Выбрать главу

Святло ў хаце...

5.01.2012. (Прыснілася). Іду басанож па снежным цаліку. Марозу не адчуваю. Далёка наперадзе свеціцца акно ў белай, як гурба, хаце. Падыходжу да акна. Стукаю. І святло ў чужой хаце гасне...

* * *

6.01.2012. Зіма як хвароба. І трэба зіму перазімаваць, як хваробу перахварэць...

* * *

6.01.2012. Хварэю. Мне холадна. Сяджу каля камп’ютара, як каля тлеючага вогнішча, і капаюся ў інтэрнэце, як у попеле...

* * *

6.01.2012. Сарока, як злепленая са снегу і чорнай зямлі, праляцела каля майго акна...

Бацька і спявачка

7.01.2012. «Сёння не спаў! Нейкая баба па радыё ўсю ноч спявала. Відаць, была ў партызанах і там яе мужыка забілі!» — расказвае бацька пра мінулую ноч. «Трэба было радыё выключыць! І адкуль ты ведаеш, што яна была ў партызанах?» — пытаюся. «Так жаласліва спяваюць толькі тыя, што былі ў партызанах!» — адказвае бацька...

* * *

7.01.2012. Адведаць мяне хворага і павіншаваць з Калядамі прыходзіў Алесь Квяткоўскі. Пілі толькі гарбату. Гаварылі пра літаратуру і мастацтва. На маё пытанне: «Як табе мастак Губараў» — Алесь адказаў: «Кіно...»

* * *

7.01.2012. На вуліцы светла, як у Храме...

Напалеон

7.01.2012. (Прыснілася). Трэці месяц, як у вёсцы пустуе родная хата. Прыязджаю. Навокал усё замецена. Заходжу ў хату і бачу на канапе Напалеона, які ляжыць ухутаны ў маміны хусткі і накрыты бацькавым кажухом. Пытаюся: «Што тут робіш?» Напалеон кажа: «Грэюся. Масква ж згарэла...»

У чорным...

7.01.2012. Іду да бацькі. Цямнее. На вуліцы марозна. Час ад часу сустракаю людзей у чорным. Вяртаюся дамоў. Цёмна. Зноў сустракаю людзей у чорным. Прыходжу дадому. Гляджу на сябе і бачу, што я таксама ў чорным...

Ніхто

7.01.2012. (Прыснілася). Могілкі. Тут пахаваны немцы, якія загінулі ў 1916 годзе. Да мяне падыходзіць жанчына. Пытаецца: «Хто яны для вас: ворагі ці свае?» — «Ніхто...» — адказваю я, і жанчына знікае, як мроіва...

* * *

7.01.2012. «У нашу яму хто­-небудзь уваліўся?» — пытаецца бацька. «Пакуль што ніхто...» — адказваю. «А ты туды бульбы насып!» — раіць бацька...

* * *

8.01.2012. Замардаваны прастудай і сабачым жыццём, гляджу на поўню, але выць яшчэ не хочацца...

* * *

8.01.2012. Упала знічка, а я не паспеў прашаптаць жаданне...

* * *

8.01.2012. «Усё праходзіць і гэта пройдзе...» — думаю, няспешна ідучы (баюся паслізнуцца і паваліцца) да нямоглага бацькі на кватэру...

* * *

8.01.2012. «Адвязі ты мяне дамоў і не мучайся са мной!» — просіць бацька. «А хто там цябе будзе глядзець? Там жа нікога няма!» — кажу. «Як гэта нікога няма?! А партызанкі адзінокія!» — не маўчыць бацька...

* * *

8.01.2012. Ужо трэці месяц штодзённа два разы на дзень хаджу да бацькі на кватэру праз сквер і ні разу не было такога, каб нехта не піў на лаўках...

* * *

9.01.2012. Там, дзе засталася родная хата пустой, цяпер сонца заходзіць...

* * *

9.01.2012. Ён не быў у Парыжы. І яму часта думалася, што ніякага Парыжа і няма. А ўсё, што пра гэты горад гавораць, пішуць і паказваюць па тэлевізары — выдумана для таго, каб яму хацелася трапіць у Парыж, якога няма...

* * *

9.01.2012. Яна жыла ў люстэрку. І ён Яе бачыў, калі заходзіла сонца...

* * *

9.01.2012. Там, дзе няма сонца, там няма жыцця. І яна памерла, калі зайшло сонца. І поўня ўзышла над светам, як яе душа...

Бацька ўзгадаў...

12.01.2012. Бацька ўзгадаў дзядзьку Вячаслава Рагойшы — Кастуся: «Ён у нас у вёсцы ў школе працаваў. Расказваў пра гісторыю Ракава, Валожына, Маладзечна. Ведаў, калі былі збудаваны ў Ракаве касцёл і царква. Вельмі граматны быў. Хадзіў у паліто і ў капелюшы...»

Калі б...

12.01.2012. «Калі б палякі прастаялі ў нас крыху даўжэй, то праз Пугачы праклалі б чыгунку. Па ёй у Аляхновічы ездзілі б пагранічнікі, а так у 1939 годзе прыйшлі Саветы — і ўсё ляснулі...» — бацька ўспомніў польскую ўладу...

Бацька і пенсія

13.01.2012. «Дзе мая пенсія? Ужо чатыры гады мне не прыносяць грошы! Пайду на пошту і скаргу напішу!» — кажа бацька. Я маўчу, бо калі пачну тлумачыць, што да чаго і што ён цяпер жыве ў горадзе у чужой кватэры, бацька ўспомніць пра вясковую хату, якая ўжо амаль тры месяцы пустуе...

* * *

13.01.2012. Мыш залезла ў слоік з малаком і ўтанула...