Выбрать главу
Я умер — узнали не скоро — На юге в конце февраля. Мятутся шторма в эту пору Сквозь розовый дым миндаля…
На ялтинском кладбище горном Под сизую зелень огня, В лазурь, в родовые просторы — К отцу положили меня…

* * *

6.04.2012. Бацька ўспомніў, што ў вёсцы засталося ў лядоўні сала. А як мяне завуць — не ўспомніў…

* * *

7.04.2012. Бацька, даведаўшыся, што ў вёсцы ягонае сала пакралі, сказаў: «Злодзея трэба злавіць і расстраляць!» Пра расстрэл бацька гаварыў два дні, а сёння, калі я ўжо адчыніў дзверы, каб ісці дамоў, сказаў: «Не трэба расстрэльваць!»

* * *

7.04.2012. Сыплецца снег, як змерзлы дым з комінаў вясковых хаты…

* * *

7.04.2012. Мы, як вузлы ў сетцы, на якой над прорвай нябыту наша Беларусь…

У межах двара…

7.04.2012. У двары кантэйнеры поўныя смецця. Да іх падляцелі галубы. Тут жа праз хвіліну іх прагналі з двара чайкі, а чаек прагналі вароны, а варон прагналі бамжы. І толькі шэрыя вераб’і не ўцякаюць за межы двара…

Свята

8.04.2012. Сёння католікі святкуюць Вялікдзень, праваслаўныя — Вербную, а каля тралейбуснай станцыі «Лермантава» жэсаўскія рабочыя ўжо да васьмі гадзін раніцы назграбалі кучы смецця і бруднага пяску. Узгадалася, што мама не прымушала нас, дзяцей і бацьку, наогул нешта рабіць нават у звычайную нядзелю, калі можна было тое зрабіць у буднія дні…

* * *

8.04.2012. Прынёс бацьку некалькі галінак вярбы і пачуў: «Праз тыдзень Вялікдзень…»

* * *

8.04.2012. Сніліся Лягезы. Я з хаты прыйшоў у сад. Сонечна. І раптам загудзелі звышгукавыя самалёты, час ад часу пікіруючы на вёску. Я схаваўся пад яблыню. Успомніў маму — і навокал стала ціха…

* * *

8.04.2012. Дзеці былі малыя, і мы, іх бацькі, самі былі, як дзеці. І хацелася нам, як дзецям, сустракацца, і мы сустракаліся з такімі ж маладымі бацькамі, і было нам усім пра што гаварыць і чым заняцца разам. Дзеці выраслі, і цяпер мы сядзім сумныя і разумныя па сваіх кватэрах, як ахоўнікі таго, чаго ўжо няма і ніколі не будзе…

* * *

9.04.2012. Іду дахаты і бачу, што на лавачцы каля пад’езда сядзіць мама. Падыходжу... Мама, але не мая…

* * *

9.04.2012. Бацька пра маму ўжо не пытаецца, нібыта ведае, што мамы няма…

* * *

9.04.2012. Кучы смецця і бруднага пяску, якія былі ўчора з самага ранку нагрэблены каля дыспетчарскай станцыі «Лермантава», сёння яшчэ не звезены. І трэба было на Вялікдзень зганяць людзей на працу?

* * *

10.04.2012. Каля сцежкі, што вядзе на кватэру да бацькі, зацвілі дзьмухаўцы. Раніцай, убачыўшы іх, хацеў сарваць і занесці бацьку. Не сарваў, падумаўшы: «Няхай лепей расквітнеюць!» Вечарам ужо дзьмухаўцоў не было — нехта сарваў…

* * *

11.04.2012. Апошнім часам бывае, што прыходзіш да бацькі, а ён на дыване ляжыць, як памерлы. Прыслухаешся, прыгледзішся. Дыхае! І сам пачынаеш дыхаць…

* * *

12.04.2012. Па запрашэнні сястры Уладзіміра Марука Вольгі Буйневіч выступаў у СШ № 203 перад настаўнікамі Першамайскага раёна Мінска, якіх хвалюе тое, што дзеці ўсё меней і меней чытаюць кніжкі. З Вольгай узгадалі Валодзю. Ужо трэці год, як яго няма…

Помніцца…

12.04.2012. Сёння дзень народзінаў празаіка Алеся Масарэнкі. Я пра гэта ўзгадаў, калі глядзеў па тэлевізары фільм пра Гагарына. У свой час Алесь Герасімавіч ганарыўся тым, што нарадзіўся ў Дзень касманаўтыкі. І, калі я патэлефанаў яму, ён адразу пазнаў мяне па голасе. У наступным годзе Масарэнку будзе 75 гадоў. А мне помніцца, як на пачатку 90­х гадоў пры «Чырвонай змене» Алесь Герасімавіч кіраваў літаб’яднаннем «Крыніцы» , як дамогся, каб для моладзі пачаў выходзіць часопіс «Першацвет», на старонках якога многія сёння вядомыя пісьменнікі пачыналі свой творчы шлях, і на старонках якога былі надрукаваны першыя апавяданні Людмілы Рублеўскай…