Выбрать главу

Міклашэўскі і Рублеўская

28.05.2010. З сённяшняга «ЛіМа» даведаўся, што памёр пісьменнік Яўген Міклашэўскі. Гэта ён сказаў Людміле Рублеўскай перад яе ад’ездам у Маскву на вучобу ў Літінстытут, каб, калі ўзнікне якая праблема, зайшла за дапамогай да Шніпа. І яна зайшла дзеля цікавасці, і цяпер у яе куча праблем…

Мой аднакласнік Сашка

29.05.2010. Сёння майму сябру дзяцінства і суседу Сашку Балотніку было б 50 гадоў. Ён быў здаравейшы за нашых аднакласнікаў, і ўсе яго баяліся. Пабойваўся і я, але і Сашка ніколі да мяне не чапляўся. Недзе гады чатыры назад, калі я прыязджаў у вёску і корпаўся у градах, да плота падышоў Сашка і папрасіў пазычыць тысячу. Я даў яму пяць. І гэта была наша апошняя сустрэча. Ён памёр у адзіноце 1 студзеня 2007 года — задушыўся куском сала, якое, добра не перажаваўшы, спрабаваў праглынуць…

* * *

29.05.2010. Зялёныя дрэвы стаяць за вакном, Нібыта бакалы з зялёным віном, Якому да восені стаць залатым, Каб восені нашай напіцца у дым, Што хмарамі будзе чарнюткімі плыць Над светам, дзе дом мой самотны стаіць, Дзе я ля вакна, адзінокі, сяджу, Чакаючы сонца ў краіне дажджу… Хоць і сонца свеціць, а ў мяне такі настрой, нібыта дождж ідзе…
ЧЭРВЕНЬ

Місія

1.06.2010. Едучы на працу, у аўтобусе сустрэўся з прафесарам Іванам Чаротам. Паскардзіліся адзін аднаму на надвор’е, Іван пацікавіўся здароўем маёй маці, а потым сказаў, што нядаўна пахаваў сябра. Сябар адзінаццаць гадоў адзін даглядаў хворую маці. Маці памерла, а ён праз паўгода атрымаў інсульт, потым другі і на трэцім памёр. Мужчыну было 72 гады. «Такая ўжо была ў яго місія...» — сумна падвёў вынік жыцця свайго сябра Іван Чарота.

Андрэй Вазнясенскі

1.06.2010. Памёр Андрэй Вазнясенскі. Узгадалася мая першая сустрэча з паэтам у бары Цэнтральнага дома літаратараў у Маскве. Гэта быў 1986 год. Мы, сябры­аднакурснікі, прыйшлі ў бар ужо нецвярозыя і, убачыўшы Вазнясенскага, тут жа кінуліся да яго. Ён быў з жонкай, з якой пазнаёміў нас. Потым мы пілі за кошт паэта і закусвалі бутэрбродамі з чырвонай ікрой. Адзін перад адным цытавалі ягоныя вершы. Паэт усміхаўся…

Маладыя гады і Карачынцаў

2.06.2010. Аспірант Літінстытута Андрэй Тусічышны сябраваў з артыстам Мікалаем Карачынцавым і часта мне расказваў пра яго. Даведаўшыся, што я са сваёй Людмілай ніяк не магу купіць білеты ў «Ленком», Андрэй прапанаваў пазнаёміць нас з Карачынцавым. І ўжо была назначана сустрэча з артыстам, і мы ўжо амаль сабраліся ісці, але я, падумаўшы: «Не хапала мне яшчэ, каб Карачынцаў адбіў у мяне маю дзяўчыну!», не павёў Людмілу ў «Ленком»...

Гардзей і Рудкоўскі

2.06.2010. Заходжу ў кабінет да Віктара Гардзея. Гляджу, а ён ужо каторы дзень займаецца не планавай працай — чытае вершы Міхася Рудкоўскага. Прывітаўшыся са мной, Віктар паведаміў: «Хачу падрыхтаваць да выдання ў серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя» томік вершаў Міхася. Калі мы такіх хлопцаў, як ён, не выдадзім, дык ніхто пра іх не ўспомніць! Вось мы выдалі год назад кніжку Міколы Федзюковіча, а сёння ўжо яго паставілі ў пазакласнае чытанне...» Нічога не сказаўшы, я ўзяў адну з тоненькіх кніжак Міхася Рудкоўскага і пачытаў з яе некалькі вершаў. «Колькі ён пражыў?» — запытаўся я. «Усяго 53 гады...» — адказаў Віктар. І я, яшчэ прачытаўшы пару твораў паэта, пайшоў у камп’ютарную, дзе набіраецца перспектыўны план выдавецтва на 2011 год, і ў яго ўпісаў кніжку Міхася Рудкоўскага, якую рыхтуе Віктар Гардзей...

* * *

4.06.2010. Пайшоў другі тыдзень, як мама пасля бальніцы ў мяне. За гэты час яна паправілася на дзвесце грамаў, а я на два кілаграмы схуднеў...

Не забываецца...

4.06.2010. Цэлую ліпеньскую ноч бушавала навальніца. Страшна грымеў гром і жахалі маланкі. На вуліцы пад віхламі ў калюжынах валяліся абламаныя галіны і я, шасцігадовы хлапчук, ідучы па Лягезах гуляць да Сашкі Баранова, месцамі з цяжкасцю прабіраўся праз іх. Калі ўжо заставалася да хаты сябра метраў сто, я спыніўся перад велізарнай паваленай ліпай. Выдзертыя з зямлі карэнні, як змеі велічынёй па некалькі метраў, грэліся на сонцы. Каля кроны паваленага дрэва стаяў Сашка і нешта разглядаў у траве. Заўважыўшы мяне, сябра паклікаў: «Ідзі сюды! Паглядзі, што я знайшоў!» Пералезшы праз мокры і слізкі ствол ліпы, я падбег да Сашкі, спадзеючыся ўбачыць нешта прыгожае. У траве ляжаў вялікі чорны крумкач і па яго вялікіх расплюшчаных вачах поўзалі зялёныя мухі...