Выбрать главу

* * *

8.09.2010. У другой палове працоўнага дня зайшоў Леанід Маракоў і падарыў свой энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі Беларусі 1920—1960», які толькі што выйшаў у выдавецтве «Медысонт». Таміна ўражвае і візуальным аб’ёмам у 900 старонак, і сваім зместам. Лёня малайчына! Працуе за добрую сотню навукоўцаў. Гэта яго 28 кніжка. Гадоў пятнаццаць таму Маракоў быў паспяховым бізнесоўцам і раздаваў направа і налева падарункі. А цяпер зайшоў да мяне папрасіць хоць якой паперы, каб раздрукаваць раздзелы новай кнігі…

* * *

9.09.2010. Некаторыя новыя высотныя дамы ў Маскве, калі на іх глядзіш здалёку, здаюцца вылезлымі з зямлі і абсечанымі тунэлямі метро...

Алесь Наўроцкі

10.09.2010. У дзесяць гадзін раніцы ў кабінет зайшоў незнаёмы, пажылы, у зялёнай куртцы мужчына і запытаўся: «Вы Віктар Шніп?» — «Я».— «А я Алесь Наўроцкі. Хачу ў вас у выдавецтве адшукаць свой рукапіс, які я тут пакінуў гадоў дзесяць назад Марчуку. Ліна Каўрус казала, што яшчэ тады яго здалі ў архіў. Дапамажыце адшукаць»,— сказаў паэт, які ў 1978 годзе, пратэстуючы супраць прымянення псіхіятрыі ў палітычных мэтах, выйшаў з Саюза пісьменнікаў. Пасля гэтага ў 1981 годзе яго прымацавалі да псіханеўралагічнага дыспансера і пазбавілі працы ўрача. Ну а потым паэта перасталі друкаваць. На маё пытанне, што ён цяпер піша, адказаў: «Займаюся вершамі. Напісаў паэму памерам з «Васю Цёркіна». Нікуды не нясу, бо ведаю, што ніхто не надрукуе праўду. Вершы пішу па­беларуску. Іх у мяне сабралася разам з паэмай каля 20 аркушаў. Прозу пішу па­руску і проста, як Якуб Колас». Пакуль мы шукалі патрэбную папку з творам, да нас прыйшоў Юрась Пацюпа з Яўгенам Гучком, якія пачалі цытаваць вершы Алеся Наўроцкага з кнігі «Неба ўсміхаецца маланкаю». Алесь Піліпавіч задаволена ўсміхаўся і наогул узрадваўся, калі адшукалі ягоны рукапіс з прозай. Развітваючыся, дамовіліся, што паэт прынясе ў выдавецтва ненадрукаваныя вершы…

У Крэўскім замку

11.09.2010. Дробны дождж, як дымнае мроіва, што прынесена ветрам з нашага далёкага мінулага. На дзядзінцы амаль разбуранага Крэўскага замка пасецца чорны конь. І я іду да яго, нібыта апошні абаронца зямлі беларускай…

Ахоўваецца…

11.09.2010. На рэштках сцен Крэўскага замка вісіць шыльда, на якой напісана, што замак ахоўваецца дзяржавай. А дзе ж ахоўнікі? Разбуральнікі прыехалі!

* * *

11.09.2010. Стаю на рэштках сцяны Крэўскага замка. Варожыя стрэлы пралятаюць праз мяне…

* * *

11.09.2010. У свой час у Барунах на святара вучыўся мой зямляк паэт Пятро Бітэль. Будынак, у якім ён жыў і маліўся, глядзіць на прыезджых разбітымі вокнамі, за якімі яшчэ жыве наша невядомая Беларусь…

* * *

11.09.2010. У траве Гальшанскага замка велізарныя слімакі, як камяні, якія ажылі…

Жабкі ў Гальшанах

11.09.2010. У траве скачуць жабкі, як зачараваныя чужынцы, што хацелі захапіць Гальшанскі замак…

Гальшанскі замак і Караткевіч

11.09.2010. Хаджу па Гальшанскім замку і побач з сабой бачу Уладзіміра Караткевіча. Ён маладзейшы за мяне, і я наглядаю за ім, каб ён часам не ўпаў з пашкоджаных сцен замка і не разбіўся. Караткевіч яшчэ не напісаў раман «Чорны замак Альшанскі»…

* * *

12.09.2010. У пятніцу, 10 верасня, хадзіў у музычную школу № 10 на прэзентацыю кнігі пра кампазітара Яўгена Глебава, якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры». Карэспандэнтка з радыё, якая рабіла перадачу пра імпрэзу, узяла інтэрв’ю і ў мяне, але перад размовай запыталася: «На каком языке будзіте гаварыць?» — «Што за пытанне! Па­беларуску!» — адказаў я, і дзяўчына на добрай беларускай мове пачала задаваць мне пытанні. У канцэртнай зале народу, на жаль, было зусім мала. Некалькі кампазітараў і выкладчыкаў, а таксама некалькі сябровак Ларысы Васільеўны. І калі б не прывялі чалавек трыццаць сувораўцаў, то зала была б амаль пустая. Тэлебачанне прыехала толькі тады, калі закончылася прэзентацыя. І я вяртаўся дадому з адчуваннем, што нікому нічога не трэба — ні наша літаратура, ні цудоўная музыка Яўгена Глебава…