Выбрать главу

* * *

4.06.2009. У мяне ў кабінеце на сцяне партрэты Льва Сапегі і Васіля Цяпінскага. Гляджу на іх, як у вокны, за якімі спыніўся мінулы час, каб напамінаць нам, з чаго пачыналася нашае Сёння...

Жамойцін і Бембель

5.06.2009. Рыхтуем да друку кнігу «Смаргоншчына літаратурная». Сярод аўтараў — Алесь Жамойцін. На сённяшні дзень мала хто яго ведае, і ён зусім не ўспамінаецца ў абоймах творцаў, на якіх «трымаецца зруб сучаснай беларускай літаратуры». А гадоў дваццаць пяць таму пра першую кніжку Алеся пісаў і прарочыў яму вялікую літаратурную будучыню Ніл Гілевіч. Даўным­даўно паэт жыве ў Кушлянах і працуе ў Музеі Францішка Багушэвіча. Для мяне сваім служэннем Беларусі Алесь Жамойцін падобны да Алега Бембеля, які пайшоў у Жыровіцкі манастыр, каб служыць Богу...

Сядзіба Каганца і Апалінэра

6.06.2009. Дзяржынскі раён. Вёска Вялікія Навасёлкі. Сюды мяне з жонкай прывёз сябра Барыс, каб паглядзець на рэшткі палаца, пра які ён вычытаў у кнізе, прысвечанай Мінскай вобласці. Вёска сапраўды вялікая. У ёй шмат дрэў, зелянее старадаўні парк, на ўскрайку якога мы і знайшлі двухпавярховы з чырвонай цэглы палац, у якім замест падлогі крапіва. Па ўсім бачна, што яшчэ гадоў дваццаць таму на ім была страха. І, калі б у Навасёлках было талковае начальства, то не былі б побач збудаваны два шэрыя будынкі, у якіх размясціліся пошта і крама, а ўсё гэта магло быць у палацы. У глыбіні парку захаваўся стары панскі маёнтак, у якім пасля вайны быў дзіцячы дом, а цяпер — бальніца. Выязджаючы з вёскі, каля дарогі сярод дрэў і кустоў заўважылі чорны крыж. На жаль, не спыніліся і не паглядзелі, хто там пахаваны. Ужо ў Мінску нам патэлефанаваў сябра і сказаў, што ў Вялікіх Навасёлках мы бачылі спадчынную сядзібу старадаўняга шляхецкага роду Кастравіцкіх, які даў Беларусі пісьменніка Каруся Каганца, а Францыі — Гіёма Апалінэра…

Ад нас застануцца не нашы пасады

8.06.2009. «Ты харошы паэт. Але ў цябе няма патрэбнай для вялікага паэта біяграфіі...» — кажа мне знаёмы літаратар, які, мяркуючы па тоне размовы, лічыць, што ў яго патрэбная біяграфія ёсць. «І якой жа біяграфіі ў мяне няма?» — цікаўлюся, хоць і ведаю, што суразмоўца мае на ўвазе. «У цябе ўсё добра ў сям’і. Ты не п’янствуеш. Ты спакойны. Ты займаеш пасады. Ты часта друкуешся. Табе ўзнагароды даюць...» — пералічвае літаратар. Я пагаджаюся з ім і маўчу пра тое, што пасля заканчэння архітэктурна­будаўнічага тэхнікума не забраў дакументы, каб не пайсці працаваць. І не пайшоў, а сем гадоў жыў у Мінску без прапіскі, час ад часу па ўжо несапраўдным студэнцкім білеце ўладкоўваючыся грузчыкам на лікёра­гарэлачны завод «Крышталь». Ніколі не быў у камсамоле. Не служыў у войску, бо тры гады не маглі мяне адшукаць, а калі знайшлі, то знайшоўся ў абласным ваенкамаце чалавек, які, запытаўшыся, ці хачу я служыць, і пачуўшы маё «не», сказаў: «Добра. Ідзі пішы вершы...» І я пайшоў далей біць лынды па Мінску і пісаць вершы... І сёння, азіраючыся ў сваё мінулае, я нікому не зычу таго, што мне давялося перажыць з 1978 па 1985 год... І не трэба мне «патрэбнай для вялікага паэта біяграфіі», а тым больш што «ад нас застануцца не нашы пасады...»

Крызіс і перабудова

8.06.2009. Сустрэў пісьменніцу Ніну Загорскую. На яе пытанне пра жыццё адказаў: «Усё было б добра, калі б не сусветны фінансавы крызіс». Ніна Сямёнаўна тут жа сказала: «Гэты крызіс прыдумалі тыя ж людзі, якія ў свой час прыдумалі перабудову...»

У дзяцінстве і цяпер

8.06.2009. З паэтам Глебам Артханавым успамінаем пра дзяцінства. «Яшчэ зусім нядаўна ў Свіслачы можна было купацца...» — кажа мой суразмоўца. А я дадаю: «А цяпер там толькі тонуць...»

Агуркі і яблыкі па пяць капеек

9.06.2009. У выдавецтва тэлефануюць не толькі пішучыя людзі, каб запытацца, калі можна прынесці рукапіс ці «чаму мяне не выдаеце, а друкуеце ўсякіх графаманаў», а часам і чытачы, каб проста пагаварыць. Вось і сёння патэлефанаваў чытач: «Можна з вамі пагаварыць?» — «Можна»,— адказваю я. І чалавек пачынае свой маналог: «Я палкоўнік у адстаўцы. У Мінску жыву дваццаць два гады. Выбар быў, дзе пасля службы застацца: Адэса ці Мінск. Жонка настаяла, каб паехаць жыць у Беларусь, бо ў вас жывуць спакойныя людзі. І я цяпер не шкадую. Пенсія ў мяне 900 тысяч. Суседзі пытаюцца: «За што табе такая пенсія?» За тое, што на месцы не сядзеў, а да пенсіі жыў, куды пашлюць. У маім пяціпавярховым доме ў пад’ездзе працуе толькі адзін мужчына, а ўсе астатнія п’юць. Бяда! Калі я служыў у Адэсе, у мяне быў «Жыгуль». Я на ім па пляжы ездзіў. Следам дзеўкі бегалі. Красата! Жыць тады можна было. Яблыкі і агуркі былі па пяць капеек! Вы памятаеце?» — «Не памятаю...» — адказваю я і кладу трубку…