Выбрать главу

Снег і правады

14.10.2010. Лёг спаць. Зажмурыўся і ўбачыў родную вёску. Мне гадоў дзесяць. Зіма. Гурбы вышэй платоў. Манцёры мяняюць на слупах правады. Правады ржавыя, і пасля іх на гурбах застаюцца рудыя пісягі, як на белых спінах пасля пугі крывавыя…

* * *

16.10.2010. У выдавецтва прынёс рукапіс кнігі вершаў Ігар Пракаповіч з Пастаў. Пытаюся, як справы ў школе, дзе ён працуе. Махнуўшы рукой, Ігар расказаў, як нядаўна ён з фізруком ішоў на працу. Гаварылі пра жыццё­быццё. І тут іх дагнала васьмікласніца і сказала: «Разгаварывайце на нармальном языке!»

Фатаграфаваць сны…

16.10.2010. У Казіміра Камейшы вычытаў: «Можа, некалі людзі навучацца фатаграфаваць свае сны, і тады ў іх будзе магчымасць вяртаць незваротнае…» Па фатаграфіі, праўда, нічога не вернеш, але, сапраўды, нядрэнна было б фатаграфаваць сны, бо колькі ў іх таго, чаго ўжо няма і нават таго, што наўрад ці будзе ў рэальнасці…

Гусінае пяро і думка

17.10.2010. У дзяцінстве зімой, залезшы на печ, прымасціў­шыся каля пяколка і адгарадзіўшыся занавескай ад усяго свету, пісаў у невялічкі блакнот вершы. Было вельмі рамантычна, але хацелася яшчэ нечага незвычайнага. І даведаўшыся, што ў даўнія часы паэты пісалі гусіным пяром, паўдня ганяўся па вёсцы за гусямі. Раздабыўшы пяро, паспрабаваў пісаць. Нічога не атрымалася, бо пакуль выводзіў словы, прападала думка…

* * *

17.10.2010. Цямнее. І ўсе думкі, як пчолы, вяртаюцца дахаты…

Без зайздрасці і прыкрасці

18.10.2010. Тургенеў пісаў пра жыццё: «Нужно спокойно принимать ее немногие дары, а когда подкосятся ноги, сесть близ дороги и глядеть на проходящих без зависти и досады: и они далеко не уйдут». Чытаючы гэтыя словы, бачу сваю нямоглую маці, якая з балкона глядзіць на двор, дзе ходзяць людзі. І яна глядзіць на іх без зайздрасці і без прыкрасці…

* * *

18.10.2010. Трапілася ў рукі мая кніжка «Пошук радасці», якая выйшла ў 1987 годзе. Яе рукапіс у 1984 годзе перад тым, як здаць у выдавецтва, чытаў Міхась Стральцоў і, калі яму нешта не падабалася, казаў: «Аддай маладым!». Найбольш Міхась Лявонцьевіч хваліў чатырохрадкоўе:

Хата анямелая, сівая, З шэраю буслянкай, бы вянком, Вокнамі задумна пазірае, Склаўшы рукі на дзвярах замком.

Строгае папярэджанне…

19.10.2010. На прэзентацыі кнігі Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага «Энцыклапедыя музычных інструментаў» да мяне падышла пажылая жанчына і сказала: «Я вам, як галоўнаму рэдактару, раблю строгае папярэджанне за тое, што ваша выдавецтва ў 2000 годзе выдала кнігу Івана Мележа і не напісала, што ён лаўрэат Ленінскай прэміі. Ленінская ж прэмія мае ўзровень Нобелеўскай. Болей так не рабіце!» І не паспеў я адказаць жанчыне, што ў выдавецтве працую з 2004 года, як яна, яшчэ раз папярэдзіўшы мяне, пайшла…

Между прочым…

20.10.2010. Чытаю чарговы рукапіс непрызнанага генія. І раптам адчыняюцца дзверы і да мяне ў кабінет заходзіць жанчына, апранутая, як бомж. Не пытаючыся, яна садзіцца, і пакуль я думаю­гадаю, што ёй сказаць, жанчына заяўляе: «А вы так не глядзіце на мяне! Я между прочым член пісацяляў!»

Пісьмянкоў і Левановіч

23.10.2010. Часта ўспамінаю Алеся Пісьмянкова, з якім некалькі гадоў працаваў у «ЛіМе». Ён галоўным рэдактарам, а я адным з ягоных намеснікаў. З Алесем было хораша працаваць, бо ён да ўсіх супрацоўнікаў адносіўся, як да родных. Стараўся не крыўдзіць нікога, перажываў за ўсіх і ўсё і часам залішне. Землякі ж для яго і наогул былі, як святыя. Памятаю, у рэдакцыю прыходзіць Леанід Левановіч. Праз хвілін пяць Пісьмянкоў кліча мяне ў кабінет: «Трэба паставіць у гэты нумар апавяданне Леаніда Кірэевіча, якое ён прынёс два тыдні назад!» — «Мы ж у мінулым нумары апавяданне тое надрукавалі!» — адказаў я і прынёс Левановічу і Пісьмянкову па газеце…

На Кальварыі…

23.10.2010. З Людмілай хадзіў на Кальварыйскія могілкі. Яна фатаграфавала, а я шукаў магілу мастака Яўгена Куліка. Пакланіліся Янку Лучыне, Вячаславу Адамчыку, Генадзю Кісялёву, Ніне Гілевіч, Алесю Пісьмянкову, Алесю Асташонку. Магілы Яўгена Куліка не знайшоў, але нечакана натрапілі на помнік Івану Навуменку і ягонай жонцы. Жоўты, як агеньчык свечкі, бярозавы лісток трапятаў на помніку на павуцінцы і ад яго было светла ў душы. Цяпер будзем ведаць, дзе пахаваны яшчэ адзін пісьменнік…