а ён падумаў: ну хто я табе — што ты плачаш? — нават адрас не ўзяў і не даў… цеплаходзік адыходзіў задам у цемру мора, нібыта прабачаючыся за яго, а на беразе заставалася дзяўчо, якое, можа, яго і кахала, якое яго, пэўна, шкадавала, альбо шкадавала расставання з ім на гэты момант, стаяла адна-адзіная: самотная птушка з апушчаным крыллем (а праважаюць цеплаходы — зусім не так як цягнікі…), а ён радаваўся,
што паспеў на «рэйс», і сцінаўся ад думкі, што мог не паспець… фігурка драбнела, ён падняў руку, стоячы на асветленым носе карабля, бо раптам агаломшыла думка, што гэтага мілага (шчырага) чалавечка, што падзяліўся з ім цяплом, ён больш ніколі ў жыцці не ўбачыць: на Шыкатане, пры моцным жаданні, яшчэ, мажліва, калі-небудзь і зможа пабыць, а з ёю — ніколі… караблік абмінуў скалу, выйшаў у адкрыты акіян, і ён шпурлянуў у блізкую ваду бязважкі кулончык гейшы і пабрыў уніз, у цеснае памяшканне, як ні дзіўна,
амаль запоўненае шчаслівымі пасажырамі (вырваліся!), што сядзелі шчыльна, як у турэмным ізалятары на нарах, заклапочана-сонныя; нехта спытаў: «колькі будзем плыць?», хтосьці адказаў: «калі ўсё добра — гадзінаў тры…», «дык пасплю…», «ага, калі нутро тваё не выверне…», цеплаходзік забіраў ад берага ўсё глыбей і глыбей у адкрыты акіян, і яго ўжо заўважна кідала на хвалях — гушкала, бы на вялізных арэлях, — позіркі людзей, непрывыклых да «балтанкі», мутнелі і блукалі па шэрых сценах у жаданні