Выбрать главу

Анатоль Комлеў

27.03.2011. З Анатолем Комлевым пазнаёміўся ў канцы 70­х гадоў, калі хадзіў на пасяджэнні літаб’яднання «Крыніцы», што працавала пры «Чырвонай змене». У 1985 годзе я паехаў у Маскву вучыцца і з Анатолем ужо ўбачыўся толькі некалькі гадоў таму ў электрычцы па дарозе на Лысую гару. Абмяняўшыся нумарамі тэлефонаў, мы зноў зніклі адзін для аднаго, каб сустрэцца на мінулым тыдні ў мяне на працы. Анатоль прынёс кіпу сваіх вершаў, з якіх амаль нішто не друкавалася. На кніжку ў «Мастацкай літаратуры» ён не прэтэндуе, а проста хоча, каб я пачытаў, выказаў сваю думку пра напісанае і дапамог знайсці выдавецтва, дзе можна выдацца за свае грошы. Ад Анатоля даведаўся, што, пераязджаючы са старой кватэры ў новую, ягоныя папкі з вершамі, якія былі напісаны на працягу дваццаці гадоў, выпадкова трапілі ў сметніцу. Са сметніцы бамжы здалі вершы ў прыёмны пункт мукулатуры, куды Анатоль спазніўся на некалькі гадзін, каб адшукаць і выкупіць свае паперы. Доўгі час Анатоль шкадаваў пра страчанае, але з часам супакоіўся, бо напісаліся новыя творы. І я, пачытаўшы іх, магу сказаць, што нядрэнныя…

Супакоілі…

28.03.2011. Некалькі дзён назад праз СМІ ўсяму свету стала вядома, што на адным з блокаў атамнай электрастанцыі на Фукусіме радыяцыя перавышае ў 10 мільёнаў разоў дапушчальную норму. Сёння японцы паведамілі, што з­за сапсаванага дазіметра была агучана няправільная лічба і радыяцыя перавышае норму ўсяго ў 100 тысяч разоў…

Дзеці і настаўнікі…

29.03.2011. Калі я вучыўся ў сёмым класе, у час вясновых вакацый настаўнікі Пугачоўскай школы арганізавалі экскурсію на радзіму Якуба Коласа. Мяне мама не пусціла, сказаўшы: «Няма чаго ў час паводкі цягацца за свет!» Сёння даведаўся, што тады грузавая машына крытая брызентам, вяртаючыся дамоў па лясной дарозе каля Нёмана, перакулілася з кучай школьнікаў у неглыбокую азярыну. На шчасце, усё абышлося вялікім пярэпалахам і вымачаным да апошняй ніткі адзеннем. Сохнучы каля вогнішча, настаўнікі загадалі дзецям, каб тыя, вярнуўшыся дамоў, маўчалі пра непрыемнае здарэнне. І ўсе маўчалі…

Было і гэта…

29.03.2011. На пачатку 90­х гадоў мінулага стагоддзя аднаго паэта адправілі ад Саюза пісьменнікаў у Маскву на святкаванне юбілею Яўгена Яўтушэнкі. Дэлегат, вярнуўшыся дамоў у добрым настроі, пахваліўся аднаму супрацоўніку Дома літаратара: «Цяпер наша галоўная задача — усё расшалатаць і разваліць!»

* * *

29.03.2011. Нядаўна святкаваў свой чарговы дзень народзінаў. Было шмат віншаванняў, але найбольш запомнілася мамай прашаптанае па тэлефоне адзінае слова: «Віншую…»

КРАСАВІК

Патрэбная кніга

1.04.2011. Людміла сёння была ў БДУ і вечарам дамоў прынесла падораную выкладчыцай Ірынай Казаковай кнігу «История и теория мировой культуры». Сама кніга мяне не здзівіла. Я, не чытаючы, ведаю, што гэтае выданне спатрэбіцца і Людміле, і мне, і нашым дзецям. Прыемна ўразіла паэтычная назва выдавецтва — «Зорны верасок»…

Асвета і Клышка

1.04.2011. Сёння быў на ўрачыстасцях, прысвечаных 60­годдзю выдавецтва «Народная асвета». Было шмат узнагарод, кветак, віншаванняў. Але найбольш прыемна было паслухаць Анатоля Клышку, «Буквар» якога выходзіць ужо 43 гады…

«Мы з Санькам у тыле ворага»

1.04.2011. У наша міністэрства звярнуўся вялікі начальнік, каб для яго сына­школьніка знайшлі цікавую кніжку пра вайну на беларускай мове. Міністэрства тут жа азадачыла наша выдавецтва, і я адразу ўзгадаў сваю любімую кнігу Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», якая некалькі гадоў таму ў нас перавыдавалася. Праўда, кніга даўно ўжо раскуплена, і мне давялося аддаць свой асобнік. Спадзяюся, што твор спадабаецца хлопцу…

Трымаецца…

2.04.2011. З чацвярга мама ў Ракаўскай бальніцы на прафілактыцы. Сёння ў яе будзе мой малодшы брат Вова, а я ў аўторак паеду адведаць. 19 красавіка маме споўніцца 81 год. Трымаецца…

Шпакі

2.04.2011. Сёння і ў нашым двары з’явіліся шпакі. Я іх напаткаў, ідучы ў майстэрню да Алеся Квяткоўскага. Гледзячы на птушак, адразу ўзгадаў вёску, дзе заўсёды для мяне быў святам іхні прылёт. Цяпер жа, не спыняючыся, я пайшоў далей, сумна думаючы пра бацьку, які адзін у вёсцы, і пра маці, якая ў бальніцы…

Лаўка

2.04.2011. Каля пад’езда ўжо некалькі гадзін пра нешта сваё цікавае гамоняць старыя жанчыны. Тры сядзяць на лаўцы, а чацвёртая стаіць. Час ад часу адна старая ўстае, каб даць пасядзець той, якая ўжо настаялася. І думаецца мне, што і мая мама магла б вось гэтак сядзець на лаўцы і гаманіць, але ў кожнага сваё жыццё і свая доля. Ды лаўка каля па’езда, калі яе ніхто з мужыкоў не паламае, ніколі не будзе пуставаць…