Выбрать главу

9.03.2010. Cваячніца пісьменніка N, паехаўшы ў Казахстан уздымаць цаліну, выйшла там замуж за мясцовага. Праз некалькі гадоў жанчына прывезла мужыка да сябе ў вёску, каб пазнаёміць з раднёй. Вечарам казах перад сном выйшаў на вуліцу і праз хвіліну з крыкам прыбег назад у хату: «Ай­яй­яй! Гэта ж трэба! І ў вас ёсць поўня ў небе!»

Янушкевіч і Кісялёў

10.03.2010. Прачытаў у «Дзеяслове» №44 нататкі Язэпа Янушкевіча пра Генадзя Кісялёва. Напісана больш пра сябе, чым пра свайго настаўніка, але цікава. Каторы раз лаўлю сябе на думцы, што з майго земляка Язэпа мог бы атрымацца добры раманіст, які б пісаў на гістарычную тэматыку. Аднак, Язэпу ўжо за пяцьдзясят, а ён усё ніяк да канца не разбярэцца ні з Дуніным­Марцінкевічам, ні з Багушэвічам…

Васілеўскі і народныя мастакі

10.03.2010. Былы «лімавец» Пятро Васілеўскі цяпер працуе вартаўніком. А было, здаецца, нібыта ўчора, калі Пятро на рэдакцыйнай лятучцы (кіраваў Алесь Пісьмянкоў) запланаваў гутарку з Гаўрыілам Вашчанкам, абяцаючы праз пару дзён здаць матэрыял. Прайшоў тыдзень, два, месяц, тры, паўгода, а Пятро ўсё плануе і плануе Вашчанку і, не здаўшы матэрыял, раптам прапанаваў запланаваць гутарку з Леанідам Шчамялёвым. Запланавалі. Праз тыдзень зноў запланавалі тое ж самае, праз месяц зноў, праз тры зноў. Прайшло паўгода і, не здаўшы Шчамялёва, Васілеўскі зноў запланаваў Вашчанку. І не здаў... Словам, былі часы...

1979

10.03.2010. Вясна. Інтэрнат архітэктурна­будаўнічага тэхнікума. Прачынаюся сярод ночы ад стуку ў дзверы: «Усім з’явіцца ў тэхнікум на сход!» Чаго і што — ніхто з нас не ведае. На хаду апранаючыся, бяжым у актавую залу. Каля сцэны з мікрафонам стаяць вайскоўцы. Чалавек дзесяць. Праз хвілін пяць старэйшы па званні аб’явіў, што нас сабралі разнесці позвы. Па спісах кожнага прысутнага выклікалі да сцэны і адпраўлялі ў ноч з заданнем. Дайшла чарга і да мяне, але я ў кішэні выпадкова знайшоў стары рэцэпт на лякарства ад ангіны і, выправіўшы даты, сказаў, што я хворы і не магу ноччу хадзіць па вуліцах. Вайскоўцы ўважліва паглядзелі на мой рэцэпт і на мяне, і адпусцілі. Мае ж сябры да раніцы разносілі позвы па кватэрах. Яшчэ ніхто не ведаў, што ў канцы года савецкія войскі распачнуць вайну ў Афганістане...

Чаму?

11.03.2010. Выступаў у дзіцячай бібліятэцы № 4 перад гімназістамі 9 класа. З трыццаці чалавек было толькі сем хлопцаў, а астатнія дзяўчаты. Хапала пытанняў да мяне, але найбольш запомнілася пытанне гімназісткі, якая сядзела за першым сталом: «Чаму вы пішаце па­беларуску?»…

У вёсцы

12.03.2010. Ужо цэлы тыдзень, як мама ў вёсцы з бацькам пад наглядам майго брата Вовы. Адчуванне такое, нібыта жыццёвая рэчка ўвайшла ў звыклае рэчышча, і мама па­ранейшаму здаровая, і не агледзешся, як трэба зноў садзіць бульбу і рабіць агарод. А на самай справе ў гэтым годзе садзіць бульбу не бу­дзем зусім. Гаспадарка звужаецца і звужаецца да печы, з якой і пачалася пяцьдзясят гадоў таму...

Хваробы

15.03.2010. «А потом меня постигла серьёзная болезнь — я влюбился»,— пісаў Іван Бунін. А нас апошнім часам усё наведваюць несур’ёзныя хваробы — то птушыны грып, то свіны, а то проста галава баліць…

Любоўная гісторыя

15.03.2010. Чытаю лісты, якія пісаліся пятнаццаць гадоў таму закаханым адзінокім мужчынам да замужняй жанчыны. Яму тады было 50, і ён называў сябе: «Стареющим мавром с диктаторскими замашками». Любоўная гісторыя закончылася, і паўгода назад жанчына пажаўцелыя лісты ў поліэтыленавым пакеціку вярнула мужчыну, бо пабаялася далей трымаць іх дома. Сёння мужчына прынёс свае лісты ў выдавецтва, каб выдаць іх у кнізе, прысвечанай сваёй творчасці…

Што такое шчасце?

16.03.2010. Учора патэлефанаваў прафесар­пенсіянер: «У 1985 годзе ў газеце «Знамя юности» мне было заказана растлумачыць моладзі «што такое шчасце». Я працу нядаўна закончыў, і ў мяне атрымалася 140 старонак. Можна, я вам прынясу іх для выдання?» Пасля працяглай размовы пра выдавецкія справы і пра тое, што такое шчасце, я пагадзіўся, што прафесар­пенсіянер прынясе рукапіс кнігі і я пагляджу яго. У дзесяць гадзін раніцы стары прыйшоў да мяне. Заглядаю ў папку, а там... вершы...

Ала Канапелька

17.03.2010. Рыхтуем зборнік літаратараў Хойнікаўшчыны. Чытаю Алу Канапельку. Вершы знаёмыя, напісаныя гадоў 20, а то і 30 назад. Так светла і з такой шчырай і ўзнёсла­балючай любоўю да Радзімы цяпер амаль ніхто не піша. На жаль, і сама Ала нічога новага даўно не друкуе...

Брыльянты і Зыкіна