Выбрать главу

Не бойся ты іх!

21.02.2010. Каля дарогі з Лягез у Русакі была гара, на якой рос сасоннік. З чатырох гадоў я туды пачаў хадзіць катацца на санках. Хадзіў адзін. І вось неяк прыходжу на гару і бачу, што па соснах з мяшкамі лазяць дзеці старэйшыя за мяне. Я напалохаўся іх і, уцёкшы дамоў і расказаўшы цётцы Алі пра тое, што бачыў у ляску, пачуў: «Не бойся ты іх! Гэта ж піянеры шышкі збіраюць!»

Зброя і дзяцінства

21.02.2010. У Пугачах у хаце пад падлогай доўгі час у мяне быў схаваны самаробны пісталет. Дакладней, нешта падобнае да пісталета, з якога ўсё­ткі можна было страляць. Такая штука была не толькі ў аднаго мяне, а і ў маіх сяброў. Час ад часу мы збіраліся на Юстынавай гары і стралялі. Апошні раз я скарыстаў свой пісталет 26 сакавіка, калі мне споўнілася 15 гадоў — даваў у свой гонар салют пятнаццаццю стрэламі. А ў 16 гадоў я сваю зброю выкінуў у сажалку…

Бялюткі снег і залатая салома

21.02.2010. Ідзе дробны бялюткі снег. Месцамі перамяло палявую дарогу. З бацькам на возе, што на колах ад трактарнага прычэпа, едзем пад Татарскія па салому на кароўнік. Вялізны замецены стог сярод поля, як белы будынак без вокан і коміна. Праз паўгадзіны, нагрузіўшы воз, вяртаемся ў Пугачы, пазначаючы свой шлях залатымі ніткамі саломы…

На месцы гары

21.02.2010. Каля Лягез на месцы гары з сасоннікам, у якім я ў дзяцінстве любіў гуляць і збіраць казлякі, вялікі глыбокі кар’ер, з якога яшчэ некалькі гадоў назад бралі пясок. Цяпер на дне кар’ера кучы ламачча і смецця…

У лесе

21.02.2010. Мне дзесяць гадоў, бацьку сорак, а дзеду Юзю шэсцьдзясят. Каля Залесь ляснік нам даў дзялянку на прачыстку лесу. Бацька з дзедам пілуюць і сякуць пазначаныя для дзяржавы дрэвы, а я палю на вогнішчы ламачча. Пасля таго, як мы ачысцім сваю дзялянку, нам можна будзе ўзяць некалькі кубаметраў самага дрэннага лесу на дровы. Ляснік ведае, колькі на нашай дзялянцы павінна з’явіцца свежых пнёў, таму нічога лішняга не спілуеш. Аднак бацьку і дзеду патрэбны новыя слупкі для агароджаў, і яны, калі пачало змяркацца, спілавалі дзве бярэзіны. Пні, якія засталіся, замазалі зямлёй і засыпалі лісцем і мохам. Ноччу гатовыя бярозавыя слупкі прывезлі дамоў і схавалі на гарышчы ў сена, каб потым толькі вясной іх укапаць у зямлю. Цяпер у тым лесе, дзе я ў дзяцінстве з бацькам і дзедам рабіў прачыстку, ад паваленых бураломамі дрэў не прайсці…

Дэбют у «Дні паэзіі-­80»

21.02.2010. У 1979 годзе я ўпершыню са школьным сшыткам, у якім былі акуратна перапісаны творы, прыйшоў у выдавецтва «Мастацкая літаратура». Хлопцы­паэты параілі занесці вершы ў «Дзень паэзіі­80» складальніку Вадзіму Спрынчану. «Мы напісаныя ад рукі творы не прымаем і не разглядаем!» — убачыўшы мой сшытак, катэгарычна заявіў Вадзім Браніслававіч. Я пачаў прасіць: «Ну хоць пачытайце! Можа іх не варта і перадрукоўваць!» — «Выдавецтва разглядае толькі надрукаваныя на машынцы творы!» — паўтарыў гаспадар кабінета. «У мяне няма машынкі! І, можа, не варта мне траціць грошы на перадрук. Пачытайце…» — не здаваўся я. «Ну добра. Пакіньце. Праз тыдзень зойдзеце забраць свой сшытак»,— сказаў Вадзім Браніслававіч і правёў мяне з кабінета. На наступным тыдні я зноў прыйшоў у выдавецтва. На стале ў Вадзіма Спрынчана ляжаў мой сшытак і каля дзесяці аркушаў паперы з маімі перадрукаванымі творамі, якія складальнік «Дня паэзіі­80» выбраў да друку…

Праверка з Валожына

21.02.2010. Красавік. Вучуся ў 7 класе. У панядзелак на апошнім уроку зайшла класная кіраўніца і папярэдзіла, каб усе заўтра прыйшлі ў школу добра апранутымі і падрыхтаванымі — з Валожына прыедзе праверка, і хто атрымае двойку, таго выганяць са школы. Вярнуўшыся дамоў, вырашыў заўтра не хадзіць на заняткі. А каб не пайсці вучыцца, надумаў захварэць. І пайшоў я ў Гаік да сажалкі, на якой яшчэ цалкам не растаў лёд. Разуўшыся, зайшоў у ледзяную ваду. Стаяў, пакуль ад холаду не пачало калаціць. Вярнуўся дамоў прамерзлы да касцей. Залез на печ, дзе сябе адчуў хворым. Пачаў кашляць. Мама, пачуўшы мой кашаль, захвалявалася: «Ну што там? Захварэў?» — «Захварэў…» — прамармытаў я. «Заўтра сядзі дома!» — сказала мама. Назаўтра я не пайшоў у школу. Аднак не захварэў, а з Валожына праверка не прыехала…

Думаць вершы

22.02.2010. Вясновая паводка. Якраз у гэты час у школе вакацыі. Абуўшы бацькавы гумовыя боты і ўзяўшы блакнот, іду ў затоплены Гаік. Дабіраюся да купіны, на якой расце бярозка, і саджуся, як пісаў Алесь Пісьмянкоў, думаць вершы. Навокал вада, і я гляджу ў ваду і бачу неба, у якім плывуць аблокі, чапляючыся за леташнюю мёртвую траву. У школе вывучаем «Новую зямлю», і мне хочацца напісаць нешта падобнае, але сваё. Нічога ў галаву не прыходзіць, і я, прасядзеўшы гадзіны дзве сярод паводкі і потым яшчэ набраўшы вады ў боты, вяртаюся дахаты...