Выбрать главу

Замежная мова

6.10.2009. Літінстытут. Верасень 1985 года. Дзелімся на групы вывучаць замежныя мовы. Выбар невялікі, але ёсць: англійская, нямецкая і для замежнікаў — руская. Я запісаўся на рускую мову. Потым раз на тыдзень хадзіў на лекцыі разам з палякамі, манголамі, татарамі і грузінамі, дзе нас вучылі пісаць і гаварыць па­руску. І цяпер у мяне ў дыпломе па замежнай мове стаіць пяцёрка…

Вандроўка

12.10.2009. У мінулую суботу быў у вандроўцы, якую арга­нізаваў прафкам нашага выдавецтва. Спачатку наведалі Будслаў. У касцёле нас сустрэў малады і высокі манах, з рукамі вялікімі і мускулістымі. Я адразу ўявіў яго воем, які з мячом бароніць родную зямлю. А праз нейкі час у манаху ўбачыў і ката, які адсякае галовы ерэтыкам. Пасля Будслава паехалі ў Глыбокае, дзе наведалі царкву, а потым касцёл. У царкве апускаліся ў скляпенне, нібыта ў старажытнасць, і ўзлазілі на званіцу, каб яскравей убачыць сучаснасць. Не абмінулі Мосар, дзе якраз у касцёле быў ксёндз Булька. Ён нас заклікаў, каб не пілі і болей маліліся Богу. Хадзілі на мясцовыя могілкі, на якіх вельмі чыста і бяздрэўна, нібыта яны знаходзяцца не ў Беларусі. Экскурсію вёў Яраш Малішэўскі, і ён для нас быў Асветнікам.

Вавілон

14.10.2009. (Прыснілася). Вавілон. Я адзін з яго будаўнікоў. Сёння ў нас прафесійнае свята, і мы з самага ранку п’янствуем. Калі б учора не прадалі сто мяшкоў цэменту і сто тысяч цаглін патрыцыям на будаўніцтва бардэляў, то сёння б сумавалі на рыштаваннях, а так усім весела, і толькі Граждан злосны. Ён з самага ранку агітуе нас канчаць п’янку і распачынаць бестэрміновы страйк, бо яму ў трэсце не далі трынаццатай зарплаты. Мы цярпелі Граждана да абеду, а потым... а потым Вавілонская вежа абрынулася. Граждан атрымаў пенсію па інваліднасці, а нам далі па дзесяць гадоў за «разбазарванне будаўнічых матэрыялаў»…

Наталля Семяжон і Максім Танк

16.10.2009. Да мяне на працу прыходзіла дачка Язэпа Семяжона Наталля. Гадоў пяць не бачыліся, таму не адразу пазнаў яе. Амаль паўтары гадзіны расказвала пра бацьку і свайго дзядзьку Максіма Танка. Яўген Іванавіч за два тыдні да смерці паклікаў да сябе Наталлю і папрасіў, каб прасачыла, калі ён памрэ, каб не пахавалі на Маскоўскіх могілках. «Не хачу я там ляжаць побач з некаторымі жулікамі, а хачу быць з бацькамі ў роднай зямлі!» — казаў Максім Танк і, гледзячы ў акно, каб пляменніца не бачыла слёз, пытаўся: «Няўжо ўсё, што я напісаў і зрабіў, дарэмна і нікому не патрэбна?» — «Не дарэмна! Яно патрэбна нам, беларусам, і сёння, і заўтра, і праз сто гадоў спатрэбіцца!» — адказала Наталля.

* * *

17.10.2009. Учора ў Музеі Максіма Багдановіча адкрылася выстава карцін Алеся Квяткоўскага «Мая хата без сяброў — не хата», прысвечаная Анатолю Сысу. Весці імпрэзу спадар Алесь папрасіў мяне. Выступілі Таццяна Шэляговіч, Рыгор Сітніца, Сяржук Сыс, спявала песні на словы Анатоля Вікторыя Ільінская. Адкрыццём гэтай выставы распачаўся літаратурна­мастацкі марафон, прымеркаваны да 50­годдзя з дня нараджэння Анатоля Сыса. Людзей было нямала. Шмат было тых, каму паэт казаў: «Не хадзіце за мной!» — і не было тых літаратараў, якія і пры жыцці Сыса шарахаліся ад яго, як ад заразнага…

Лякарства

19.10.2009. Літінстытут. Хварэю. Адзін у пакоі. Ніхто не прыходзіць адведаць, і толькі вечарам у пятніцу пасля заняткаў зайшоў паляк Анжэй. Колькі хвілін пасядзеў моўчкі каля мяне, як каля паміраючага, і пайшоў. І не паспеў я пакрыўдзіцца на Анжэя, як у пакой з гітарай уварваўся нікарагуанец Карлас, а следам за ім тры казашкі і паляк. Праз хвілін пятнаццаць я спяваў рэвалюцыйныя песні і танчыў…