Выбрать главу

Спыніліся каля хаты Пятра Бітэля. Хата прададзена і ў ёй жыве старая. На выхадныя да яе прыязджае сын. Убачыўшы нас, гаспадар выйшаў на вуліцу, павітаўся. На пытанне Валянціны Гіруць­Русакевіч, як ён глядзіць на тое, што на хату будзе прымацавана памятная дошка, мужчына адказаў станоўча…

Касцёл, дзе доўгі час гаспадарыў ксёндз Уладыслаў Чарняўскі, быў зачынены. І мы, набраўшы вады са святой крыніцы і пакланіўшыся праху ксяндза Уладыслава, пайшлі ў аўтобус. І як толькі мы селі ў аўтобус і зрушыліся з месца, адчыніліся дзверы Храма і на вуліцу выйшаў цяперашні ксёндз…

У Вішнеўскім Доме культуры наведалі бібліятэку. Кожны з прыезджых пісьменнікаў на асобнай паліцы ўбачыў сваю кнігу...

Вярталіся праз Валожын. Па дарозе да Маладзечна Міхась Казлоўскі хацеў заехаць да сваёй любімай настаўніцы, якой ужо 88 гадоў і пазнаёміць усіх нас з ёю. Шафёр адмовіўся ехаць…

* * *

20.04.2012. Вечарам праз балкон да цябе ў кватэру на святло заляцеў матыль, каб пагрэцца. А ты яго забіў…

* * *

21.04.2012. Хацеў абстрыгчы бацьку пазногці. Ён не даў і паглядзеў на мяне, нібыта я захацеў яму рукі адрэзаць…

«Сонцаварот» Марыі Вайцяшонак

21.04.2012. Люда прынесла дахаты новую кнігу Марыі Вайцяшонак «Сонцаварот» з дэдыкацыяй. І я цяпер чытаю, і балдзею ад вось такіх радкоў: «Голуб белы, як слова з боскіх вуснаў, ляціць ад алтара проста да мяне…», «З табой пагавару бы высушу пасля цёмнай ночы падушку на сонцы», «Ваш зборнік на століку каля майго ложка; ноччу я пэўна трымаю вас за руку, каб перайсці з рыфмы дня ў сон белага верша…», а такіх цудоўных радкоў у кнізе нямала. Шкада, што Маша вершы пачала пісаць толькі некалькі гадоў назад…

* * *

22.04.2012. У старога мазгі ператварыліся ў дзіцячую хвічку…

* * *

22.04.2012. У сне з памерлым Антонам Мікалаевічам (мой траюрадны брат) лічыў грошы. Налічылі 150 тысяч даляраў…

* * *

22.04.2012. Апошні снег, як белая атава...

На Кальварыйскіх могілках…

23.04.2012. Сонечна. У дванаццаць гадзін з Людай пайшлі на Кальварыйскія могілкі…

Могілкі прыбраны. Выразана шмат старых дрэў, і цяпер, дзе былі галінастыя кроны, агалілася неба, нібыта на Храме месцамі разабрана страха…

Абход пісьменніцкіх магіл заўсёды пачыналі з Алеся Асташонка. На гэты раз каля магілы Алеся Пісьмянкова здалёку ўбачылі Уладзіміра Ягоўдзіка і Анатоля Зэкава. Падышлі, і я, забыўшыся, запытаўся: «А Валодзя Марук прыйдзе?»

На ўваходзе на могілкі прадаюцца кветкі. Накуплялі букетаў пісьменнікам і назаўтра маме…

Каля магілы Янку Лучыне стаялі два мужыкі і спрачаліся, якой магла б быць Беларусь. Я паклаў на магілу кветкі і спакайнейшы мужчына сказаў: «Дзякую!»

Падышлі да магілы Вячаслава Адамчыка. Якраз былі Ніна Уладзіміраўна і Міраслаў. Пагаварыўшы, я іх і Люду сфатаграфаваў на памяць…

Пастаялі каля магілы Ніны Гілевіч. Дзве цукеркі, як два анёльскія пацалункі, былі пад крыжам…

Хутка будзе чатыры гады, як памёр Генадзь Кісялёў. Помнік чорны, а памяць светлая…

Алесь Траяноўскі на ўскрайку могілак. І хоць ў спадара Алеся не засталося нікога з родных, магіла ягоная дагледжаная…

У метрах дзесяці ад Кальварыйскіх могілак па вуліцы Берута пад ліпамі маленечкія магілкі, абкладзеныя камянямі і каляровымі пліткамі — тут закапаны сабакі і каты…

Хвілін пятнаццаць ішоў дождж. Цёплы і светлы…

Радаўніца ў Ракаве

24.04.2012. Дзякуючы сябрам Барысу і Людміле і іх машыне, я з Людай і Вовам наведалі маму…

Ракаўскія могілкі густа абстаўлены машынамі. Машыны, нібыта жалезныя чаўны вакол вострава нябыту…

Машыну пакінулі на ўзбочыне дарогі і пайшлі да мамы напрасткі па полі. Ідучы, узгадаў: «Жыццё пражыць — не поле перайсці…»

Маміну магілку Вова ўчора прыбраў, і нам сёння нічога не давялося рабіць. Запалілі свечку, Люда пачытала малітву, і мы памаліліся. І я пабачыў маму і слёзы на яе вачах. Не ўсе прыехалі…

Непадалёк ад могілак святая крыніца. Людзі бяруць ваду, як вечнасць…

Мама пахавана на ўзгорку. У метрах дваццаці ад мамы тыдзень назад быў выкапаны дол, але чалавека не змаглі там пахаваць, бо з зямлі прабілася крыніца…

Маміна магілка абгароджана так, каб потым можна было пахаваць каля мамы бацьку. Праўда, я намераў зямлі каля мамы яшчэ на чатыры магілы…

Адразу ж каля мамінай магілы кустоўе, у якім мы разгледзелі некалькі старых ўтравелых помнікаў. З аднаго даведаліся, што тут пахаваны людзі, якія памерлі сто гадоў назад. Значыць, і дзе пахавана мама, таксама месца не пустое, але забытае…