Выбрать главу

* * *

23.08.2010. 1 верасня еду ў Маскву. Паціху збіраюся ўжо цэлы тыдзень. Адчуванне, нібыта зноў еду ў Літінстытут на вучобу…

* * *

23.08.2010. Успомнілася. 1984 год. Цягнік «Мінск — Масква». У купэ на Усесаюзны семінар маладых літаратараў еду з Леанідам Галубовічам. З намі Сяргей Дубавец, Алесь Асташонак, Міхась Барэйша, Уладзімір Саламаха, Вадзім Спрынчан, Хрысціна Лялько і яшчэ некалькі чалавек. Не памятаю, пра што мы гаварылі ўсю дарогу, але запомніўся вершаваны радок Галубовіча: «Колькі ўжо гадзін еду і еду ў бок Масквы, а сонца ўсё няма і няма…»

Трахімёнак і дзяржаўны сакрэт

25.08.2010. У «Доме прэсы» быў на прэс­канферэнцыі пісьменніка Сяргея Трахімёнка. Гаварылі пра ягоныя кнігі, што выйшлі ў «Мастацкай літаратуры» і ў холдынгу «ЛіМ». Ад Сяргея Аляксандравіча, як ад прафесійнага разведчыка, прысутныя даведаліся, што амерыканскіх шпіёнаў у Савецкім Саюзе распазнавалі (а гэта раней быў дзяржаўны сакрэт) па падробленых пашпартах, якія былі цалкам, як савецкія, але яшчэ лепшыя. Лепшыя тым, што амерыканцы скарыстоўвалі сашчэпкі з нержавейкі, а ў нас яны былі жалезныя, якія праз два­тры месяцы пачыналі ржавець. Словам, калі твой пашпарт не ржавее, то ты не наш чалавек…

Прыкметы восені

26.08.2010. У сённяшнім дні ўбачыў новую прыкмету надыходзячай восені — на вуліцах і ў транспарце стала шмат студэнцкай моладзі…

Хутка ў школу…

28.08.2010. Праз некалькі дзён дзецям зноў ісці ў школу. Спрабую ўспомніць свой першы школьны званок і не магу. Затое добра памятаю выпускны вечар. Мне ў той дзень выпала пасвіць кароў у радоўцы, таму на мерапрыемствах, якія былі днём у школе, я не быў. Вечарам, прыгнаўшы з радоўкі кароў і пераапрануўшыся ў касцюм, пайшоў у клуб. Упершыню сам запрасіў танцаваць Зою Шымель, у якую быў закаханы. Танцаваў з аднакласніцай некалькі разоў, і яна мяне запрашала на белы танец, але я так і не сказаў ёй ні слова…

Танцы ў час дажджу

28.08.2010. У дажджлівае надвор’е ў вёсцы добра было хадзіць на танцы. У клубе не падымаўся пыл і не было задухі. І, калі пачыналася бойка, то чырвоныя ад крыві кашулі можна было мыць у струмені вады, што сцякаў з клубнай страхі. Байцом я не быў, але…

Клуб у Татарскіх

28.08.2010. У Татарскіх клубам была звычайная з печкай хата, у якой ніхто не жыў. Неяк, расказваючы пра сваё юнацтва жонцы, вырашыў паказаць ёй клуб у Татарскіх. Прыйшлі. А на месцы хаты, сярод быльнягу адна белая печка з чорнай трубой, як помнік таму, што было і ніколі ўжо не паўторыцца…

У «Сталіцы»

28.08.2010. З Людмілай хадзілі ў «Сталіцу». Яна ў крамах разглядала абутак і адзенне, а я жанчын…

На хвіліну…

28.08.2010. Змрочна. Дробны дождж. З «Чырвонага касцёла» пасля вянчання выйшлі маладыя. Маладыя і прыгожыя. Мы з Людмілай на хвіліну спыніліся, нібы жыццё для нас спынілася на хвіліну…

ВЕРАСЕНЬ

* * *

2.09.2010. Масква. Беларускі вакзал. Шэсць гадзін раніцы. Мы з Зосяй Куставай і Аленай Казак толькі што выйшлі з вагона. Сунемся з натоўпам. Таксісты прапануюць падвезці. Пытаемся пра кошт і адмаўляемся. Дорага. Спадзяемся на метро. А там вар’яцкая чарга і мы вяртаемся да таксістаў. А іх ужо няма. І раптам да нас падыходзіць высокі мужчына і, даведаўшыся, што нам трэба ў гасцініцу «Турыст», просіць тысячу. Лена Іванаўна, а яна ў нас у «Мастацкай літаратуры» галоўны бухгалтар, кажа: «Даём шэсцьсот!» — «Мала! Тысяча і ўсё тут!» — «Раз так, то мы і на метро можам заехаць!» — «Няхай будзе не па­вашаму і не па­мойму! Восемсот!» — «Шэсцьсот і не больш!» — «Давайце за семсот!» — кажа мужчына. «Не! Шэсцьсот!» — «Семсот!» — «Ну, тады за шэсьсот пяцьдзясят!» — прапануе Лена Іванаўна і таксіст, махнуўшы рукой у знак згоды, бярэ ў нас найбольшую сумку і вядзе да машыны. «Калі б вы не былі маёй апошняй надзеяй зарабіць, то я б вас за такія грошы не павёз!» — кажа таксіст і, выехаўшы з прывакзальнай плошчы, націскае на газ. Па Маскве едзе на хуткасці 100­110 кіламетраў у гадзіну. Не дзіўлюся, бо калі ехаць так, як ездзяць у нас, то цябе іншыя машыны сапхнуць з дарогі…