4.03.2012. Мама амаль 50 гадоў выпісвала газету «Звязда». І свае першыя вершы, калі мне было 12, я паслаў у гэтую газету. Апошнія тры гады «Звязду» выпісваў бацька, хоць яе і не чытаў. Выпісваў для мамы. Цяпер «Звязду» ў вёсцы і бацька не выпіша…
* * *
4.03.2012. Мне на дзень народзінаў мама падарыла цёплыя скураныя пальчаткі. Прыехаўшы дамоў, захацеў пахваліцца маміным падарункам. Гляджу, а пальчатак няма. Згубіў. З таго дня мінула больш за дваццаць гадоў…
* * *
5.03.2012. Сёння тры гады, як мама атрымала інсульт. Бацька не разабраўся, што адбылося, і мама амаль суткі праляжала на ложку. І, каб не зайшоў вясковец, мама б ужо тады памерла, а так выклікалі «хуткую», на якой маму завезлі ў Ракаўскую бальніцу, дзе і адратавалі. Потым мама ўспамінала пра інсульт: «Раптам у вачах шуганула маланка — і я ўпала. Болей нічога не памятаю».
Свідруюць…
5.03.2012. На месцы разбуранага філфакаўскага інтэрнату пачаліся падрыхтоўчыя работы да новага будаўніцтва. Ужо два тыдні машыны свідруюць зямлю і бяруць пробы грунту. Свідруюць, нібыта шукаюць нафту…
Аньця Бельская
6.03.2012. Аньця Бельская была партызанкай. Пасля вайны працавала піянерважатай у Пугачоўскай школе, дзе вучыўся малодшы брат майго бацькі Славік. Аньця мела кніжку пра КанькаГарбунька. І аднойчы яна дала яе пачытаць Славіку. Дома кніжку Славік чытаў услых і, слухаючы казку пра КанькаГарбунька, бацька запомніў яе на ўсё жыццё. Аньця ж выйшла замуж у Гарадок за Гарбачоўскага, які працаваў настаўнікам у Пугачах. І сёння, слухаючы пра КанькаГарбунька, мне ўзгадалася, як перад сном бацька часта расказваў гэтую казку мне і маім малодшым сястры і брату. Ад успаміну стала светла і сумна…
* * *
7.03.2012. Глядзеў тэлевізар. На пару хвілін задрамаў. Прыснілася мама. Светлая. Добрая. Прачнуўшыся, успомніў толькі два маміны словы: «Пішы… Запісвай…»
* * *
8.03.2012. Ніколі ў маёй сям’і ў вёсцы 8 Сакавіка не было вялікім святам, але заўсёды мы віншавалі маму. Сёлета ўпершыню мы не павіншуем маму…
* * *
9.03.2012. Неба чыстае, як шкло на іконе…
* * *
9.03.2012. Кожны вечар чытаем малітвы. Люда сваю, а я сваю. І я спакойны за маміну душу…
* * *
9.03.2012. Тры гады таму ў гэты дзень я ішоў у Ракаўскую бальніцу да мамы. Гэтак жа, як і сёння, свяціла сонца і неба было чыстым, але тады была мама, а цяпер яе няма. І я ў думках іду да мамы ў Ракаўскую бальніцу…
Па дарозе да Ракаўскай бальніцы бачу, як на возеры растае лёд і шум вады, якая цячэ пад мостам, запаўняе мне душу невыказнай самотай. І раптам мабільны тэлефон напамінае мне, што сёння працоўны дзень. Незнаёмы пытаецца пра свой рукапіс. Я прызнаюся, што яшчэ не чытаў, бо не было часу. Мужчына злуецца, і я кажу, што іду да мамы ў бальніцу і мне цяпер не да вершаў…
У палаце мама не адна. Усе бабулькі, як толькі я зайшоў, прыселі і пачалі глядзець на мяне, як на саломінку, якая раптам з’явілася на іх рацэ часу і за якую можна ўхапіцца і не патануць. Маме нядаўна ставілі кропельніцу, і яна мне паказвае руку, дзе застаўся велізарны сіняк ад уколаў. Плача. Спрабуе нешта расказаць, але ў яе не атрымоўваецца, і яна зноў плача. Побач з маміным ложкам на падаконніку стаіць букет. Мама, убачыўшы, што я гляджу на кветкі, кажа: «Салім… Салім…» І я разумею, што гэта Вовін сябра Салім прыязджаў і павіншаваў нашу маму, а мама Саліма далёкадалёка ад Беларусі…
У бальнічнай палаце змрочна. Мама, не кранаючыся нагамі падлогі, сядзіць на ложку, як на краі свету…
Мама, стоячы на каленях на бальнічным ложку, глядзіць праз акно і махае мне ўслед рукой. І мама ў аконнай раме, як на іконе…
Каля мамінага бальнічнага акна лётае голуб, як анёлак…
* * *
9.03.2012. Лета. Мне шаснаццаць. Мама прыехала ў Мінск, і я з ёй разам упершыню хаджу па крамах у пошуках абновак для мяне. Мама ў запыленых туфлях і ў паношанай куртцы, і я саромлюся мамы…
…Мне хутка пяцьдзясят. Мама пасля інсульту жыве ў мяне. Апрануўшы маму ў што ёсць у яе, выводжу на вуліцу. І, узяўшы маму пад руку, іду з мамай, як з каралевай…
Бацька і міліцыя
9.03.2012. Вярнуўшыся з войска, бацька пайшоў у Радашковічы, каб стаць на вайсковы ўлік. Там яго ўгаварылі быць міліцыянерам у Чысьці з перспектывай працы ў Маладзечне. Вечарам бацька вярнуўся дамоў. Бабуля Параска, убачыўшы сына ў форме міліцыянера, адразу ж закрычала: «Не хапала нам тут паліцыянтаў! Заўтра ж раніцай пойдзеш і здасі гэтае барахло!» І назаўтра бацька пайшоў у Радашковічы і здаў назад міліцэйскую форму…