Выбрать главу

* * *

12.02.2012. Раніцай вярнуўшыся дамоў ад бацькі, раптам падумаў, што забыўся выключыць газ, на якім грэў гарбату. І ўявілася мне, што сапраўды газ гарыць і вось­вось закончыцца вада ў чайніку, і пачнецца пажар. Амаль бягом вярнуўся да бацькі на кватэру. Зайшоў на кухню. Газ выключаны…

* * *

12.02.2012. Матылі — гэта парэшткі адзення памерлых…

Вечарам…

12.02.2012. Вечарам з Людмілай сустрэлі трох музыкаў з інструментамі. Малы нёс велізарны кантрабас. Гледзячы на музыкаў, падумаў: «Відаць, вяртаюцца з пахавання… А можа, спазняюцца на вяселле…»

* * *

12.02.2012. Прачнуўся сярод ночы. І з нечаканай думкай, што ў вёсцы ў пустой хаце памерзлі вазоны, не мог доўга заснуць…

Белы і калекцыя

12.02.2012. Жонка Анатоля Белага Ала Мікалаеўна праз Яўгена Гучка перадала мне каталог калекцыі прыватнага мастацкага музея Анатоля Белага ў горадзе Старыя Дарогі «Раскрылі крылы музы». Белы памёр, і ўсё багацце, што ён сабраў, засталося на роднай зямлі. А некаторыя баяліся даваць яму свае мастацкія творы…

Чорны кот

13.02.2012. З суседняга пад’езда выйшаў чорны кот. Пастаяў, паглядзеў на заснежанае навокалле і пайшоў назад, мяўкнуўшы, нібыта сказаўшы: «Марцаваць яшчэ ранавата!»

Бабуля і ўнук

13.02.2012. Ідучы праз сквер да бацькі, напаткаў бабулю з унукам гадоў пяці. Бабуля, ні на кога не звяртаючы ўвагі, гучна пыталася ў дзіцяці: «Колькі будзе пяць дадаць сем?» Малы ў адказ плакаў, а бабуля ўсё роўна не адчэплівалася: «Колькі будзе пяць дадаць сем?!» — «Дванаццаць!» — сказаў я і ўбачыў у сябе перад носам дзіцячы чырвоны пісталет, які бабуля, падышоўшы да мяне, дастала з кішэні чорнай курткі…

* * *

13.02.2012. У скверы зноў на лаўках з’явіліся любіцелі выпіць і закусіць на прыродзе. Відаць, болей маразоў не будзе…

Міша Сапега

14.02.2012. На другі дзень кніжнай выставы Мікола Нікалаеў з Санкт­Пецярбурга, сустрэўшыся са мной, падарыў невялічкую кніжку, якую я тут жа паклаў у партфель і толькі сёння дастаў, каб паглядзець, што за падарунак атрымаў. А атрымаў я кніжку Мішы Сапегі «Рознае», якую на беларускую мову пераклаў Мікола Нікалаеў. Ва ўступным слове напісана: «Час пазнаёміць Беларусь з адметнай з’явай сучаснай піцерскай культуры. Гэта Міша Сапега — ён нарадзіўся ў раёне Маскоўскага праспекта, які за царом называўся Забалканскім праспектам. Дзед Мішы — Міхаіл Васільевіч Сапега, ураджэнец вёскі Сапегі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, пасяліўся тут каля 1929 г. і стаў шліфоўшчыкам на ваенным заводзе. Бацька Мішы Сапегі Генадзь Міхайлавіч і дзядзька Віктар Міхайлавіч сталі маракамі. І Міша Сапега стаў мараком. Ён вучыўся ў Макараўцы (зараз акадэмія імя адмірала Макарава) і дзеля практыкі нават хадзіў матросам па вялікай сібірскай рацэ Калыме. Але пасля гэтага змяніў курс. Міхась далучыўся да «Міцькоў». Група «Міцькі» — гэта «піцерская» субкультура Ленінграда напярэдадні перабудовы і рэспектабельныя дзядзькі з настальгічнага Ленінграда ў Піцеры нашых дзён. На мяжы тысячагоддзя (1995—2011) часткай праекта «Міцькі» стала выдавецтва «Чырвоны матрос», заснаванае Мішам Сапегам. «Чырвоны матрос» выдаў каля двухсот кніг… З кнігай Сапегі ў дом прыходзяць невыдуманыя віды прыгожага і жывога Піцера, апалітычныя рэфлексіі з прахадных двароў нашага горада, успаміны дзяцінства і іранічная філасофія патомнага пецярбуржца з беларускім княжацкім прозвішчам». Не магу не працытаваць:

Санкт­Пецярбург. А ў маім Ленінградзе столькі варон не было…
* слухаючы музыку, пальцы часам абпаліш,— толькі тады і заўважыш, што цыгарэта сатлела…