Вяршынін
16.11.2009. На мінулым тыдні на сямідзясятым годзе жыцця памёр паэтгумарыст Мікола Вяршынін. Гэта ён, Яўген Крупенька і Мікола Федзюковіч у сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя пры газеце «Чырвоная змена» апекаваліся літаб’яднаннем «Крыніцы», праз якое прайшлі дзясяткі маладых літаратараў. Кажуць, Вяршынін памёр ад свінога грыпу...
Аспірант і сала
29.11.2009. Субота. На заняткі ў Літінстытут не трэба, і можна паспаць даўжэй, чым звычайна. Ды дзе там! А пачатку дзявятай разбудзіў аспірант з Адэсы Андрэй: «Табе прыслалі бандэроль! Відаць, з вёскі сала! Пайшлі атрымаем!» Я іду на пошту, а Андрэй у краму за хлебам. Доўга стаю ў чарзе. І атрымоўваю з выдавецтва «Мастацкая літаратура» карэктуру сваёй кніжкі «Пошук радасці». Андрэй злуецца, і мне даводзіцца зноў стаяць у чарзе, але ўжо ў краме за салам.
Дзяўго і патроны
20.12.2009. У маіх Пугачах ад чарговага інсульту памёр сусед Дзяўго. Было яму за семдзесят. Апошнія гады жыў адзін. Да дзяцей у горад не захацеў ехаць. Казаў: «Калі прыйдзе час паміраць, то хачу памерці ў роднай хаце…» Суседам Дзяўго быў нядрэнным, хоць і «гануровым», бо ягоная жонка працавала ў канторы бухгалтарам. Сам ён шафярыў на грузавіку. Машына часта стаяла каля хаты. Успомнілася, як недзе напачатку сямідзясятых я са сваімі сябрамі шукаў зброю па лясах. Назбіралі тагосяго. Патронаў жа было малавата. І вось мы надумалі ўкрасці ў Дзяўго патронаў ад паляўнічага ружжа, якое ён нярэдка пакідаў у машыне. І ўкралі. А ў кабіну па патроны лазіў я. Сусед прапажу адразу заўважыў, але злодзеяў не знайшоў — мае сябры мяне не выдалі. Потым у мяне дома ў школьным партфелі захоўвалася частка знойдзеных патронаў ад нямецкіх аўтаматаў, вінтовак, пісталетаў і ад суседавага ружжа. Партфель некалькі гадоў вісеў на сцяне пад старой фуфайкай, пакуль мама не знайшла мой склад і не выкінула ў балота. Сустракаючыся з Дзяўгом, я заўсёды ўспамінаў ягоныя патроны і, часта мне карцела прызнацца яму ў сваім зладзействе. Але так і не прызнаўся…
Прыехаў пісацель
20.12.2009. Паўдня ўспамінаў імя суседа Дзяўго, які памёр. Ледзьве ўспомніў. Міця. А як імя яго жонкі? Не магу ўспомніць. Усе звалі яе Дзяўговай або бухгалтаркай. Ды і мяне мала хто ў Пугачах зваў Віцем. Для старых я быў Толем (пабацьку), або Нінін хлапец, а калі пачаў друкавацца ў раёнцы, стаў паэтам, «пісацелям». З гэтай нагоды ўспомнілася вельмі даўняе. Недзе гадоў трыццаць назад зімнім вечарам я прыехаў у вёску. На аўтобусным прыпынку мяне чакалі хлопцы: «Пайшлі з намі ў клуб! Там з табой хоча пазнаёміцца адзін чалавек! Пайшлі!» І я, не заходзячы дамоў, пайшоў з сябрамі на танцы. На ганку мяне сустрэў загадчык клуба. Павітаўшыся, прапанаваў прайсці да яго ў кабінет. Заходжу. Накурана. За сталом у дыме сядзяць двое мясцовых аўтарытэтаў і наш новы ўчастковы міліцыянер. «Не бойся! Сядай!» — прапанаваў сяржант. Я нясмела прысеў. «Дык ты, мне кажуць, пісацель?» — з усмешкай зазірнуў мне ў вочы міліцыянер. «Ну і што?» — пытаннем на пытанне адказаў я. «А ці п’юць нашы пісацелі самагонку?» — «П’юць. А што?» — «А я з пісацелямі ніколі не піў! Хачу выпіць з табой!» — сказаў міліцыянер, і тут жа загадчык клуба дастаў зпад стала поўны трохлітровы слоік…
У маіх Пугачах
23.12.2009. Калі ў школе на ўроках матэматыкі я ад настаўніцы пачуў, што Лабачэўскі — матэматык і творца неэўклідавай геаметрыі, то я адразу нашага вясковага Лабачэўскага прызнаў за вялікага матэматыка, і ён быў для мяне матэматыкам да таго часу, пакуль не ўкраў у нас з гарышча сала. І яшчэ. У суседа было прозвішча Балотнік, і я пра яго думаў, што гэта пад яго кіраўніцтвам было сялянскае паўстанне недзе там у Расіі. І доўгі час я прыглядаўся да яго, баючыся, каб ён у маіх Пугачах не ўчыніў паўстанне супраць калгаснага строю. Пра свайго ж прапрадзеда Кандрата я думаў, што гэта ён Кандрат Крапіва, байкі якога я вучу ў школе… Словам, мае Пугачы для мяне былі цэлай краінай, у якой ёсць усё, пра што напісана ў кніжках.
Квяткоўскі працуе
27.12.2009. Да сябе ў майстэрню мяне і Людмілу паклікаў мастак Алесь Квяткоўскі. Цяпер ён працуе над трыпціхам «Стог. Рэшата. Збан» паводле маіх верлібраў. Атрымоўваюцца вельмі цікавыя творы. Да ўсяго, Алесь жыве задумай карціны «Пагоня на Грунвальд». Нечакана нашу размову перапыніў тэлефонны званок ад Вітаўта Чаропкі. І мы чуем: «Прыязджай! Пачынаю «Пагоню на Грунвальд». Ты будзеш ехаць у першай харугве… Цябе першым і заб’юць!»