Лягчылаў і чытачка
10.03.2011. Ранкам мне на працу патэлефанавала жанчына: «Вы мяне не ведаеце, а я вас ведаю, як паэта, таму хачу з вамі пагаварыць».— «А ў чым справа?» — пацікавіўся я. «А справа ў тым, што мне ўжо пад восемдзесят і я люблю беларускую паэзію. Нядаўна купіла кніжку песень Аляксандра Лягчылава, якая выйшла ў вашым выдавецтве. І там я знайшла абдрукоўкі»,— сказала жанчына, і мы з ёй пагаварылі наконт памылак у кнігах. Потым жанчына расказала, што будучы на прэзентацыі кнігі Лягчылава ў гандлёвым каледжы, дзе ён працаваў, яе абурыла, што ніхто з запрошаных кампазітараў і выканаўцаў не прыйшоў. «Нядаўна я была ў «Кнігарні пісьменніка», дзе хацела купіць кніжку Лягчылава, каб падарыць знаёмай,— працягнула размову жанчына.— І мне сказалі, што такога паэта яны не ведаюць і кніжкі ў іх ягонай няма. Але пасля таго, як я пашумела, мне са склада прынеслі дзве кніжкі Лягчылава. На пытанне, чаму кніжку не выставілі ў зале, мне сказалі, што ёй ніхто не цікавіцца і яна на беларускай мове. Ну тут я і завялася, і сказала прадаўшчыцы, што калі б я не была старой, то дала б ёй за такія словы ў морду, але яна некалі нарвецца і ёй морду наб’юць за знявагу беларускай мовы…» Пасля размовы я даведаўся, што мне тэлефанавала жонка кампазітара Кіма Цесакова…
Янка Сіпакоў
10.03.2011. А палове другой патэлефанавала паэтка Марыя Панкова і, плачучы, паведаміла, што памёр Янка Сіпакоў. Адразу ўзгадалася, як зусім нядаўна Іван Данілавіч клапаціўся пра хутчэйшае выданне ў нашым выдавецтве ягонай кнігі «Двое на вуліцы» ў серыі «Проза ХХ стагоддзя». Выхад яе запланаваны на ліпень. Ён, нібыта адчуваў, што яму засталося жыць нямнога,— недзе з месяц назад прынёс спіс твораў, які абавязкова трэба ўключыць ў кнігу выбранага. І прынёс ён не толькі спіс, але і ранейшыя кнігі і часопісы, з якіх трэба рабіць набор для новага выдання. І яшчэ ўзгадалася, як Іван Данілавіч радаваўся, калі ў ліпені мінулага года мы выдалі ягоныя «Вершы, балады, прытчы» ў серыі «Школьная бібліятэка» накладам 17 119 асобнікаў. І мне было прыемна чуць, што я, як складальнік кнігі, выбраў тыя творы, якія б сам Іван Данілавіч уключыў у выдадзеную кнігу…
Вясновае…
12.03.2011. Тэлефонныя коды… Тэлефонныя воды… Тэлефонная вада… Нешта ў гэтым ёсць вясновае…
Жыццё і смерць
12.03.2011. «Перажыў два інфаркты, а памёр ад прападной язвы па дарозе ў лечкамісію. Пахавалі ў Калодзішчах…» — з размовы з сябрам пра Янку Сіпакова…
На галоўнай вуліцы Мінска…
14.03.2011. На галоўнай вуліцы Мінска, дзе цяпер ГУМ, у 1938 годзе стаяла цырульня. Хуткімі крокамі ў яе зайшоў малады чалавек. Падышоўшы да століка з прыборамі для стрыжкі, ён схапіў брытву і паласнуў сабе па шыі. Рана была не смяротная, і хлопец пасля лякарні трапіў у дурдом. Так беларуская літаратура страціла яшчэ аднаго паэта, талент якога быў на ўзроўні Максіма Багдановіча. Як звалі гэтага паэта і што яго падштурхнула да самагубства можна будзе даведацца з новай дакументальнаэнцыклапедычнай кнігі Леаніда Маракова «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940 гг.», працу над якой ён заканчвае...
Броўка і 25 працэнтаў
15.03.2011. Пад канец працоўнага дня зайшоў у кабінет да Юрася Пацюпы і Эдварда Карбановіча, дзе ўжо гасцяваў Міхась Шавыркін. Гаворачы пра літаратуру, Міхась Мікалаевіч узгадаў сваю працу ў энцыклапедыі пры Петрусю Броўку: «На той час з Масквы была ўстаноўка, каб у энцыклапедыю мы давалі не меней сарака працэнтаў пра сваё, пра нацыянальнае. Можна было і пяцьдзясят, але Броўка патрабаваў ад нас дваццаць пяць працэнтаў і не болей…»
Атамныя лічбы…
15.03.2011. Прагучала па тэлебачанні, што цяпер у свеце існуюць 443 атамныя электрастанцыі. З іх 18 — у Японіі, з якіх 11 у час землятрусу атрымалі пашкоджанні...