Песня і абяцанне
2.04.2011. Недзе перад Новым годам напісаў песню. І толькі ўчора за яе атрымаў ганарар. Дваццаць працэнтаў аддаў дачцэ і сыну, бо абяцаў столькі даць ім за дапамогу. Дзеці спакойна ўзялі грошы, і я зразумеў, што яны не забыліся пра маё даўняе абяцанне…
* * *
2.04.2011. Працуеш, каб жыць. Але жывеш з думкай, каб не працаваць…
Фільмы і жыццё
2.04.2011. Паглядзеў з Людмілай запар дзве ўдалыя экранізацыі — «Татарская пустка» па Дзіна Буцаці (1976) і «Нарвежскі лес» па Харука Муракамі (сучасны, рэж. Чан Ан Хунг). Цяпер у галаве шмат думак і сярод іх ёсць самая галоўная — у гэтым свеце варта жыць нават толькі для таго, каб паглядзець гэтыя фільмы, а потым задумацца…
* * *
2.04.2011. Пасля ўчарашняга дажджу паветра загусцела і запахла бярозавым сокам…
У час паводкі
2.04.2011. Наўзбоч сцяжыны праз Мухлю пачарнелы снег і ручаіны праз сцяжыну нагадалі мне, як гадоў трыццаць назад у час паводкі я дабіраўся ў свае Пугачы. Аўтобус тады дайшоў да Бузуноў і вярнуўся назад у Мінск, а я і яшчэ некалькі чалавек пайшлі далей. Да Пугачоў было кіламетраў пятнаццаць. Абапал насыпной дарогі цякла вада, на дарозе стаяла балота, а месцамі і дарогі не было. Ішоў доўга. Амаль цэлую вечнасць. Успамінаў пражытае за свае дваццаць, чытаў сам сабе свае вершы, лічыў крокі і шкадаваў, што не паехаў, як некаторыя, назад у Мінск. Ды, чым бліжэй было да Пугачоў, тым было весялей на душы. Ніхто мяне дома ў час паводкі не чакаў. Напачатку бацькі абрадаваліся, а потым задумаліся, як жа цяпер мяне ў горад пераправіць. А я нікуды не спяшаўся, бо нідзе не працаваў (ніхто не ведаў пра гэта), і таму ў вёсцы прабыў да таго дня, пакуль не прыйшоў аўтобус з Мінску. Дома з бацькамі было хораша…
Песні
3.04.2011. Патэлефанавала кампазітар Валянціна Сярых і прапанавала напісаць песню на яе старую музыку, што яшчэ пры Савецкім Саюзе гучала. Я сказаў, што падумаю, а Валянціна, каб падбадзёрыць мяне, паведаміла: «Мы ўсе ведаем песню Уладзіміра Будніка пра Янку Купалу. А ў свой час на гэтую ж музыку гучала расейскамоўная песня, якая пачыналася: “Родина наша. Родина наша…”»
* * *
3.04.2011. Праходзіў каля Кальварыйскіх могілак. У думках павітаўся з усімі пісьменнікамі, якія там спачываюць…
Не помніцца…
3.04.2011. Сёння сніў нешта цікавае. Адразу не запісаў, а цяпер нічога ўспомніць не магу. Амаль гэтак жа не помніцца і тое, што было на пазамінулым тыдні…
Сумна…
3.04.2011. На вуліцы змяркаецца. Паглядзеў на заходзячае сонца і раптам стала сумна. Здавалася б, радуйся, што вясна прыйшла. Ды не. Сумна. А сумна, што яшчэ адна зіма мінула…
Да мамы…
4.04.2011. Заўтра зранку еду да мамы ў Ракаўскую бальніцу. Сабраў сумку сёння, а хвалююся ўжо некалькі дзён...
Ракаўская вада…
5.04.2011. Ракаў мяне сустрэў дробным дажджом. Па дарозе да бальніцы, дзе падлечваецца мама, спыніўся на мастку праз рачулку. Паглядзеў, як віруе, і паслухаў, як шуміць ракаўская вада. Без сонца сумнавата, нібыта восенню…
Мама і вокны
5.04.2011. Чым бліжэй падыходзіў да Ракаўскай бальніцы, тым пільней углядаўся ў яе вокны, спадзеючыся ўгледзець маму. Каля акон нікога не было. І ад гэтага на душы стала крыху трывожна, хоць я і ведаў, што мама не ведае, калі я прыеду. А пачуццё трывогі ўзнікла ад незабыўнага — калі ў вёску прыходзіў аўтобус, мама заўсёды была на прыпынку або глядзела на вуліцу з акна хаты…
Лёгкі на ўспамін…
5.04.2011. Дзверы ў маміну палату былі адчынены. З яе чуліся галасы. Мама ў палаце была не адна — з Пугачоў адведаць прыехала яе малодшая сястра Аля з сынам Сярожам, ягонай жонкай Светай і іх малымі дзецьмі. «А мы тут толькі што пра цябе гаварылі!» — вітаючыся, сказала цётка, і ўсе замоўклі…
Вершы і пацыенты
5.04.2011. Каб даведацца, калі выпішуць з бальніцы маму, пайшоў да галоўнай дакторкі, якая з нашых Пугачоў, піша вершы пабеларуску і да ўсяго яшчэ яна Шніп. Маму выпішуць у пятніцу. На маё пытанне: «Як справы з вершамі?», Ірына ўсміхнулася і паказала на стол завалены тоўстымі карткамі сваіх пацыентаў…
Ракаўскія лебедзі
5.04.2011. Вяртаючыся з бальніцы на аўтобусны прыпынак, здалёк убачыў на ракаўскай азярыне двух белых лебедзяў. Пакуль я прыйшоў да вады, лебедзі падплылі да берага. Нічога ядомага ў мяне не было, і я, пастаяўшы каля птушак нейкую хвіліну і пагаварыўшы з імі, паспяшаўся сваёй дарогай далей…