Мой дзед і Перамога
8.05.2010. Майго дзеда Юзю (Іосіфа Іванавіча) забралі ваяваць у 1944 годзе. На жаль, калі дзед быў жывы, я не распытаўся, што ён, як былы падхарунжы войска польскага, які ўцёк вясной 1941 года з савецкага палону, рабіў тры гады пры немцах. Аднак, дакладна ведаю, што ў паліцыі і ў партызанах ён не быў. Забраны на фронт, дзед адразу ж трапіў на штурм Кёнігсберга, за што і атрымаў адпаведны медаль. Потым гнаў немцаў па тэрыторыях Польшчы і Германіі. Быў кантужаны. Пасля Перамогі ўсё лета ехаў ваяваць з Японіяй. Не даехаў, бо вайна закончылася. Дамоў вярнуўся толькі пад Новы год. У Дзень Перамогі дзед заўсёды чапляў на пінжак узнагароды. Памёр 5 лістапада 1982 года на 72м годзе жыцця...
Святло Вільні
12.05.2010. На мінулыя выхадныя Міхась Казлоўскі быў у Вільні. Учора вярнуўся ў Маладзечна, а сёння мне патэлефанаваў і расказаў, як цэлы дзень хадзіў па могілках, дзе пахаваны нашы слаўныя людзі. І ў маёй памяці, як у начы агонь, засвяцілася Вільня... І захацелася пайсці купіць білет на цягнік і паехаць да Вострай брамы...
Невядомыя рукапісы
14.05.2010. У абед да мяне на працу зайшла пажылая жанчына з вялікім чорным скураным партфелем. Павітаўшыся, я адразу пацікавіўся: «У вас вершы ці проза?» — «Я нічога не пішу. У мяне проста ёсць да вас справа»,— адказала незнаёмка. «Што за справа?» — запытаўся я і прапанаваў жанчыне прысесці. Яна села і пачала расказваць пра тое, што ў іх гімназіі № 14, дзе яна працуе, ёсць вартаўнік, якому восемдзесят гадоў. У свой час ён быў рэпрэсаваны і сасланы на Урал, дзе разам з ім адбывалі пакаранне некаторыя дзеячы культуры. І вось у гэтага дзеда ёсць рукапісы твораў пісьменніка, якому ў 2014 годзе споўніцца з дня нараджэння 100 гадоў. «А як прозвішча пісьменніка?» — запытаўся я. «Не ведаю. Наш вартаўнік прасіў высветліць, ці можна паказаць вам тыя рукапісы, якія ён захаваў»,— адказала жанчына, ад якой я нічога больш не даведаўся ні пра вартаўніка, ні пра пісьменніка. Дамовіліся, што яна мне патэлефануе і дасць нумар, па якім можна звязацца з дзедам...
Хлеб і марфлот
15.05.2010. У гадоў дванаццаць мне захацелася хутчэй вырасці і пайсці ў войска. Дзядзька Барыс, які служыў у марфлоце, даведаўшыся пра маю мару, параіў: «Еж паболей хлеба і ты трапіш, як і я, служыць на Чорнае мора». Пасля размовы з дзядзькам я пачаў старацца есці хлеб. Стараўся недзе да гадоў шаснаццаці, пакуль зразумеў, што войска — гэта харошая школа, але лепей яе праходзіць завочна…
* * *
17.05.2010. Маме стала зусім дрэнна. Паклалі ў Ракаўскую бальніцу. Адчуваю сябе хворым...
На вакзале
19.05.2010. Чакаючы маршрутку ў Ракаў, зайшоў у падземны пераход, каб схавацца ад дажджу. Стаю з поўнай торбай. Настрой ніжэй нуля. Праз хвілін дзесяць бачу: да мяне ідзе міліцыянер і глядзіць здалёку проста мне ў вочы. «Будзе, відаць, дакументы пытацца. А дакументаў у мяне з сабой аніякіх!» — падумаў я і хуценька ўліўся ў людскі натоўп, што ішоў у горад. Міліцыянер пад дождж не палез…
Дарога да мамы
19.05.2010. У Ракаў заехаў за пяцьдзясят хвілін. Усю дарогу думаў пра маму. Потым за дваццаць хвілін дабраўся з вакзала да бальніцы. Перад бальніцай спыніўся, бо стала неяк страшна ісці далей. Пайшоў дождж, і я пайшоў. Адразу не мог знайсці маміну палату. Заходжу. Мама ляжыць на ложку каля акна. Ёй толькі што паставілі кропельніцу. Жывая!
У палаце з мамай
19.05.2010. Пасля кропельніцы мама з маёй дапамогай села на ложку. Усё, што прывёз, не хацела браць. Пытаюся, ці снедала. Кажа, што ела. Прапанаваў яшчэ паесці. Захацела толькі варанае яйка. Пагаварылі, памаўчалі. У палаце з мамай яшчэ дзве жанчыны. Адна ходзіць, а другая, старэйшая, ляжыць і цяжка дыхае. Праз хвілін дваццаць у нашу палату прыадчыніліся дзверы і пачалі зазіраць па чарзе хворыя, і я пачуў іхні шэпт: «Паэт да маці прыехаў… Шніп…»
У Ракаўскім вакзале
19.05.2010. У бальніцы прабыў больш гадзіны. Толькі выйшаў ад мамы, як пайшоў дождж. Крыху прамачыўся, але ісці да маршруткі было лёгка — мама трымаецца і, дасць Бог, ачуняе. Стоячы на прыпынку, вырашыў заглянуць у Ракаўскі вакзал, у якім не быў гадоў пяць. У гэтым будынку, калі быў маладым, часта, едучы дамоў, чакаў свайго аўтобуса. Часам даводзілася сядзець па некалькі гадзін, таму нярэдка пісаў вершы. І напісаў нямала, бо сем гадоў кожную пятніцу быў праездам у Ракаве. Спадзеючыся пасядзець на тых жа памятных мне лаўках, адчыняю дзверы і бачу прадуктовую краму з гарэлкай, каўбасамі, рыбай, макаронамі…