* * *
22.01.2011. На фоне белага неба і снегу адзінокае чорнае дрэва на небакраі, як трэшчына, з якой прарвецца вясна…
У чаканні вясны…
22.01.2011. На вуліцы беласнежна і сумна. У такі дзень, як сёння, калі б жыў у вёсцы, я б на лыжах паехаў у лес. На любімай палянцы расклаў бы вогнішча і на дубчыках смажыў бы сала… А так сяджу ў кватэры і сачу праз акно за варонамі, што сядзяць на дрэвах, чакаючы вясны, як і я…
* * *
23.01.2011. У заснежаным скверы вароны на дрэвах, як счарнелыя ад маразоў рабінавыя гронкі…
Канкрэтная справа
23.01.2011. Іна Фралова, якая мяне вадзіла ў дзіцячы дом № 5 прыслала па электроннай пошце: «Хлопцы пад уражаннем да сягоння ад сустрэчы з Вамі. Астатнія шкадуюць, што не давялося пабачыцца. Першы раз чытаюць кнігі на беларускай мове без прымусу. Навыка няма, чытаюць па складах, пытаюцца словы. Адным словам, хатачытальня…» Пайду яшчэ…
Да 90-годдзя Івана Шамякіна
25.01.2011. У Нацыянальнай бібліятэцы прэзетаваў кнігу «Іван Шамякін. Летапісец эпохі». Імпрэзу хораша правёў Мікола Мятліцкі. Выступалі Таццяна і Алеся Шамякіны, Алесь Савіцкі, Раіса Баравікова і Адам Мальдзіс. Найбольш з усяго запомнілася тое, што Адам Іосіфавіч выглядаў, як ксёндз, а Раіса Андрэеўна падчас свайго выступлення трымала мікрафон, як свечку ў Храме…
Часам здаецца…
26.01.2011. Часам здаецца, што ўсё тое, што ўжо надрукавана, нікому не патрэбна, як смецце, якое засталося пасля здабычы золата. А золата прапілі…
Думалі пра ВКЛ
26.01.2011. Часта ўспамінаецца Масква і інтэрнат Літінстытута, калі мы (літовец, украінец, паляк і я) начамі за пляшкай польскага спірту, прынесенага з пасольства Польшчы, гаварылі пра землі «ад мора да мора» і адзін аднаму даказвалі, што гэта яго зямля. Яшчэ было амаль шэсць гадоў да гібелі савецкай імперыі, але ўжо адчувалася, што мы не проста так узгадваем сваю агульную гісторыю. Наша «дзяльба зямлі» заўсёды заканчвалася мірна, але не ведаю, як мае суразмоўцы, а я заставаўся пры сваім меркаванні, што ВКЛ — гэта цалкам беларуская дзяржава. Цяпер думаю, чаго больш было ў нашых начных гамонках пра землі «ад мора да мора»: разбуджанай тугі па Вялікім Княстве ці нованароджанай імперскай пыхі, якая ўзнікла ў выніку навучання ў Маскве?
* * *
30.01.2011. Калі ездзіў у вёску ў аўтобусе, нярэдка ўсю дарогу ўспамінаў дзяцінства. На душы рабілася сумна, што хоць ты плач, а людзі ў аўтобусе гаманілі, смяяліся. Адно суцяшала, што не з мяне…
Справа не ў паштоўках…
30.01.2011. У старым сшытку знайшоў сваю занатоўку: «Каляды. Разаслалі каля дзясятка віншавальных паштовак. І ні слова ў адказ. Крыўдна… Знаходзім старыя віншаванні, перачытваем. Вяртаемся ў мінулае, у якім усе мы былі крыху бяднейшымі, але грошай заўсёды хапала на паштоўкі. Ды справа не ў паштоўках…»
Мужыкі
30.01.2011. Перада мной, кульгаючы, два пажылыя мужыкі нясуць па пляшцы таннага «чарніла». Каля першага пад’езда чатырохпавярховіка, што пасуседску з маім домам, прыпыняюцца. Маладзейшы кажа: «Мяне папярэдзілі, што я яшчэ гадоў пяць пахаджу, а там ногі адмовяць. Хопіць мне і пяці гадоў…» — «Ну і я пад нож не лягу!» — заяўляе ягоны сябрук. Відаць, пачуўшы размову, да кульгаючых з пад’езда выйшаў на мыліцах мужчына гадоў пяцідзесяці і сказаў: «Лепш маленькі Ташкент, чым бальшы Сібір!»
Сыс вольны…
1.02.2011. Патэлефанавала Ларыса Раманава, якая паведаміла, што маё хваляванне пра Анатоля Сыса (ці не пахавалі паэта са звязанымі нагамі?), якое ўзнікла пасля прачытання кніжкі Ганны Кандрацюк з Беластоку «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.», дарэмнае. Ну і дзякуй Богу!
Пытанне
2.02.2011. Пасля працы зайшоў у краму. Выбіраючы, што купіць, заўважыў разгубленую бабульку вельмі падобную на маю маці. Праз хвіліну бабулька падышла да мяне і запыталася: «А дзе тут за кварціру плаціць?»
* * *
3.02.2011. Дзень пашыраецца, як трэшчына ў чорным лёдзе…
У Петрапаўлаўскім саборы…
5.02.2011. У Петрапаўлаўскім саборы на Нямізе прайшла служба ў памяць Таццяны Сапач. Калі святар назваў у пераліку памерлых імя паэткі, каля мяне з Людай уключылася святло ў вялікай люстры, і адразу ж перагарэла, нібы стрэліла, адна лямпачка. А калі скончылася малітва, у жанчыны, якая стаяла перад намі, ад свечкі загарэўся пясцовы каўнер на куртцы і праз міг патух…