Выбрать главу

Мама! Матуля мая!

4.02.2012. Слухаю і слухаю песню Сяргея Новіка­Пяюна «Мама! Матуля мая!». Плачу, бо бачу перад сабою сваю маму. Успамінаю Сяргея Міхайлавіча, з якім мы жылі побач і, калі прыходзілі да яго ў госці, ён нам спяваў гэтую песню. А цяпер спявае Адась Матафонаў. Цудоўна спявае! Цудоўна!!!

* * *

5.02.2012. Люда пайшла ў царкву. Максім яшчэ спіць. А я, вярнуўшыся ад бацькі, сяджу каля камп’ютара і цягаю інфармацыю, як з палонкі рыбу…

* * *

5.02.2012. Прачынаюся ў вёсцы ў роднай хаце. Холадна. Уключаю святло і бачу, што знаходжуся ў сваёй гарадской кватэры. Выключаю святло, і я ізноў у вясковай хаце і мне холадна…

Бацька і кубак

6.02.2012. Раніцай, прыйшоўшы да бацькі, убачыў, што на стале няма аднаго кубка. Было тры. Амаль гадзіну шукаў і не знайшоў. У бацькі пра кубак не пытаўся, бо зразумеў, што ён яго разбіў і схаваў. І толькі вечарам у калідоры за старой і непатрэбнай газавай плітой заўважыў адзін са схаваных аскалёпкаў кубка…

Крыху вясновае…

7.02.2012. Мароз марозам, а ў галаве па дарозе з працы зарыфмаваліся вясновыя радкі:

О, як хачу табе я пазваніць, Нібыта самы чорны лес спаліць, Каб ён адразу неба асвяціў, Дзе я табе ўсе зоркі прысвяціў. Але табе я болей не званю, Каб не парушыць нашу цішыню, Што паміж намі, нібы чорны лес, Які я пасадзіў, балбес…

Чатыры пакеты

9.02.2012. Учора вечарам, калі ішоў на кватэру да бацькі, побач з ягоным домам у метрах дзесяці ад сметніцы, сярод шырокай сцяжыны, стаялі чатыры поўныя пакеты. Хацеў паглядзець, што там у пакетах, але пабаяўся, падумаўшы, што гэта, можа, якія бомбы. Праз паўтары гадзіны, калі ўжо ішоў дахаты, пакеты яшчэ стаялі, а сёння раніцай іх не было, і на дзвярах пад’езда я прачытаў абвестку: «Хто знайшоў чатыры пакеты з пультамі ад тэлевізара, просьба вярнуць за ўзнагароду…»

Купала і малады чалавек

9.02.2012. Прадаём факсімільнае выданне кнігі Янкі Купалы «Шляхам жыцця», якая ўпершыню выйшла ў 1913 годзе. І тут раптам малады чалавек пытаецца: «А вы часам не рэдагавалі Купалу?» — «Дык гэта ж факсімільнае выданне! І гэта ж Янка Купала!» — абураюся я. «Ну тады добра! А то некаторыя і ў факсімільныя выданні ўносяць свае праўкі»,— кажа малады чалавек і купляе кнігу…

Багдановіч і дзеці

10.02.2012. На кніжнай выставе прэзентавалі кнігу з серыі «ЖЗЛБ» «Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы», якую склала Таццяна Шэляговіч. Прэзентацыю ўпрыгожылі і надалі ёй паэтычнасць вучні са школы № 185 літаратурна­музычнай кампазіцыяй па творах Багдановіча. Кіравала дзецьмі завуч школы Марына Емяльянава. Алесь Наварыч, які стаяў побач са мной, сказаў: «Гэта самае лепшае за тры дні выставы, што можна было тут пачуць і ўбачыць!»

Кнігі…

10.02.2012. Набыў кнігу Томаша Главінскага «Забыты гарнізон. Аддзелы Корпуса аховы памежжа ў Івянцы ў 1924—1937 гадах». Мне, як валожынскаму чалавеку, усё, што звязана з роднымі мясцінамі вельмі цікава. Чамусьці адразу пасля набыцця гэтай кнігі ўзгадалася, як недзе ў 1996 годзе я з нашым тэлебачаннем тры дні ездзіў па Валожыншчыне. Здымалі невялікія сюжэты пра маіх таленавітых, знакамітых і працавітых землякоў. У адной з вёсак каля Івянца былі ў хаце васьмідзесяцігадовага мясцовага інтэлігента. Ён гаварыў па­польску і вельмі радаваўся знаёмству са мной, бо чытаў мае вершы. На сценах у хаце віселі невялікія карціны і старыя фотакарткі ў рамках пад шклом. У зале стаяла піяніна, на якім нам гаспадар сыграў паланэз Агінскага. Развітваючыся, я запісаў адрас старога інтэлігента і абяцаў выслаць яму сваю кнігу. На жаль, не выслаў…

* * *

10.02.2012. На кніжнай выставе, як у Ноевым каўчэгу…

* * *

11.02.2012. Мароз. Мужчына з выставы нясе ахапку кніжак, як ахапку дроў…

Працяг гасцявання…

12.02.2012. Учора з Людмілай былі ў гасцях у цудоўных людзей, дзе было шмат нашых добра знаёмых і сяброў. Дамоў вярнуліся позна і ў вясёлым настроі. З лёгкасцю заснуў і прысніў працяг нашага гасцявання, у якім, перад тым як разыходзіцца па дамах, паэтка А. прапанавала ўсім паглядзець, што там робіцца ў іншых гаспадарскіх пакоях, дзе мы яшчэ не былі. І мы пайшлі. Зайшлі ў адзін. А там буцік, у якім, каб мы ўсе змаглі выйсці з яго, трэба хоць нешта купіць. Людміла купіла прыгожы шалік, і мы пайшлі ў другі пакой, у якім паэтка А. выкупіла падарожжа ў маю вёску. На жаль, у вёску мы не трапілі, бо па лясной дарозе назбіралі грыбоў, з якімі вярнуліся да гаспадароў нашага гасцявання і аддалі на кухню смажыць. Потым мы ўсе зайшлі ў пакой, дзе я купіў матор з прапелерам, на якім можна лётаць. Хацеў усіх звазіць у вёску, але не было гаручага, і мы пайшлі ў наступны пакой. І толькі мы зайшлі ў пакой, як нейкі здаравяка схапіў спявака З. і, накінуўшы на яго сабачы ашыйнік з шыпамі, загнаў яму ў галаву велізарны мядзяны цвік. Крыві не было. У жаху ўсе разбегліся, а я прачнуўся…