Выбрать главу

Прыгажуня і жаніхі

22.11.2011. У друку з’явілася інфармацыя, што ў Мазыры за адну дзяўчыну загінулі тры мужчыны. Праўда, загінулі недарэчна. Аднак мне ўзагадалася легенда пра Дзявочую гару, што ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў. Даўным­даўно ў нашай мясцовасці жыла прыгажуня і ў яе былі закаханыя тры хлопцы, якія адначасова прапанавалі ёй выйсці замуж. «Выйду за таго, хто хутчэй ускоціць валун на гару!» — сказала прыгажуня. Гара была высокай, а валуны цяжкія, і ў хлопцаў ад натугі разарваліся сэрцы. Пасля гэтага мясцовыя людзі схапілі прыгажуню і на гары закапалі жывой разам з памерлымі жаніхамі, паклаўшы на магілу тры валуны...

Сярод кніг і дзяцей

22.11.2011. У кнігарні «Кнігі і кніжачкі» з Людмілай Рублеўскай і Аксанай Спрынчан прэзентавалі выданні «Мастацкай літаратуры». У школьнікаў было вельмі шмат пытанняў, дзякуючы якім, мы на цэлую гадзіну забыліся, што на вуліцы змрочна і хутка зіма…

Пытанне

25.11.2011. Бацька пасля вёскі ачуняў і цяпер кожны раз, як прыношу яму на кватэру паесці, пытаецца: «Колькі ўжо буду я сядзець у гэтай турме?»

Чужая кроў

25.11.2011. Апошнім часам бацька кожны дзень, калі прыходжу да яго, кажа: «У войску пры размініраванні ўзарваўся снарад і мяне параніла. У госпіталі няруская дахторка заліла ў мяне два літры чужой крыві і ўсю жызь мне сапсавала! Цяпер во мучаюся!»

* * *

26.11.2011. З Пугачоў патэлефанавала цётка Аля. Ад яе даведаўся, што ў мінулую нядзелю Сашка Буры ў Крапіўніках ноччу спаліў сваю хату і перабраўся ў Пугачы. Цяпер ён і Тонік Руткевіч, нідзе не працуючы, жывуць, як прымакі, у Зіны Амельяніхі, якой ужо 71 год…

* * *

27.11.2011. На вуліцы змрочна, як на закінутых могілках…

* * *

28.11.2011. Іду да бацькі і радуюся, што іду да бацькі, з якім можна пагаварыць і пажартаваць…

Сто грамаў і паўлітра

29.11.2011. Дзень прайшоў у дзелавых сустрэчах. Стаміўся ад рознай інфармацыі. З усяго найбольш запомнілася, што ў рукапісе апавядання (перададзена нам у выдавецтва) у студэнцкім перакладзе з нямецкай мовы была недакладнасць — сто грамаў гарэлкі, якія выпіў мужчына, было перакладзена на беларускую мову як паўлітра…

Бацька і карова

30.11.2011. Сёння, калі прыйшоў да бацькі на кватэру, адразу з парога пачуў: «Едзь у вёску! Там карова ацялілася! Забяры цялё, а то яго немцы зарэжуць!» — «Добра!» — адказаў я, памятаючы, што ўжо два гады ў нас сваёй каровы няма…

СНЕЖАНЬ

* * *

1.12.2011. А яна прыйшла нечакана, як добрая думка…

* * *

3.12.2011. З пад’езда выйшаў стары. Увесь у чорным. Барада белая, як з дым ад цыгаркі, што ў старога ў зубах…

* * *

3.12.2011. Сухое лісце, як пялёсткі сонца, якое адцвіло…

У Ракуцёўшчыну…

3.12.2011. З Маладзечна патэлефанаваў мой сябра Міхась Казлоўскі і расказаў пра сённяшнюю паездку ў Ракуцёўшчыну, якую арганізавала Валянціна Гіруць­Русакевіч для членаў валожынскага літаб’яднання «Рунь». І мне, слухаючы Міхася, захацелася да сваіх землякоў у фальварак, дзе два летнія месяцы 1911 года жыў Максім Багдановіч…

Да бацькі…

4.12.2011. Гаспадыня кватэры, дзе цяпер жыве бацька, папярэдзіла мяне, каб не знаёміўся з суседзямі, бо яны нехарошыя людзі. І я да бацькі хаджу, як падпольшчык на кансператыўную кватэру…

* * *

5.12.2011. Сённяшні дзень, як яма, у якой жыву і ў якую сыплецца і сыплецца снежаньскі дождж…

* * *

5.12.2011. Дождж. Ідучы праз змрочны сквер да бацькі на кватэру і вяртаючыся дамоў, спрабую радавацца жыццю… Але і не плачу…

* * *

6.12.2011. Быў дома ў Леаніда Маракова, які заканчвае працу над дакументальна­энцыклапедычнай кнігай «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940 гг.». Рукапіс рыхтуецца для «Мастацкай літаратуры». Прыемна было пачуць ад Леаніда, што да гэтага выдання яго натхніла кніга Рублеўскай «Я — мінчанін», якую ў свой час Людміла яму падарыла…

* * *

8.12.2011. «Яна яго любіла, і ён яе любіў. Яна яго забіла, а ён яе не паспеў…» Адкуль гэтыя радкі ў мяне? Начытаўся рукапісаў…

Геня, камбайн і дзеці

11.12.2011. Сёння даведаўся, што тры тыдні назад у Пугачах памёр сусед дзядзька Геня Балотнік. Яму было 85 гадоў. Да пенсіі працаваў на трактары, а ў час жніва заўсёды быў камбайнерам. Пасля працы дзядзька ставіў камбайн каля хаты і ягоны сын Віцька (маладзейшы за мяне на год) пускаў Тоніка Руткевіча, Сашку Балотніка і мяне ў кабіну гуляць у карты і курыць. У камбайне гулялася ў карты, як на сёмым небе, бо мы з вышыні ўсё і ўсіх бачылі, а тое, чым мы займаемся, аніхто…