Выбрать главу

* * *

13.04.2012. Гледзячы на першую красавіцкую траву, зарыфмавалася балючае:

…Мама стане травою, Мама будзе жывою, Пакуль будзе трава І нябёс сінява Над зялёнай травою, Як над мамай маёю…

* * *

14.04.2012. Мама на Вялікдзень заўсёды пякла шмат булак, і амаль усе яны былі вялікія. Вялікія, як сонца. І цяпер для мяне сонца ў небе, як вялікая велікодная булка ад мамы…

* * *

14.04.2012. На лаўцы каля пад’езда мужыкі з самага ранку пачалі піць гарэлку. З пад’езда выйшла жанчына і прагнала іх. На месца мужыкоў неўзабаве селі хлопцы гадоў дваццаці і пачалі піць піва, і ніхто не выйшаў з пад’езда і не прагнаў іх…

* * *

14.04.2012. Тонкія свечкі, як стрэлы з артбалета…

Хрыстос уваскрос!

15.04.2012. Бацька быў першым, з кім я сёння адзначыў Вялікдзень. Дамоў вяртаўся, праслухаўшы святочную песню ў выкананні бацькі…

* * *

15.04.2012. Першы Вялікдзень без мамы сумны і светлы. І, здаецца, што мама недзе блізка, нават побач, але яна не паказваецца і назірае, як мы далей без яе ў гэтым свеце жывём…

* * *

15.04.2012. Устаючы з­за святочнага стала, бацька кажа: «Мама была добрая…» І я за бацькам паўтараю, як малітву: «Мама была добрая…»

* * *

15.04.2012. Бацька, як апошні з магікан, еў паляндвіцу з хрэнам…

Лётчык і хлопчык

16.04.2012. Сніўся сон, што я ў вёсцы каля роднай хаты стаю і гляджу, як высока­высока ў небе ляціць самалёт. І тут раптам самалёт запыняецца і праз хвіліну падае на зямлю, і ўзрываецца. «Чаму гэта лётчык не катапульціраваўся?» — пытаюся ў незнаёмага хлопчыка і чую ў адказ: «Гэта ж быў паэт!»

* * *

17.04.2012. У вёсцы памерла наша суседка Манька Генява. Апошніх пяць гадоў яе даглядала дачка Жанна. Цётцы было 85. Цяпер у цэнтры Пугачоў амаль ніхто не жыве са старых жыхароў, і вёска стала, як дрэва з вымерлай сэрцавінай…

Віталь Гарановіч

17.04.2012. Сёння на 61­м годзе жыцця памёр паэт Віталь Гарановіч. Яшчэ зусім нядаўна, а гэта было на пачатку года, ён заходзіў да мяне ў выдавецтва — прыносіў вершы ў зборнік «Глыбоччына літаратурная», які плануецца да Дня беларускага пісьменства. Узгадалі, як мы пазнаёміліся ў час святкавання 30­годдзя Алеся Жыгунова, у 1984 годзе. Віталь тады працаваў у школе, і я змог пабыць у яго на ўроках і выступіць перад вучнямі. Потым нярэдка сустракаліся ў «ЛіМе», дзе я працаваў з Алесем Пісьмянковым. Пашкадавалі Алеся, які так рана і нечакана памёр. Апошнія гады Віталь Гарановіч працаваў у раённым прафсаюзе работнікаў адукацыі і, дзякуючы гэтаму, час ад часу прыязджаў у Мінск і наведваў сяброў і знаёмых…

* * *

18.04.2012. Заўтра ў мамы дзень народзінаў. Маме было б 82. Мне ўпершыню не трэба баяцца, што забудуся павіншаваць…

* * *

18.04.2012. Бацька, як Ван Гог, любіць сланечнікі, але пра Ван Гога анічога не ведае...

* * *

18.04.2012. Вераб’і ў траве, як рудыя вошы ў фарбаваных валасах…

Шляхамі сейбітаў і ратаяў…

19.04.2012. У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча адбылася навукова­краязнаўчая канферэнцыя «Шляхамі сейбітаў і ратаяў», прысвечаная 100­годдзю з дня нараджэння паэтаў Максіма Танка і Пятра Бітэля. Арганізаваў усё і правёў краязнаўца Міхась Казлоўскі…

Вячаслава Рагойшу, Людмілу Рублеўскую і мяне ад станцыі метро «Каменная горка» забраў на машыне Уладзімір Мароз. Усю дарогу да Маладзечна ішоў дождж і мы сядзелі ў машыне, як у падводнай лодцы…

У бібліятэцы холадна. Слухачоў сабралася шмат, але ўсё роўна было холадна…

Гледзячы на партрэты Танка і Бітэля, узгадаў святкаванне 70­годдзя Ніла Гілевіча, калі ён выступаў у гэтай зале гадзіны тры і народу было паўнютка…

Пра радавод Пятра Бітэля павінна была расказаць ягоная ўнучка Тамара Бярэзіна. Яна не змагла, бо на мінулым тыдні трапіла ў бальніцу. Чакалі, што замест яе прыйдзе і прачытае даклад яе маці Ала Пятроўна. Не прыйшла і яна, і не прыйшоў сын Бітэля Андрэй Пятровіч. І мы падумалі, што ў іх дома яшчэ нешта здарылася. А калі закончылася канферэнцыя даведаліся, што Бітэлі пераблыталі час пачатку канферэнцыі і збіраліся ў бібліятэку на 17 гадзін…

Пасля канферэнцыі паехалі праз Валожын у Вішнева. Ехалі доўга. Мужчыны жартавалі, жанчыны смяяліся…

На Вішнеўскіх могілках нас чакаў бацюшка, які правёў службу па Пятру Бітэлю і ягонай жонцы Ніне Пятроўне, а таксама не забыўся і пра Канстанцыю Буйло. Малітва ляцела ў неба, а з неба ляцеў дождж…