У царкве…
7.11.2010. Учора маму прывезлі з Ракаўскай бальніцы да нас. Сёння з Людмілай хадзіў у царкву Пятра і Паўла. Мы маліліся, а каля нас амаль увесь час бегалі малыя дзеці, як херувімы…
Мае святы…
7.11.2010. У Пугачах у нашай сям’і былі два вялікія святы — Каляды і Вялікдзень. А таксама, хоць і сціпла, святкаваліся ўсе астатнія царкоўныя. Памятаю, як у Лягезах да маёй бабулі Ганны прыходзілі аднавяскоўцы, каб павіншаваць яе з Ганнамі. Кастрычніцкія святы мы ніколі не святкавалі. І наогул мая мама ўсё жыццё прапрацавала на кароўніку даяркай без адпачынкаў і амаль без выхадных дзён, і нават калі хварэла, ішла на працу. Дзень народзінаў у сям’і таксама ніколі не адзначалі. На Новы год ставілі ялінку, але не сядзелі да дванаццаці гадзін. Святкавалі Стары Новы год. Святы з застоллямі і падарункамі ў маім жыцці з’явіліся толькі тады, калі жаніўся. Праўда, і па сённяшні дзень ніяк не магу прывыкнуць дарыць кветкі…
Міхаіл Савіцкі
8.11.2010. Памёр Міхаіл Савіцкі. Гадоў пяць назад у выдавецтве мы планавалі выдаць пра яго кнігу. Ужо быў знойдзены складальнік выдання, было жаданне мець кнігу пра сябе і ў мастака. І тут раптам аб’явіўся сын Савіцкага Андрэй, які заявіў, што ён сам напіша кнігу пра бацьку і яму не патрэбны памагатыя. На гэтым усё і скончылася…
Тры гады
9.11.2010. Сёння тры гады, як не п’ю. Адчуванне, нібыта прайшло тры гады пасля вайны, з якой я вярнуўся жывым…
Казбярук і кнігі
10.11.2010. Уладзімір Казбярук, прынёсшы рукапіс кнігі пра Максіма Танка, пахваліўся малюнкам Караткевіча, які ён яму падарыў у 1969 годзе. Цікавы малюнак. Гаворачы пра здароўе, Уладзімір Міхайлавіч паскардзіўся: «У мяне ў хатняй бібліятэцы больш за тры тысячы кніг. Хацеў было здаць куды-небудзь, мне ж ужо 88ы год ідзе, але ніхто не бярэ. Кажуць месца няма для кніг…»
Крадуць!
10.11.2010. Вяртаючыся ў перапоўненым аўтобусе № 57 дамоў, стаў сведкам, як хлопец гадоў дваццаці пяці ўкраў у жанчыны кашалёк. «Аддай грошы! А то міліцыю выклічу!» — крычала жанчына. Злодзей нешта бубнеў, усе маўчалі, і толькі нейкі п’яны граміла заявіў: «Аддай бабе грошы! А то морду наб’ю!» На прыпынку злодзей і абрабаваная выйшлі, а ўсе астатнія паехалі далей…
Пабыў бацькам і жонкай
11.11.2010. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры сёння адбылася вечарына, прысвечаная 85годдзю беларускага радыё. Вялі Галіна Шаблінская і Алег Вінярскі. Людзей было шмат. Выступленні былі цікавымі, асабліва ўспаміны пра кур’ёзныя выпадкі на радыё. Я ведаў, што і мне дадуць слова, таму быў гатовы ў любую хвіліну выйсці да мікрафона. Недзе праз дзве гадзіны Галіна Шаблінская аб’явіла: «А зараз выступіць вядомы паэт Анатоль Шніп!» Нехта з залы паправіў: «Віктар Анатольевіч…» А пазней, пасля выступлення, Валянціна Коўтун, каб даведацца пра лёс сваёй кнігі ў выдавецтве, аклікнула мяне: «Людміла…»
Конкурс прыгажосці
11.11.2010. Заўтра іду на вечарыну, дзе буду ў журы выбіраць прыгажунь сярод паэтак. «А хто там будзе ў журы акрамя цябе?» — пацікавіліся ў мяне на працы. «Ну, Пятро Васючэнка!» — адказаў я. «Дык ён жа дрэнна бачыць!» — «Ну і што! Крот жа хацеў жаніцца на Дзюймовачцы!» — адказаў я…
Бацькі і паэтпесеннік
12.11.2010. Выйшла кніга песень «Астравы шчасця» Аляксандра Лягчылава, рукапіс якой у выдавецтва прынеслі ягоныя бацькі, выконваючы просьбу сына, які памёр больш за пяць гадоў таму. Выданне атрымалася невялічкае — усяго 2,5 аркушы. Маці Аляксандра, убачыўшы кнігу, адразу выказала незадавальненне: «Чаму такая тонкая і не ў цвёрдай вокладцы?» Давялося хвілін дваццаць тлумачыць, што магло не быць ніякай кнігі. Мы ж выдалі ўсё за рэдакцыйныя грошы. Праўда, развітаўся з бацькамі Аляксандра Лягчылава, крыху паразумеўшыся. Думаю, што сам паэтпесеннік быў бы задаволены кнігай, якая ўпершыню выйшла ў дзяржаўным выдавецтве, і тым больш не за ўласныя грошы, якія ён зарабляў на песнях і траціў на зборнічкі тыражом 100—300 асобнікаў…