Выбрать главу

Стары інтэлігент і зялёнка

7.07.2010. Старому інтэлігенту муляры фарбавалі ў кватэры сцены. І, каб колер быў прыгожы, жанчыны параілі гаспадару купіць у аптэцы зялёнкі, якую яны размяшаюць з белай фарбай. І пайшоў стары ў аптэку і нясмела папрасіў у маладой аптэкаркі: «Дайце мне на пяць рублёў зялёнкі...» Аптэкарка, засунуўшы рукі пад прылавак, нешта доўга лічыла, а потым дала пакупніку ладны пакунак. Стары прынёс пакунак дамоў, а там замест зялёнкі цэлая куча гандонаў. І пайшоў стары назад у аптэку і сказаў, што яму прадалі не тое, што ён прасіў. Аптэкарка, забіраючы гандоны, раззлавалася: «Вас, старых інтэлігентаў, цяжка зразумець, што вам дакладна трэба: ці гандоны, ці зялёнка?»

Не адзіял

23.07.2010. «Я не адзіял!» — прачынаючыся пад абед, казаў сам сабе мужчына, які нядаўна стаў пенсіянерам. Крыху пасварыўшыся з жонкай і сказаўшы: «Я не адзіял!», мужчына ішоў у піўбар. Там ён піў да закрыцця. Вярнуўшыся дамоў і пачуўшы ад жонкі: «Зноў напіўся!», казаў: «Я не адзіял!» — і, не распранаючыся, клаўся спаць, каб заўтра зноў прачнуцца пад абед і сказаць сваё: «Я не адзіял!»

Жыццё…

27.07.2010. На прыпынку з букетам, загорнутым у газету, сустрэў Ларысу Васільеўну Глебаву. Дзесяць гадоў таму ў яе памёр муж, кампазітар Яўген Глебаў. Мінула ўжо больш сарака дзён, як жанчына пахавала адзінага сына, Радзівона, якому было сорак чатыры гады. Сёння яна ехала на пахаванне хроснай сына...

Дзяўчына з сабачкам

28.07.2010. Кожны вечар суседчына дачка, нядаўняя школьніца, выводзіць на Мухлю сабачку. «Па дзве, а то і па тры гадзіны выгульвае!» — радуецца суседка. Я маўчу, хоць ужо колькі разоў бачыў яе сабачку, прывязанага да лаўкі, на якой дзяўчына абдымалася з белабрысым хлопцам…

* * *

29.07.2010. На вуліцы пад вокнамі мужчына косіць траву. Газонакасілка раве, нібыта пілуе дровы…

Дзеці і мова

29.07.2010. Гэта было тры гады таму, калі я на цягніку ў плацкартным вагоне вяртаўся з Крыма. Побач са мной каля вакна ехала маладая сямейная пара ўкраінцаў з сынам гадоў васьмі. Яны паміж сабой размаўлялі па­руску. Хлапчук­непаседа ўвесь час ірваўся з кім­-небудзь пагуляць. Непадалёку ад нас ехалі дзве пажылыя беларускі з унукам гадоў дзесяці. Праехаўшы з паўгадзіны, малы ўкраінец паклікаў да сябе малога беларуса. І яны пачалі гуляць з машынкамі і паміж сабой размаўляць — адзін чыста па­ўкраінску, а другі на беларускай трасянцы. Да ўсяго малы ўкраінец пачаў вучыць малога беларуса, як трэба вымаўляць некаторыя словы па­ўкраінску. Беларус слухаўся і стараўся. Добрую дзіцячую кампанію недзе праз паўтары гадзіны парушыла маці­ўкраінка, сказаўшы: «Малы хахол, пара ўжо спаць!»

Літаратурныя прарокі

30.07.2010. Людміла купіла кніжку «Литературные пророки». Пачытаў. Змест страшны — усё пра смерць. Адразу ўзгадаў сваё:

Гэта наша з табою вясна маладая, Гэта наша з табой, гэта наша з табой Зорка ў небе ўзышла, як страла залатая. Я памерці хачу ад стралы залатой, Не ад змроку, што ў цесных, як норы, пакоях, У якіх мы жылі, у якіх мы жывём І чакаем вясны, быццам казачных вояў, Што святло прынясуць нам у кожны наш дом.

Гэта было напісана 9 сакавіка 2001 года. Адшукаў і ранейшае (1988): «І памру ад лютае жуды». Пасля гэтага было: «Напішу вар’яцкіх вершаў — і памру». А сабраўся ж я жыць 107 гадоў…

* * *

30.07.2010. Заўтра ўсёй сям’ёй ідзём на вяселле. Жэніцца сын маёй сястры Валі. Даўно на вяселлях не быў, таму неяк на душы неспакойна, нібыта сам буду жаніцца…

Не гарыць, а выгарае…

30.07.2010. Па тэлевізары паказваюць, як выгарае Расія. Жудасна! Узгадалася, што недзе гадоў пятнаццаць назад і ў нас пад Мінскам гарэлі балоты і ў горадзе смярдзела дымам. Мы тады былі ў Доме творчасці «Іслач» з малымі дзецьмі. Вечарам было страшнавата класціся спаць. Аднак тое, што творыцца ў суседняй краіне — гэта непараўнальная бяда, з якой самому чалавеку і не справіцца. Толькі праліўныя дажджы спыняць агонь. А дажджоў няма, і Расія выгарае…

ЖНІВЕНЬ

* * *

2.08.2010. У суботу ўсёй сям’ёй ездзілі на вяселле. Яно было незвычайнае. Задоўга да падзеі мучыўся пытаннем: «Што буду рабіць паўдня сярод амаль ста чалавек, якія не п’юць?» І, калі вяселле закончылася, а яно праляцела хутка і весела, пачуў ад сына: «Я хачу, каб, калі буду жаніцца, і ў мяне на вяселлі ніхто не піў!»