Выбрать главу

* * *

11.09.2009. (Прыснілася). Іду па праспекце ў холдынг «ЛіМ». Навокал разваліны. А будынак на Захарава, 19 стаіць, як і стаяў. Заходжу. На ўваходзе сядзіць Раіса Баравікова. Замест кабінетаў адна вялікая зала. Там­сям за сталамі працуюць людзі. Усе незнаёмыя. Мне Баравікова выдае ганарар. Грошай няшмат, але з імі можна схадзіць у кафэ «Бярозка», якое побач, і крыху пасядзець. І я хачу пачаставаць Андрэя Федарэнку. Мне кажуць, што ён тут даўно не працуе — з’ехаў у Амерыку і цяпер там выдае часопіс «Маладосць». Выходжу на вуліцу, а на вуліцы — зіма…

Дома

11.09.2009. Ездзіў у Ракаў. Вяртаючыся на маршрутку, каля вакзала ўбачыў старога, які сядзеў пад дрэвам на бардзюры. Каля яго на зямлі стаяла пачатая пляшка таннага віна. На нейкі момант нашы позіркі сустрэліся. Цяпер я дома. А з маёй памяці не знікае адзінокі стары…

Ветлівыя

12.09.2009. Вяртаюся з крамы. З майго пад’езда выходзяць з торбамі два мужыкі бамжаватага выгляду. Вітаюцца са мной. Няспешна падымаюся да сябе на другі паверх, думаючы пра незнаёмцаў: «Адкуль такія ветлівыя?» Падыходжу да сваіх дзвярэй і бачу, што пад нагамі няма гумовага дыванка. І ў суседзяў таксама няма…

Дзень бібліятэк

15.09.2009. Сёння свята — Дзень бібліятэк. Насустракаўся з чытачамі, навыступаўся! Слухалі, дзякавалі. На апошняй сустрэчы да мяне падышоў мужчына пенсійнага ўзросту: «Я — доктар! Можна мне сказаць вам пару слоў?» Я насцярожыўся: «Зараз, відаць, скажа, што я невылечна хворы і мне засталося жыць пару дзён!» Доктар, паглядзеўшы мне ў вочы, сказаў: «Я пішу вершы!» — і пачаў чытаць урывак з паэмы пра выхаванне дзяцей…

Просьба

16.09.2009. Тэлефанавала Валянціна Коўтун. Пыталася пра выданне сваіх твораў. Потым між іншым паведаміла, што ёй нядаўна тэлефанаваў малады журналіст (прозвішча не назвала) з «дробнай газеты» з просьбай дапамагчы яму напісаць фельетон пра мяне і Людмілу Рублеўскую, бо мы часта друкуемся. Валянціна Міхайлаўна ў дапамозе журналісту адмовіла…

Аўтографы Караткевіча

29.09.2009. Сёння а палове дванаццатай да мяне ў кабінет зайшла жонка вядомага кампазітара. Абмеркаваўшы магчымасць выдання кнігі пра яе мужа, яна дастала з папкі чатыры аркушы пажоўклай паперы з вершамі Уладзіміра Караткевіча, якія былі напісаны недзе ў 1964 годзе. І са словамі «я ўжо немаладая, каб іх захоўваць у сябе» перадала іх мне. Потым паведаміла, што Уладзімірам Караткевічам было напісана лібрэта, але яно не прайшло цэнзуру і цяпер захоўваецца (...). «Вы малады і вы, спадзяюся, не забудзецеся выцягнуць лібрэта ў гэты свет, калі прыйдзе спрыяльны для гэтага час»,— сказала жанчына. Пасля таго, як яна пайшла, я ўзяў першы том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча і паглядзеў, ці друкаваліся перададзеныя мне вершы. Два друкаваліся цалкам, адзін без чатырох радкоў і адзін не друкаваўся зусім...

КАСТРЫЧНІК

Кампазітар

1.10.2009. Учора вечарам патэлефанаваў Яўген Рагін з газеты «Культура» і стаў прасіць да раніцы напісаць песню пра работнікаў культуры. Я доўга адмаўляўся, і ўсё ж ён мяне ўгаварыў. Давялося сабрацца з натхненнем і напісаць. Раніцай прадыктаваў па тэлефоне тэкст сябру, а праз паўгадзіны па мяне прыйшла машына, і мяне адвезлі ў кватэру да Ігара Лучанка. Гаспадар нас чакаў — была заварана гарбата і падрыхтавана печыва. Я спадзяваўся, што гасцяваць давядзецца хвілін дзесяць­пятнаццаць. Ды дзе там! Ігар Міхайлавіч пачаў з таго, што сказаў: «Я даўно памёр! І ніякіх песень болей не пішу!» Мой куратар, пачуўшы такую заяву, перавёў размову на надвор’е, на яблыкі, на грыбы. Пагаварылі пра гэта ўсё недзе з паўгадзіны, і толькі потым Лучанок узяў мой тэкст і пачытаў. «Відаць, што майстра зрабіў! Але ж я песень не пішу! Я памёр! Ідзіце да Зарыцкага. Ён напіша!» Зноў недзе з паўгадзіны пілі гарбату і слухалі Лучанка. Памаленьку дабраліся да раяля. Хвілін дзесяць слухалі песні Ігара Міхайлавіча, а потым ён тут жа пры нас падабраў музыку да майго тэксту. Просім, каб запісаў ноты. А ён: «Я песень не пішу! Я тут не жыву! Я памёр!» Яшчэ прайшло паўгадзіны, калі Ігар Міхайлавіч дазволіў нам пакінуць яго разам з маім тэкстам. Не паспеў я прыехаць дахаты, як патэлефанавалі мне і перадалі, што Ігар Лучанок напісаў музыку да майго тэксту і хоча са мной сустрэцца ў Саюзе кампазітараў. Я прыехаў праз паўгадзіны. Ігар Міхайлавіч з’явіўся пазней. Павёў у кабінет. За ім зайшло некалькі чалавек. Перад тым як сесці за стол, Ігар Міхайлавіч сказаў: «Зрабіў! Але апошні раз!» — і кінуў шапку аб падлогу. Дастаў з папкі ноты і, пасварыўшыся на прысутных, сыграў новую песню на мой тэкст…