Выбрать главу

зачапіцца хоць за што-небудзь, скулы сціскаліся, твары суровелі, у напоўненым целамі пакойчыку з невысокай столлю рабілася душна… ён не ведае, як на іншых, а на яго ціснула замкнёная прастора гэтае цёмнае, цьмяна-шэрае каюткі, напоўненай затхлым пахам поту людзей, яму яна здавалася мячыкам, які гайдаецца на хвалях, і яны ў гэтым мячыку — бязвольныя, і няма ў іх мажлівасці паўплываць неяк, каб плыў ён хутчэй, і плыў да мэты, прычым у любы момант гэты мячык можа лопнуць,

і яны высыплюцца з яго ў халодную восеньскую ваду, у яшчэ большую цемру ды холад (недзе ж і цяпер, у гэты час там плаваюць людзі… жах!..), ён ужо меў вопыт плавання на прыблізна такім жа маленькім карабліку, які матросы любоўна называлі «эмэрэска»: скарочана ад — «малы рыбалавецкі сейнер»; яны выйшлі тады з невельскага порта пад вечар і адразу трапілі ў шторм, невялікі — 3–4 балы — але гэтага хапіла, каб праз пару гадзінаў укласці яго ў ложак: узбунтавалася нутро, загула, стала вялізнаю,

бы шар зямны, галава (куды там арэлі ў парку Чалюскінцаў…), ён паспеў яшчэ выйсці на начную палубу: «эмэрэска» моўчкі — рухавік спынены — стая­ла над знойдзеным лётчыкамі ўдзень і пацверджаным эхалотам гадзіну таму касяком івасі, гарэлі ўсе лямпы, каб прывабіць рыбу, і ён дзівіўся: якое прыгожае мора! такое бачыў хіба на карцінах Айвазоўскага: хвалі, як намаляваныя густымі алейнымі фарбамі — цёмна-зялёныя — тугія, рэзаць можна, здаецца, стаў бы на іх і пайшоў, нібы па барханах; кырлі гойдаюцца

на хвалях паважна, быццам паплаўкі, лёгка ўзлятаюць і знікаюць у цемры, а потым каменем падаюць уніз і вынырваюць з серабрыста-чорнымі рыбінамі ў дзюбах — гэта вакол сейнера са святлом пачалі збірацца івасі і самыя дапытлівыя ды цікаўныя з іх — «разведчыкі» — «змейкаю» набліжаюцца да паверхні, пачынаюць вынырваць-выскокваць… рыбакі падрыхтавалі і скінулі на ваду плоцік з моцнаю лямпаю, патушылі ўсе агні на сваім сейнеры, плоцік павольна адплываў у цемру… ён згадвае тое мора:

яму здавалася яно тады і страшным і прыгожым адначасова (як і цяпер), страшным увогуле, але нястрашным у прынцыпе — пакуль пад нагамі ў яго была палуба карабля, хай і хісткая, хай і імкнулася яна выслізнуць з-пад ног, скінуць яго з сябе, як наравісты конь неспрактыкаванага вершніка, але ж не скідвала; замкнутая шчыльнай цемрай прастора таксама не палохала сваёй бяскрайнасцю і нябачнасцю цвёрдага берага, і тады зусім не думалася, што пад нагамі цяпер кіламетры глыбіні… яго знайшоў між пасажыраў

капітан-беларус, аддаў сакваяж з рэчамі, паўшчу­ваў: «дзе ты быў? гудок асіп цябе клікаць… каб не зямеля — пакінулі б…», «а колькі яшчэ плыць? нутро бунтуе…» «хутка дойдзем… на рэйдзе вас выкінем і назад… у Паўднёва-Курыльску няма бухты, каб схавацца, порта няма», а ён падумаў: якое гэта шчасце для «абарыгенаў», калі прыходзіць карабель… з чым гэта параўнаць на «вялікай зямлі»? на мацерыку, хай сабе і ў самай глухой вёсачцы, куды раз на ты­дзень заязджае рэйсавы аўтобус, альбо не заязджае

ніколі — і там не адчуваецца гэтак адрэзанасць ад усяго свету; прыход цеплахода на востраў можна будзе хіба параўнаць з радасцю каланістаў па набліжэнні зоркалёта дзе-небудзь на Марсе ці… якім-небудзь Альдэбаране праз сотню-другую гадоў, але не з нейкаю іншаю падзеяю сёння на зямлі… людзям, якія жывуць не на далёкім востраве, не дадзена зразумець радасць чаканае сустрэчы і горыч расстання… і адзінота ў глухой палескай вёсачцы, хай і адрэзанай ад цывілізаванага свету рачулкаю без мосту,

без броду альбо непраходным балотам, непараўнальная з адзінотаю на востраве пасярод бязмежнага акіяна… і як ён мог адважыцца на такое падарожжа? што яго паклікала? адкуль у яго, жыхара краіны, якая сталага выхаду да мора і марацка-рыбацкіх традыцыяў, можна лічыць, не мела, цяга да нязведанага і жаданне спазнаць нешта новае? чаму не было гэтага ў ягоных суайчыннікаў, якія ніколі не нападалі на чужыя землі, не імкнуліся захапіць іх, а толькі абаранялі сваё, толькі абараняліся, і, адбіўшыся

ад ворага, наладжвалі Пагоню, прымацоўвалі тарчу да варотаў варожае сталіцы, але не захоплівалі яе, не далучалі чужыя землі да сваіх, а вярталіся дамоў… чаму? потым, значна пазней, у Швецыі, ён зразумеў розніцу паміж шведамі — вечнымі варагамі, якія шукалі сабе шчасця на землях за морам, і беларусамі, якія адно сядзелі дома… розніцу тую, дакладней імкненне шведаў спазнаць, адкрыць — заваяваць — іншыя краі, гісторыкі тлумачаць так: Швецыя на той час была перанаселеная і не магла пракарміць усіх,